Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвята Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць царкву


Павал Севярынец
Павал Севярынец

На праваслаўнае Нараджэньне Хрыстова палітвязьню Паўлу Севярынцу дазволілі памаліцца ў царкве.

Палітвязень Павал Севярынец — вернік праваслаўнай царквы. Нараджэньне Хрыстова для людзей веры — адно з найвялікшых сьвятаў, і палітвязьню дазволілі адзначыць яго па-хрысьціянску. Астатні расклад застаўся бязь зьменаў, паведаміў «Свабодзе» Павал Севярынец:

«Новы год і Нараджэньне Хрыстова сустракаў у камэндатуры. Але на Раство адпускалі ў царкву, меў магчымасьць быць на службе. Ну, а далей — 22.00, адбой і ніякіх, як кажуць, „паслабленьняў“ у гэтыя дні для „хімікаў“ ня робяць. Таму сьвята даволі сьціплае — „хімія“ ёсьць „хімія“. Але цягам дня запаліш сьвечку, памолісься і — сьвята. Сьвята ёсьць сьвята».

Сваякі палітвязьняў гэтымі днямі зь нецярплівасьцю чакаюць вестак з-за кратаў. Амаль усе апошнія лісты і тэлефанаваньні ад родных атрымалі яшчэ напярэдадні Новага году, што ў многіх выклікае хваляваньні. Таму пра сьвяты ў турме родным застаецца толькі здагадвацца, кажа Марына Адамовіч — жонка палітвязьня Міколы Статкевіча:

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
«Я ведаю, што да Новага году і да праваслаўных Калядаў Мікола рыхтаваўся. Казаў, што ў „загашніках“ у іх даўно ляжыць вафэльны торцік, які набылі ў турэмнай лаўцы. А ўжо як сьвяткавалі — невядома, бо лісты вельмі марудна ідуць пасьля сьвятаў. Да прыкладу, Натальля Пінчук мне паведаміла, што атрымала ад Міколы ліст дзесьці 3–4 студзеня, які быў датаваны 23 сьнежня».

Палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу ў першы дзень сьвята Божага Нараджэньня, 7 студзеня, споўнілася 50 гадоў. Актывісты грамадзянскай супольнасьці вырашылі адзначыць ягоны юбілей адмысловай вечарынай у рамках кампаніі «Маратон салідарнасьці» з палітвязьнямі, кажа адна з арганізатараў Ганна Шапуцька:

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
«Міколу Аўтуховічу ўчора споўнілася 50 гадоў. Можна сказаць, што гэта герой нашага часу, які, нават седзячы за кратамі, змагаецца з гэтым рэжымам, ягоным гвалтам і беззаконьнем. Мы ўсе вельмі перажываем за яго і вось такім чынам выказваем яму сваю салідарнасьць і падтрымку, падзяку за ягоную жыцьцёвую пазыцыю. І гэткім чынам хочам сказаць, што мы разам зь ім».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, у «Маратоне салідарнасьці» зь Мікалаем Аўтуховічам прымуць удзел ягоныя сябры і паплечнікі. Адбудзецца паказ дакумэнтальнага фільма Вольгі Мікалайчык, прысьвечанага палітвязьню. Усе ахвяраваньні, сабраныя падчас вечарыны, пойдуць на падтрымку сям’і Мікалая Аўтуховіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG