Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новае жыцьцё» зьбіраецца на ўсяночную малітву


Будынак царквы Новае жыцьцё
Будынак царквы Новае жыцьцё

Пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» напярэдадні высяленьня наведаў намесьнік амбасадара Вялікабрытаніі Джым Казэнс.

На патрабаваньне Вышэйшага гаспадарчага суду царква «Новае жыцьцё» мусіць пакінуць свой будынак 5 сьнежня. На знак салідарнасьці і падтрымкі пастары цэркваў хрысьціян веры эвангельскай правялі супольную малітву.

У царкве «Новае жыцьцё» Джым Казэнс правёў больш за гадзіну. У гутарцы з пастарам Вячаславам Ганчарэнкам дыплямат паведаміў, што падзеі вакол царквы вядомыя і хвалююць прадстаўнікоў місіяў і ўрадаў многіх эўрапейскіх краін, а таксама выказаў падтрымку і спадзяваньне, што гвалту супраць царквы ня будзе. Падтрымку «Новаму жыцьцю» выказалі таксама кіраўнікі шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі, паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін:

«Сёньня Вячаслаў Ганчарэнка і я былі запрошаныя на пастырскую малітву, на якой маліліся пастыры хрысьціян веры эвангельскай Менску і Менскай вобласьці. Пасьля малітвы многія пастыры асабіста падыходзілі да Вячаслава Ганчарэнкі і абяцалі прыйсьці заўтра, каб падтрымаць нашу царкву. Для нас гэта вельмі вялікі знак, бо аб’яднаная царква хрысьціян веры эвангельскай налічвае больш за 500 афіцыйна зарэгістраваных цэркваў. А паводле колькасьці гэта каля 50 тысяч чалавек. Гэта вельмі моцнае аб’яднаньне, якое нас гэткім чынам падтрымала».

Як паведамляюць у царкве «Новае жыцьцё», Вячаслаў Ганчарэнка зьвярнуўся ў Менгарвыканкам з просьбай аб сустрэчы з кіраўніком гарадзкой вэртыкалі Мікалаем Ладуцькам, аднак адказу на свой зварот не атрымаў. Тады вернікі накіравалі калектыўны зварот у Савет Міністраў і адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай адмяніць пастанову Менгарвыканкаму ад 2005 году аб адабраньні зямельнага надзелу і прымусовым выкупе будынка. Менавіта гэтая пастанова і распачала шматгадовае супрацьстаяньне ўладаў зь вернікамі, якія ня маюць намеру прызнаваць законнымі іх дзеяньні і выконваць загады, кажа сябра царквы Іна Давыдовіч:
Ну як можна з гэтым беззаконьнем вось так проста зьмірыцца і сказаць: добра, вось вам нашы ключы, забірайце, а мы пойдзем дзесьці блукаць па горадзе?


«Увогуле гэтая сытуацыя несправядлівая адносна царквы „Новае жыцьцё“. Я штовечар прысутнічаю на нашых малітоўных сходах і ведаю, што людзі настроеныя добра — яны ўпэўненыя, што Бог не папусьціць, каб такое беззаконьне тварылася ў нашай краіне адносна хрысьціянскай царквы, якая робіць толькі добрае для нашага народу і нашай краіны. Цягам усіх гэтых гадоў супрацьстаяньня вернікаў царквы зь Менгарвыканкамам, каб хоць з боку ўладаў была якаясьці лёгіка і законнасьць. Але ж іх дзеяньні ад пачатку і да канца супрацьзаконныя. І гэта таксама абурае моцна і не адну мяне, а ўсіх вернікаў царквы. Ну як можна з гэтым беззаконьнем вось так проста зьмірыцца і сказаць: добра, вось вам нашы ключы, забірайце, а мы пойдзем дзесьці блукаць па горадзе? Ну так яны, пэўна, уяўляюць, што мы зробім. Але ж гэта абсурд. Натуральна, што ніхто так ня зробіць».

Плянаванае высяленьне царквы «Новае жыцьцё» мае адбыцца ўсьлед за канфіскацыяй уладамі памяшканьня праваабарончага цэнтру «Вясна», і ў гэтым праваабаронцы бачаць агульную тэндэнцыю.

Юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч: «Безумоўна, можна прасачыць агульную тэндэнцыю, хоць гэта розныя паводле падставаў сытуацыі. Тэндэнцыя менавіта ў агульным стаўленьні дзяржавы да свабодных асяродкаў ці то рэлігійных, ці грамадзкіх. На жаль, мне падаецца, што ў адрозьненьне ад 2006 году дзяржава можа пайсьці на канчатковае высяленьне і ліквідацыю царквы «Новае жыцьцё», бо сёньняшні рэжым накіраваны на татальнае зьнішчэньне ўсіх свабодных асяродкаў: рэлігійных, палітычных і грамадзкіх. Безумоўна, мы разглядаем гэта як рэпрэсіўны акт, парушэньне права на асацыяцыю і свабоду веравызнаньня. І, безумоўна, мы падтрымліваем усе тыя намаганьні, якія робяць грамадзкія актывісты і вернікі царквы «Новае жыцьцё».

Як паведамляюць у царкве «Новае жыцьцё», ад вечара вернікі зьбяруцца на ўсяночную малітву за ўратаваньне свайго будынка. Распараджэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду прымусовае высяленьне прызначанае на раніцу 5 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG