Каб назваць мноства ў гэтым выпадку хапіла дзьвюх зь яго адзінак, дзьвюх
першых, паводле парадку, грэцкіх літар – “альфы” і “бэты”.
Некалі ў фінікійцаў, ад якіх пабагаціліся грэкі, альфа выглядала
галавою быка, а бэта – домам. Таму, ясна, зусім нездарма скопішча
літар назвалі альфабэтам. Там яны ўсе ад пачатку да канца ды яшчэ
пры парадку. Зрэшты, парадак тут умоўны і яго, як пацьвердзяць беларускія
настаўніцы, далёка ня кожны ў нас ведае. Як ня кожны ведае і пра тры нашыя
альфабэты – кірыліцу, лацінку ды арабіцу.
Самі беларусы парупіліся найбольш пра кірыліцу. За часы расейскага цара
Пятра І новы шрыфт для Расеі стварыў амсьціславец Гальляш Капіевіч. Нават
называлі раней тыя літары беларускаю азбукай, а ў ХХ стагодзьдзі мовазнаўца
Янка Станкевіч назваў “капіеўкаю”. І карыстаюцца гэтай “капіеўкаю” расейцы
і баўгары, украінцы і сэрбы ды ўсе іншыя народы, якім за альфабэт, ці,
іначай кажучы, азбуку –кірылічныя літары.
Грымоты гэтага стагодзьдзя скаланалі і беларускі альфабэт: давалі
прастор і накідалі рамкі. Ня сталася ўсіхнаю літара “г” на ганак, гузік,
гарсэт. Пільнуючы пралетарскую еднасьць апекуны адпрэчылі на ўзьлеце “j”
(ёт), пакасавалі ў пабрацімцаў-сэрбаў пазычаныя літары для “дз” і “дж”,
нават “ў” нашае нескладовае згарнулі ў правох – зьвялі да аднае малое формы.
Пераймаючы ад іншых, наказалі забыцца на альфабэт і ўзяліся вучыць
алфавіту. Прыцьмелая “алфа” – зусім небесканкурэнцыйная “альфа”.
А ў позьнім “віце” – ужо пачужэлы у замкнёным савецкім жыцьці родны дом.
Адзін Янка Станкевіч, які ўсюдых жыў у беларускім часе, ня траціў надзеі
на наш ідэальны альфабэт. Зважаючы на пераходы гукаў, ён кіраваўся
беларускай мэтазгоднасьцю. О, А, Э – так пачынаецца станкевічава абэцэда,
прэцэдэнт, які дазволіў спадзявацца, што ў наступным стагодзьдзі мы-такі
патрапім уладзіць наш альфабэт па-беларуску.
Юрась Бушлякоў
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1