Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень расплаты: Беларусь заплаціла МВФ


Лягатып Міжнароднага валютнага фонду. Канфэрэнцыя ў Токіё
Лягатып Міжнароднага валютнага фонду. Канфэрэнцыя ў Токіё

Сёньня міністэрства фінансаў Беларусі зрабіла першы ў гэтым годзе плацёж па доўгу перад Міжнародным валютным фондам (МВФ).

Як паведамляе са спасылкай на мінфін агенцтва Інтэрфакс, 14 студзеня Фонду выплачаныя 99.6 мільёнаў даляраў. Яшчэ 84.3 мільёна даляраў будуць выплачаныя 23 студзеня. На працягу бягучага году Беларусь павінна пагасіць доўг перад МВФ (з улікам адсоткаў) на 1.63 мільярда даляраў. Гэта самыя вялікія плацяжы па крэдыту stand by у памеры 3.5 мільярдаў даляраў, атрыманага ў пэрыяд са студзеня 2009 года па красавік 2010 году.

Агулам Беларусь павінна выплаціць сёлета зьнешніх пазыкаў і адсоткаў па ім у памеры прыкладна 3 мільярдаў даляраў, самы буйны крэдытор — МВФ, іншыя найбуйнешныя атрымальнікі беларускіх выплат па зьнешніх даўгах — Кітай (367 мільёнаў даляраў) і Расея — 319 мільёнаў даляраў.

26 лістапада летась Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію Reuters заявіў, што Беларусь не плянуе ў 2013 годзе браць новыя пазыкі:«Маючы ВУП пад 60 мільярдаў даляраў і бюджэт з усіх крыніц пад 20 мільярдаў даляраў, я думаю, вы разумееце, што 2,5 мільярды даляраў — гэта невялікая праблема», — сказаў тады Лукашэнка.

Аднак насамрэч Беларусь новыя пазыкі бярэ. У гэтым месяцы павінен прыйсьці чарговы транш у 440 мільёнаў даляраў крэдыту Антыкрізіснага фонду ЭўАзЭС. У верасьні летась міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец паведаміў, што краіна можа ў 2013 годзе разьмесьціць эўрабонды на 500–600 мільёнаў даляраў у Эўропе ці ў Азіі.

У сьнежні 2012 году Лукашэнка паведаміў, што папрасіў у Расеі крэдыт у 2 мільярды даляраў на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, паводле кіраўніка Беларусі яму ў Маскве не адмовілі.

А вось МВФ, на грошы якога Менск таксама спадзяваўся, каб выплаціць запазычанасьць самому Фонду, грошай ня даў, спаслаўшыся на адсутнасьць рэформаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG