Акцябронак - гэта адгалосак кастрычніцкага перавароту 1917 году.
Сам пераварот дазвалялася перакладаць як "кастрычніцкая", з эпітэтам "вялікая"
рэвалюцыя. А ўсе вытворныя словы бязглузда калькаваліся. Адсуль - і акцябронак.
Шануючы мову, хоць бы "акцябраня" ўжывалася. Праўда, "кастрачыня" нечым
з "кастратам" перагукваецца. Але бальшавікам закон быў ня пісаны. І, да
прыкладу, прыгожае мястэчка Рудабелка стала Акцяб-б-р-р-р.
Хто такія акцябраты? Гэта вучні малодшых клясаў, якія рыхтаваліся
стаць чырвонагальстучнымі, а пкуль насілі пяцікутную зорку з хэрувімнай
выяваю Леніна ў маленстве.
Акцябратаў называлі ўнучанятамі Леніна, хоць сам правадыр сусьветных
пралетароў ніколі дзяцей ня меў - ня даў Бог. Ды ў савецкай ідэялёгіі ўсё
было абленіна, абільлічана.
Дзіцячы часопіс сёняшняя "Бярозка" называўся "Іскры Ільліча". Гэтак
гарэў Ільліч, што толькі іскры сыпаліся.
Зноў жа, форма Ільліч - не беларуская, і на слых чуецца - "і лыч",
"і лыча". Але партыйнае, хай сабе і беларускае вуха, не магло і ў
жахотным сьне пачуць такое. Ды і воку страшна было глядзець, калі слова
Ільліч набіралася вялікімі літарамі, і над ім слова не стаяла.
Акцябратаў выхоўвалі ў прасавецкім духу, абагаўляючы Леніна.
Неяк мая маленькая дачушка ілона прыйшла са школы ( а ў школах у
акцябраты заганялі статкава), маці ёй падае есьці, яна - "Ня буду!
Ленін нічога ня еў! Ён дзецям усё аддаваў! Так нам настаўніца казала".
У Беларусі, як у запаведнай савецкай зоне, ёсьць свая піянэрская арганізацыя.
Відаць, народзяцца і акцябраты.
Рыгор Барадулін
Самае папулярнае
1