Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Шаляў» — да «Шалу»


12 сьнежня ў Менску ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры будуць прэзэнтавацца кнігі двух беларускіх пісьменьнікаў, якіх аб’ядноўвае толькі адно — выдавецтва «Галіяфы», у якім яны пабачылі сьвет.

Розьняцца ж гэтыя дзьве кнігі і стылем, і жанрам, і тэматыкай, і настроем, ня кажучы ўжо пра тое, што адна належыць пяру пачаткоўца, а другая — мэтра айчыннае прозы.

«Шалі» — дэбютная кніга менскага студэнта Зьмітра Баяровіча. Яе складаюць лірычна-побытавыя мініятуры, аўтар якіх вагаецца ад паэтычнай прозы да празаічнай паэзіі.

«Шал» — новая кніга прызнанага празаіка Юрыя Станкевіча. Пасьля кніг «Любіць ноч — права пацукоў», «Апладненьне ёлупа», «П’яўка» некаторыя крытыкі сталі называць пісьменьніка правым радыкалам. Іншыя ж — самым плястычным і непрадказальным беларускім літаратарам. Ягоная новая кніга, якую склалі тры аповесьці, восем апавяданьняў, кінасцэнар і эсэ, сюжэтна становіць адзін твор пра нацыянальныя трагедыі беларусаў апошняга стагодзьдзя. Твор напружана-дэтэктыўны, змрочна-фаталістычны, аголена-інтымна-балючы, такі, якіх у беларускай літаратуры яшчэ не было.

І «Шалі» Баяровіча, і «Шал» Станкевіча ўвайшлі ў агульны сьпіс прэтэндэнтаў на сёлетнюю прэмію імя Ежы Гедройца. Прэзэнтацыя іх у Музэі гісторыі беларускай літаратуры пачнецца а 18-й.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG