Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандалы — 2012


Завяршаецца 2012 год, які ня быў асабліва багатым на палітычныя падзеі ў Беларусі, але запомніўся многімі канфліктамі і скандаламі. Агляд найбольш гучных здарэньняў, якія ў адыходзячым годзе выклікалі вялікі грамадзкі розгалас.

1. ДРАЗДЫ-2

Цягам 2012 году Беларусь была ў цэнтры некалькіх дыпляматычных скандалаў. Самы маштабны зь іх — выезд зь Беларусі ўсіх амбасадараў краін Эўразьвязу. Аналягічны выпадак у беларускай гісторыі быў толькі адзін раз — калі ў 1998 годзе ў замежных амбасадараў забіралі іх рэзыдэнцыі ва ўрадавым дачным пасёлку «Дразды», які пазьней стаў рэзыдэнцыяй Лукашэнкі.

28 лютага 2012 года пасьля чарговага рашэньня Рады Эўразьвязу аб санкцыях адносна Аляксандра Лукашэнкі, набліжаных да яго чыноўнікаў і бізнэсоўцаў МЗС Беларусі прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў.

Паслу Польшчы і прадстаўніку Эўразьвязу «прапанавалі выехаць»

Пасьля гэтага на тэрміновым паседжаньні ў Брусэлі прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу дамовіліся на знак салідарнасьці таксама адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў.

Фэрэнц Контра: Паслы вернуцца, калі выпусьцяць палітвязьняў

Разам зь іншымі 1 сакавіка зь Беларусі выехаў амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра, які распавёў «Свабодзе»:

Фэрэнц Контра
Фэрэнц Контра
«Паслы вернуцца, калі ўмовы будуць адпаведнымі. Я асабіста думаю, што такой умовай было б, каб выпусьцілі палітвязьняў і іх рэабілітавалі. Думаю, што тады Эўразьвязу не давялося б прымаць ніякіх далейшых санкцыяў, і тады паслы, беларускія і эўрапейскія, маглі б вярнуцца і працягваць сваю працу... Рашэньне тут у адных руках».

Амбасадары краін Эўразьвязу вярнуліся ў Менск 25–26 красавіка.

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі зьвязаў вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў з вызваленьнем зь беларускіх турмаў двух палітвязьняў — Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі.


2. СЬПІС НЕВЫЯЗНЫХ

У адказ на забарону Аляксандру Лукашэнку і сотням ягоных набліжаных наведваць ЗША і краіны Эўразьвязу беларускія ўлады сёлета ўвялі сваю забарону на выезд для лідараў апазыцыі, праваабаронцаў, незалежных журналістаў. Гэта было зроблена на загад Аляксандра Лукашэнкі, у парушэньне заканадаўства.

У сакавіку, гаворачы пра гэты сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзём».

Фармальныя нагоды, якія выдумляліся пры забароне на выезд, былі фальшывымі. Часам яны тлумачыліся як тэхнічныя збоі, суды марудзілі з разглядам скаргаў невыязных.

Адзін з тых, каму беспадстаўна забаранілі выезд краіны, праваабаронца Гары Паганяйла дамогся судовага працэсу.

Гары Паганяйла: «Сьпіс невыязных — злачынства з боку чыноўнікаў»


3. РАССТРЭЛ

Сур’ёзна азмрочыў адносіны Беларусі і Эўразьвязу пасьпешлівы расстрэл засуджаных за тэракт у менскім мэтро.

Кавалёва і Канавалава расстралялі

Уладзіслаў Кавалёў, Дзьмітры Канавалаў на судзе
Уладзіслаў Кавалёў, Дзьмітры Канавалаў на судзе


14 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, засуджаных за менскі тэракт 11 красавіка 2011 году.

17 сакавіка на хатні адрас Кавалёвых у Віцебску даслалі даведку пра расстрэл. Ліст з паштовай скрыні дастала маці, Любоў Кавалёва. Гаварыць яна не магла — толькі плакала. Пра зьмест ліста «Свабодзе» паведаміла сястра Ўлада Тацяна.


Родныя Кавалёва: Мы ня думалі, што будзе так
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:43 0:00
Наўпроставы лінк


Камітэт па правах чалавека ААН заявіў, што беларускія ўлады парушылі свае абавязаньні перад міжнароднай супольнасьцю, расстраляўшы Уладзіслава Кавалёва да разгляду ягонай пэтыцыі ў ААН.


4. ПЛЮШАВЫ ДЭСАНТ

4 ліпеня 2012 году, на наступны дзень пасьля пампэзнага параду ў сталіцы Беларусі, аднаматорны самалёт, пілятуемы грамадзянамі Швэцыі, скінуў на Івянец і Менск некалькі сотняў плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова. Самалёт вылецеў з тэрыторыі Літвы і бясьпечна вярнуўся назад.

Пілёт мядзьведжага дэсанту: Мы рыхтаваліся год

Жыхары Івянца бачылі гэты самалёт і бачылі мядзьведзікаў з плякатамі, а пасьля давалі паказаньні міліцыі.

Жыхары Івянца: Мы бачылі і самалёт, і мядзьведзяў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00
Наўпроставы лінк


Мінабароны Беларусі доўга не прызнавала факт незаконнага перасячэньня мяжы, называла выкладзенае пілётамі відэа фальшыўкай. Потым улады ўсё ж прызналі відавочнае, завялі крымінальную справу, арыштавалі па ёй фатографа Антона Сурапіна, які сфатаграфаваў мішак, і рыэлтара Сяргея Башарымава, які здаваў прадстаўнікам Studio Total кватэру, калі тыя наведвалі Менск. Абодвух утрымлівалі ў СІЗА КДБ, а пазьней былі вымушаны выпусьціць пад падпіску пра нявыезд.

Сурапін: Вінаватым і датычным да «швэдзкай справы» сябе не лічу

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна, якія такім чынам пацярпелі за швэдзкі плюшавы дэсант.

Пацярпеў за мішак і швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан, якога 1 жніўня фактычна выслалі зь Беларусі на загад Аляксандра Лукашэнкі, а швэдзкую амбасаду ў Менску і беларускую ў Стакгольме зачынілі. Гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі Швэцыі.

5. ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ

23 верасьня ў Беларусі прайшлі парлямэнцкія выбары, якія не прынесьлі нечаканых вынікаў, — пераможцамі былі абвешчаныя 109 праўладных дэпутатаў. Апазыцыя, частка якой у часе кампаніі агітавала за байкот, а іншая — за ўдзел, аднадушна назвала гэтыя выбары фальсыфікацыяй.

Перадвыбарчая кампанія была адметнай хіба што скандальнай заявай былой дэпутаткі Вольгі Абрамавай, якая распавяла «Свабодзе» пра мэханізм выбарчых фальсыфікацый у 2008 годзе:

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава
«У чэрвені мяне запрасіла ў адміністрацыю Натальля Пяткевіч. Размова пайшла адразу наступным чынам: «Вольга Міхайлаўна, што вы хочаце ў якасьці кампэнсацыі за тое, што вы больш ня будзеце дэпутатам?» У мяне сківіца адвісае, я кажу: «Як?». А потым прыходжу ў сябе і пытаюся: «А як вы гэта сабе ўяўляеце?»


Вольга Абрамава парушыла зарок маўчаньня

6. СПАЛЕНАЯ ВЁСКА

У сьнежні 2012 году пад Віцебскам, рыхтуючыся да прыезду Лукашэнкі, спалілі вёску Паўлавічы. Да жыхароў прыйшлі людзі, якія назваліся прадстаўнікамі Першамайскага райвыканкаму Віцебска, загадалі за два дні вывезьці маёмасьць і выехаць самім. А потым прыехалі бульдозэры. І пасьля вёскі пакінулі папялішча.

Вёска Паўлавічы дагарае
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:03 0:00
Наўпроставы лінк


Да прыезду Лукашэнкі пад Віцебскам спалілі вёску

Улады заявілі, што вёска была разбураная законна на падставе рашэньня 1992 году, і што ўсе жыхары за гэтыя дамы атрымалі кватэры ў Віцебску.


7. ПРЫГОННАЕ ПРАВА

Лукашэнка забараніў звальняцца з працы

30 лістапада падчас сваіх паездак па дрэаваапрацоўчых прадпрыемствах Беларусі Аляксандар Лукашэнка выступіў зь нечаканай ініцыятывай — забараніць рабочым звальняцца з працы да канца мадэрнізацыі гэтых заводаў.

Дэкрэт падрыхтавалі, і праз тыдзень Лукашэнка яго падпісаў, а да канца года абедзьве Палаты прадстаўнікоў зацьвердзілі дакумэнт, які на думку незалежных прафсаюзаў і праваабаронцаў вяртае Беларусь у часы прыгоннага права.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG