Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды вядомыя беларусы?


Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

Ці сьвяткуюць вядомыя беларусы праваслаўныя Каляды? Што будзе сёньня на іхнім сьвяточным стале?

Міхаіл Чыгір, экс-прэм’ер ураду, кажа, што Каляды ён заўжды адзначае зь сям’ёю:

«Жонка, я, унукі па магчымасьці. Нявестка, можа, пад’едзе, можа — сын».

Карэспандэнт: «А што будзе на стале?»

«Ай… Ну што будзе на стале? Як заўсёды. Мяне гэта ня вельмі цікавіць. Жонка мая гатуе смачна. Таму што паставіць, тое і будзе. Я, шчыра, трохі абыякавы да ежы. Што ёсьць, тое і смачна. Вып’ю трохі гарэлкі, жонка — віна».

Карэспандэнт: «А ваш любімы мёд?»

«Мёд заўсёды ёсьць у мяне на стале. Старэйшы ўнук раней кашу еў толькі зь мёдам. Цяпер трошкі адышоў ад гэтага. Але мёд ядуць — і ён, і ўсе астатнія. Гэта каб у мяне яшчэ і мёду не хапала!»

Сяргей Антончык
Сяргей Антончык
Для дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Антончыка праваслаўныя Каляды — сямейнае сьвята:

«Робім падарункі для сваіх дзяцей, бо на Каляды гэта ж абавязкова. Каляды для ўсіх нас — такі сьвяточны дзень, што мы заўжды робім старажытныя беларускія стравы, якія спажывалі нашы продкі. Маці калі жыла (яна памерла зусім нядаўна, на вялікі жаль), то пяклі булкі ў печы. Заўжды я асабіста гатую поліўку з баравікоў. Так будзе і сёлета. Таксама абавязкова згатуем калдуны. Яны вельмі смачныя. Многія ўжо пра калдуны забыліся, робяць дранікі. Але дранікі — гэта ня самае галоўнае для беларускага стала».

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік кажа, што яго сям’я адзначае ўсе сьвяты — і дзяржаўныя, і царкоўныя:

«У маім родзе мама была каталічка, а бацька — праваслаўны. Таму адзначалі ўсе сьвяты: і праваслаўныя, і каталіцкія. А цяпер атрымалася так, што падчас навагодніх сьвятаў мы не змаглі сабрацца ўсе разам. Таму вырашылі на гэтыя Каляды сабрацца і адсьвяткаваць — сям’я наша, сям’я сына і сям’я дачкі. Будзе ёлачка, а пад ёй падарункі. І для малодшых, і для старэйшых, у тым ліку і для мяне.

Якіхсьці царкоўных канонаў мы не прытрымліваемся. Але стол будзе сьвяточны. І на ім сярод іншага — бутэлька францускага каньяку. Яна вялікая, цэлы літар. І мне на некалькі месяцаў хопіць гэтага».

Валеры Фралоў
Валеры Фралоў
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня генэрал Валеры Фралоў:

«На жаль, у мяне Раство Хрыстова зьвязанае з гадавінай сьмерці жонкі. І я штогод ежджу ў Горадню. Там і адзначаю Каляды. Куцьця абавязкова будзе на стале. А таксама — рознае мяса, каўбасы, плоў. Там ведаюць, што мне падабаецца. Віна я ня п’ю наагул. А гарэлачкі вып’ю, грам 100 для апэтыту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG