Неяк раней я абяцаў расказаць пра мясцовую Стэнфардзкую традыцыю танчыць
на магілах. Але перашкодзілі танцы дэмакратыі ў Флорыдзе, якія натуральна
прыцягнулі ўсю ўвагу і парушылі эпісталярную храналёгію. Аднак лісты пра
стэнфардзкія парадкі хаця і саступілі электаральным баталіям за Белы Дом,
аднак у кожнай паразе хаваецца рэванш – сёньня я раскажу пра інаўгурацыю
прэзыдэнта. Калі нехта лічыць, што яна адбудзецца толькі 20 студзеня 2001
году, – крыху пачакайце.
У 1918 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты Янка Станкевіч надрукаваў
“Новы лемантар для беларускіх дзетак”, які цяпер захоўваецца ў Гувэраўскай
бібліятэцы. “Новы лемантар” зьмяшчае загадку:
“Бела-белава перад Богам стаяла: “Божэ мой мілы, Божэ адзіны, кроў маю
п’юць, мяса ядуць, косьці на агні паляць, а самі б’юцца”.
Беларускія дзеткі, выхаваныя на падобных тэкстах, хіба цалкам спакойна
ўспрынялі б відовішча, што адбываецца штогод ля маўзалею, дзе пахаваная
сям’я Стэнфардаў, якія заснавалі ўнівэрсытэт. У масках і касьцюмах вампіраў,
хлопцы пераапранутыя ў дзяўчатаў і наадварот танчаць пад гром барабанаў,
сьпевы трамбонаў і гухканьне фаготаў. Як заявіў адзін са студэнтаў, больш
чым тут, павясяліцца на могілках наўрад ці ўдасца.
Адгадка на беларускую дзіцячую загадку – ў канцы ліста, маеце некалькі
хвілінаў, каб адгадаць тое, што дзеці лёгка адгадвалі яшчэ на пачатку стагодзьдзя.
Амэрыканская дыскатэка на магілах называецца Гэлоўін – гэтая кельцкая
традыцыя, паводле паходжаньня, падобная да беларускіх Дзядоў, сьвяткуецца
як чорны карнавал, у касьцюмах, з музыкай, і зборам пачастункаў, як на
Каляды.
Увогуле, у Стэнфардзе практыкуюцца самыя розныя культурныя і рэлігійныя
традыцыі. Будысты зьбіраюцца для мэдытацыі ў актавай залі, пасьлядоўнікі
забароненай у Кітаі сэкты Фалун Гонг штонядзелі атрымліваюцць касьмічную
энэргію на цэнтральным пляцы, індзейцы адпраўляюць свае племянныя рытуалы
ля старажытнага камяня з новай бронзавай дошкай, і ўсе разам адведваюць
унівэрсытэцкую царкву, дзе сьвятары розных канфэсіяў правяць службы, а
пад час дыскусіяў прафэсары тлумачаць студэнтам, чаму яны ня вераць у Бога.
Я пайшоў у царкву на ўрачыстую службу з нагоды традыцыйнага збору выпускнікоў
Стэнфарда – сёлета былі запрошаныя выпускі 1940-га, 45-га, 50-га і 55-га
гадоў. Прыехала больш за 6 тысячаў чалавек. Чатырохразовая розьніца ва
ўзросьце паміж выпускнікамі і студэнтамі адчувалася хіба толькі пад час
танцаў з унівэрсытэцкім вулічным аркестрам – па-мойму, старэйшае пакаленьне
давала больш імпэту.
Пад час службы мне падалося, што ў высокія, ля самай столі, вузкія царкоўныя
вокны нехта заглядае. Перахапіўшы мой позірк, мой сусед, выпуску 1955 году,
задаволена падміргнуў.
Аказалася, сьценкалазаньне – альпіністыка на будынках – даўняя Стэнфардзкая
традыцыя, зь якой спачатку змагаліся татальнымі забаронамі, потым правіламі,
якія дазвалялі падымацца на вышыню ня большую за падвойны рост сьценкалазаў,
пасьля начальства плюнула і пабудавала на стадыёне спэцыяльную сьценку
для тых, каму сьвярбіць залезьці на што-небудзь вертыкальнае. Трэніроўкі,
відавочна, пайшлі на карысьць – кажуць, аднойчы пабачылі сьляды на Гувэраўскай
вежы на вышыні 30 мэтраў.
Калі сёлета ў Стэнфардзе шукалі новага прэзыдэнта, дык у якасьці крытэрыя
была прапанаваная якраз здольнасьць пераскочыць праз Гувэраўскую вежу.
Прынамсі, я сам чуў, як пра гэта гаварыў былы прэзыдэнт унівэрсытэту. Стэнфард
увогуле нагадвае дзяржаву: сувэрэнная тэрыторыя, свой сьцяг і гімн, свая
паліцыя. Кіраўніка дзяржавы прызначае Давераная рада – 35 асобаў, які наглядаюць
за выкананьнем запаветаў заснавальніка ўнівэрсытэту Лілянда Стэнфарда.
У раду выбіраюцца слынныя навукоўцы, мясцовыя актывісты, прэзыдэнты транснацыянальных
карпарацыяў. Радныя доўга шукала чалавека, здольнага пераадольваць самыя
недаступныя вышыні. У выніку выбар спыніўся на чалавеку, які вядомы тым,
што ня здолеў пераадолець самы звычайны камень, якіх ў Стэнфардзе поўна
валяецца пад нагамі. Кандыдат насіў прозьвішча вядомага гатунку каньяку
– але гэтая загадка калі і пасуе для “Лемантару”, дык хіба новага стагодзьдзя.
Дзясятым прэзыдэнтам за 110-гадовую гісторыю Стэнфарду сёлета стаў прафэсар
Джон Генэсі. Генэсі – кампутарны архітэктар, ягоныя распрацоўкі кардынальна
зьмянілі апэрацыйную хуткасьць сыгналу.
У канцы кастрычніка адбывалася інагурацыя новага прэзыдэнта. Былі адмененыя
заняткі, ў амфітэатры пад адкрытым небам сабралося 9 тысячаў студэнтаў
і выпускнікоў, ля сцэны ў акадэмічных тогах сядзелі тры папярэднія прэзыдэнты
і ганаровыя госьці. У паветры луналі чырвона-белыя балёны – афіцыйныя колеры
“Фермы”, мясцовы хор сьпяваў спэцыяльна напісаную дзеля такога выпадку
кантату “Кліч Захаду”.
Патрабаваньне пераскочыць праз Гувэраўскую вежу не спалохала новага
прэзыдэнта. Генэсі, выглядае, атрымаў аўтаматычны залік у навуцы перадоленьньня
бар’ераў любой вышыні. Пад час свайго выступу ён паставіў небывалую задачу
– сабраць на працягу наступных пяці гадоў адзін мільярд даляраў на патрэбы
Стэнфарду. Зь іх трыста мільёнаў – на дасьледчыя і адукацыйныя праекты
выпускнікоў, наступныя трыста мільёнаў – на стыпендыі. Стэнфард – адзін
зь нямногіх прыватных унівэрсытэтаў у Амэрыцы, дзе пры прыёме не зьвяртаюць
увагі на плацёжаздольнасьць – 72% студэнтаў атрымліваюць тут стыпендыі.
І яшчэ 400 мільёнаў пойдзе на пашырэньне навучальных праграмаў. Грошы ахвяруюць
дабрачынныя фонды, буйныя карпарацыі, былыя студэнты. Толькі выпускнікі
чатырох гадоў, якія прыехалі ў Стэнфард на пару дзён у канцы кастрычніка,
ужо ахвяравалі і першыя 64 мільёны даляраў у будучы мільярд.
Лягчэй, верагодна, сказаць, што ня робіць прэзыдэнт амэрыканскага унівэрсытэту,
чым пералічыць ягоныя абавязкі. Мясцовая газэта зрабіла храналягічны рэпартаж
аднаго дня новага прэзыдэнта.
5:15 (раніцы) – Кава з малаком, банан, кніжка “Акадэмічны абавязак”,
аўтар якой, Дональд Кэнэдзі, даводзіць, чаму грамадзтва мусіць быць лепш
паінфармаванае пра ўнівэрсытэцкае жыцьцё, чым цяпер. Затым – кампутар,
абмен пасланьнямі з калегамі – такімі самымі раньнімі пташкамі, пасьля
Генэсі будзіць жонку і двух сыноў-падлеткаў.
7:45 – Генэсі ў кабінэце, дзе на сьценах фотаздымкі Вэнэцыі, батанічная
мапа расьлінаў на тэрыторыі Стэнфарду, асобна стаіць афіцыйная пячатка
ўнівэрсытэту і алтар ХХІ стагоддзя – кампутар Power Mac G4 Cube з плоскім
экранам. Звоніць краўнік кампаніі Apple Стыў Джобз і кажа, што бачыў у
Інтэрнэце, як Генэсі працуе на іх Макінтошы. “Спадзяюся, Стыў, наступны
я атрымаю бясплатна”, – кажа Гэнэсі.
8:00 – Нарада з кіраўніцтвам ўнівэрсытэту – пытаньні ад генэральнага
пляну разьвіцьця на 10 гадоў, які павінна зацьвердзіць рада графства Сан
Матэа, да судовых позваў, якія падаў сам ўнівэрсытэт альбо падалі супраць
яго.
9:00 – Гутарка з кандыдатам на пасаду дэкана мэдычнага факультэту –
Генэсі прапануе адправіць малых дзяцей кандыдыта, які прыехаў на агледзіны
зь сям’ёй, да сябе дахаты, пакуль той будзе знаёміцца з факультэтам; просіць
памочніцу знайсьці яму пару кніжак пра мэдычную адукацыю, каб прачытаць
увечары.
9:30 – Кава з выканаўчым дырэктарам і віцэ-прэзыдэнтам кампаніі General
Motors: што трэба зрабіць, каб умацаваць сувязі паміж унівэрсытэтам і карпарацыяй,
пытаецца Гэнэсі. Аказваецца, госьці ўжо раніцай сустракаліся са студэнтамі
механіка-інжынэрнага факультэту і не хаваюць захапленьня – “Уф, з такімі
людзьмі мы хацелі б мець сувязі!..”
Далей Генэсі адмаўляе ў інтэрвію рэпарцёру з New York Times, але пагаджаецца
сустрэцца з журналістам з папулярнага часопісу рок-культуры Rolling Stones
(“Гэта адзінае, што можа зрабіць уражаньне на маіх сыноў”, тлумачць бацька.)
У 1992 годзе Генэсі ўзяў акадэмічны адпачынак на факультэце, дзе выкладаў,
заснаваў кампанію, якая прапанавала на рынак яго і калегаў распрацоўкі
ў кампутарнай архітэктуры, і праз год вярнуўся ва ўнівэрсытэт, прадаўшы
кампанію за 315 мільёнаў даляраў.
На інаўгурацыі прэзыдэнта чыталі верш стэнфардзкай прафэсаркі Дэнізы
Ліверт:
“Дзень зьзяе ў холадзе
Як пераможны духавы аркестр,
Што маршам праходзіць
Па пыльнаму мястэчку
Цалкам насуперак
Панурай рацыі”. У сьпісе сарака фактараў, вызначальных для разьвіцьця кампутараў у ХХІ стагодзьдзі, аўтарытэтны амэрыканскі часопіс Electronics Engineering Times паставіў Джона Генэсі на другое месца. Апярэджвае новага прэзыдэнта Стэнфарду толькі каменьчык, што валяецца пад нагамі – мінэрал крэмній. Па ангельску – silicon, адсюль і назва самай эканамічна пасьпяховай тэрыторыі сучаснасьці – Сыліконавая даліна. І на заканчэньне яшчэ адна адгадка страшнай загадкі пра кроў і косьці зь лемантара для беларускіх дзетак: гэта бяроза. На багатай на крэмній глебе Каліфорніі бярозы растуць побач з пальмамі. Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
Як пераможны духавы аркестр,
Што маршам праходзіць
Па пыльнаму мястэчку
Цалкам насуперак
Панурай рацыі”. У сьпісе сарака фактараў, вызначальных для разьвіцьця кампутараў у ХХІ стагодзьдзі, аўтарытэтны амэрыканскі часопіс Electronics Engineering Times паставіў Джона Генэсі на другое месца. Апярэджвае новага прэзыдэнта Стэнфарду толькі каменьчык, што валяецца пад нагамі – мінэрал крэмній. Па ангельску – silicon, адсюль і назва самай эканамічна пасьпяховай тэрыторыі сучаснасьці – Сыліконавая даліна. І на заканчэньне яшчэ адна адгадка страшнай загадкі пра кроў і косьці зь лемантара для беларускіх дзетак: гэта бяроза. На багатай на крэмній глебе Каліфорніі бярозы растуць побач з пальмамі. Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард