Царкву «Новае жыцьцё» павінны былі выдаліць з будынку 5 сьнежня. Чакалі зьяўленьня АМАПу, эмацыйнага супрацьстаяньня вернікаў Хрыстовых і прадстаўнікоў рэжыму. 28 лістапада «Новае жыцьцё» распачало кругласутачныя маленьні ў абарону будынка і вось, 4 сьнежня, акурат напярэдадні дэдлайну, які быў адпушчаны дзяржавай на вызваленьне памяшканьняў, улады здалі назад.
ЖРЭА адмовілася ад прэтэнзіяў, а судовая выканаўца, якая паведаміла вернікам пра добрую навіну, асабліва адзначыла той «розгалас», які ў Інтэрнэце атрымала справа пра прымусовае высяленьне царквы. А што вы хацелі, сябры?
Вернікі ўпэўненыя, што адбыўся Божы цуд і гэта сапраўды выглядае паўнавартасным Божым цудам. Але беларуская палітыка — тэрыторыя, дзе звычайна дзейнічаюць цуды іншага характару і, — я нават сказаў бы, — цуды зь іншага боку. Да таго ж, Божых цудаў апошнім часам вельмі шмат пачало адбывацца: акурат на мінулым тыдні мы разьбіралі іншы цуд, які палягаў у тым, што Мінкульт прыпыніў будаўніцтва сумнеўнага аб’екту, які таксама выклікаў вялікі «розгалас» у Інтэрнэце. Дык што адбываецца?
1.Вельмі хочацца пабачыць у гэтым цудзе першую ластаўку немінучай (і, рызыкую прадказаць — хуткабежнай) лібэралізацыі. Бо грошаў у дзяржавы няма, мізэрны транш стабкрэдыту ЭўразЭС сытуацыю са зьнешняй запазычанасьцю наступнага году не вырашыць. А таму трэба спыняць лютаваць і пачынаць залагоджваць. У першую чаргу — Эўропу. І першыя ластаўкі зьмяненьня характару стасункаў з ЭС мы ўжо бачым — вядуцца шматлікія перамовы з амбасадарамі, прадстаўнікамі выканаўчых структур ЭЗ. І высяленьне царквы з будынку — відавочнае парушэньне права на свабоду веравызнаньня — тут проста не да часу.
АЛЕ!
Шмат якія фактары не дазваляюць успрыняць гэты цуд як праяву тэндэнцыі. Бо, пакідаючы «Новае жыцьцё» ў будынку, дзяржава пазбавіла памяшканьняў «Арт-Сядзібу». Калі б улады ўзялі курс на прадухіленьне нэгатыўных інфарматыўных нагодаў, не стваралі б яшчэ адну паралельна ды на роўным месцы.
2. Куды болей верагоднай прычынай прыпыненьня «прасаваньня» «Новага жыцьця» можа быць адсутнасьць палітычнага плёну ў дадзены канкрэтны момант. Праблемы ў «Новага жыцьця» заўсёды ўзьнікалі напярэдадні буйных палітычных кампаніяў, улада па-свойму рыхтавалася да іх, «нэўтралізуючы» (на яе думку) пратэстантаў, выключаючы іх з усіх магчымых пратэстных сцэнароў (бо чалавек, у якога ў падвешаным стане будынак, не пойдзе на перамовы з апазыцыйнымі кандыдатамі — лёгіка прыкладна такая). У 2005 годзе, калі абшчыну пазбавілі зямлі, ўлада рыхтавалася да выбараў 2006-га года. У 2009 годзе, калі царкву пазбавілі права ўласнасьці, мэтай была падрыхтоўка да кампаніі 2010-га года. Апошні раз пра праблемы ў «Новага жыцьця» мэдыі згадвалі ў ліпні 2010 года, калі царква атрымала штраф за «забруджваньне навакольнага асяродзьдзя». Праз 6 месяцаў у Менску мелася быць чарговая «элегантная перамога» самі ведаеце каго. Зараз ніякіх буйных кампаніяў не прадугледжваецца. У 2013 годзе не будзе ні прэзыдэнцкіх, ні парлямэнцкіх выбараў — усё астатняе не прынцыпова. Дык навошта чапаць пратэстантаў? Можна адкласьці да 2014-га.
3.Кожны раз, калі праблемы ўзьнікаюць у пратэстантаў, гэта павінна цешыць іншыя хрысьціянскія канфэсіі, якія ў імклівым распаўсюдзе пратэстантызму — асабліва ў заходніх рэгіёнах Беларусі — бачаць яўную пагрозу для ўласных пэрспэктыў. Адпаведна, калі праблемы ў пратэстантаў раптоўна зьнікаюць, гэта можа вельмі не спадабацца іншым хрысьціянскім канфэсіям, у тым ліку — тым, цэнтры якіх знаходзяцца на Ўсходзе. Што там кажуць? Пуцін не сустрэўся з Лукашэнкам на саміце ў Душанбэ? Як цікава! Высновы рабіце самі.
4.Дэфіцыт палітычнай волі — тое, што мы бачым усё часьцей у Беларусі. Калі нехта прымае балючае і жорсткае рашэньне, але на этапе яго рэалізацыі нізавыя адказныя асобы (тыя, якім дастанецца болей за ўсё шышак) проста баяцца рэалізаваць тое рашэньне. Ну вось, трэба выкінуць вернікаў з будынка. Нейкім канкрэтным выканаўцам трэба явіцца, зачытаць пастанову і пачаць апэрацыю. А як гэта зрабіць, калі ўвесь горад ведае аб «Новым жыцьці»? Як тое рабіць пасьля прачытаньня, напрыклад, вось гэтага допісу, у якім падрабязна распавядаецца пра Боскую Кару, якая спасьцігла тых, хто руйнаваў цэрквы? Чынавенства раптоўна зрабілася глыбокімі містыкамі. Усе раптам пачалі верыць у забабоны. А гэта значыць, што ідэалёгія болей, прабачце, не працуе.
5.Іншы бок «немэтазгоднасьці» крананьня «Новага жыцьця» менавіта цяпер, у дадзены момант часу, палягае ў моцы беларускіх вернікаў. Менавіта сярод асобаў, моцна веруючых у Бога, бачым прыклады сапраўднай адданасьці, гатоўнасьці да ахвяры, барацьбы без аглядкі. Такіх было і ёсьць шмат. У мінулым згадваецца найперш Ларыса Геніюш, у сучаснасьці — Павал Севярынец. Разумееце, вернік — гэта чалавек, які на допыце можа кінуць таму, хто яго дапытвае: а што ты са мной зробіш? Ты не маеш улады нават воласа майго з галавы выраніць! Аб гэтых словах Геніюш апокрыфы па беларускім сьвеце ходзяць дагэтуль, што, дарэчы, азначае, што сапраўдны подзьвіг ніколі не забываецца людзьмі. Дык вось, у выпадку «Новага жыцьця» бачым супольнасьць людзей, якія за свае правы, за свайго Хрыста і за сваю веру могуць маліцца ўдзень і ўначы трое сутак запар. Уяўляеце, што будзе, калі гэтыя людзі апынуцца не ў будынку на ўскрайку горада, а на цэнтральнай плошчы Менска? І пры гэтым — з-за іх веры — зь імі ані чорта (трапны выраз у дадзеным выпадку!) не зробіш? Шмат хто з назіральнікаў кажа пра тое, што ўсе скандалы апошніх часоў, зьяўленьне справы пра міліцэйскае свавольства, «спаленая вёска» на Віцебшчыне і гэтак далей (прыкладаў — шмат) — значна падвышаюць эмацыйны градус у грамадзтве, робячы верагодным стыхійны выхад энэргіі на вуліцы. Які можа адбыцца раптоўна і непрадказальна. І вернікі, пакрыўджаныя за сьвятую справу, могуць стацца дэтанатарам. А таму лепей пакінуць іх у Хрысьце — рабіць свае добрыя справы ціхенька і нябачна.