Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малое Мажэйкава стала Вялікім з-за аграгарадка


Ня так даўно з аўтобуснай мапы Лідчыны зьнік маршрут на Малое Мажэйкава, дзе жыве 700 чалавек ды месьціцца цэнтар буйнога, вядомага на ўсю краіну аграгарадка. Яго неяк хваліў, наведаўшыся сюды, Аляксандар Лукашэнка. Тут пасьпяхова працуюць два прадпрыемствы і амаль не засталося традыцыйных сялянскіх хат — збудаваныя сотні добраўпарадкаваных аградамкоў. Адначасова са зьнікненьнем Малога Мажэйкава на тым жа месцы і ў той жа час узьнік проста пасёлак Мажэйкава. Перайменавалі на зварот вяскоўцаў і асабіста кіраўніка гаспадаркі Казіміра Рахаткі. Доўгі час падсьвядома абмінаў паселішча, ведаючы, колькі паказухі, «кропкава» разьмеркаваных грошай ды тэхнікі ўкідваецца для прызначанай быць «узорнай» гаспадаркі. Аж пакуль пра Мажэйкава сам не загаварыў са мной даўні знаёмец, вядомы лідзкі краязнаўца ды гісторык Валеры Сьліўкін.

Сьліўкін: «Ёсьць на лідзкай зямлі мясцовасьці, якія яшчэ ў сярэднявеччы былі знаныя як тэрыторыі добрага гаспадараньня. Адна зь іх — Малое Мажэйкава. Вядомае з 16 стагодзьдзя, належала Брахоцкім. Апошні з гаспадароў быў інжынэр, гідратэхнік — там дагэтуль збудаваныя ім сажалка, млын і сьпіртзавод засталіся. І конефэрма была шыкоўная. Ды чварэк, ці дом для абслугі. Разьвіваецца і зараз — аграгарадок, фэрмы, і ўвесь час наперадзе. Цукерка — добра збудаваная, пафарбаваная ўся. І палац Брахоўскіх рэстаўраваны. Заслуга старшыні Рахаткі ў гэтым. Больш за тое — ён атрымаў на дадатак Тарнова і палац Маўруса, генэрал-лейтэнанта грэцкага паходжаньня. Аднавілі, цяпер 11 сем’яў жыве. Такога ня ўбачыш — у палацы жывуць простыя людзі! А Вялікае Мажэйкава так нічым і ня сталася. Паедзь — паглядзі. Там толькі шапку зьняць трэба перад ім…»

Амаль адначасова «тэму» выпадкова закранулі з маім спадарожнікам па гарадзенскіх вандроўках Міхасём Бурачэўскім — на пазамінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў ён быў там назіральнікам ад Партыі БНФ.

Бурачэўскі: «Першае, што мяне ўразіла ў Мажэйкаве — высокая арганізацыя выбараў. Бюлетэняў выдалі столькі, колькі па сьпісах выбарцаў. „Выязныя“ выдалі толькі тым, хто фізычна ня мог прыйсьці на ўчастак. І нават калі хто прасіў — дайце раней прагаласаваць, ім казалі: здаровы — ідзі ў нядзелю ў Мажэйкава. Пры падліку бюлетэняў камісія пра любы спрэчны пыталася ў назіральнікаў, хоць яе ніхто не прымушаў…»

Карэспандэнт: «І ты лічыш, што галоснасьць выбараў была забясьпечаная менавіта аўтарытэтам Рахаткі?»

Бурачэўскі: «Абавязкова! Ён і прайграў, бо позна заняўся агітацыяй — не давала гаспадарка, казаў, што „за мяне і так прагаласуюць“. У першым туры ўвечары яму патэлефанавалі, што выйграў, а раніцай — што памыліліся, прайграў. І паказальна, што на другі тур з мажэйкаўскіх ніхто не прыйшоў. Мы ўскосна падтрымлівалі Рахатку, бо наш кандыдат ня мог прайсьці зусім, а ведалі, што ён быў у 12 скліканьні, талковы гаспадарнік, якога любяць людзі. У БНФ тады было зь ім адзінае разыходжаньне — па катэджах. Лукашэнка прапанаваў іх ледзь ня зьнесьці, а фронт — абкласьці вялікімі падаткамі. Рахатка прагаласаваў супраць. Пасьля па вёсках размаўляў зь людзьмі: „А калі чалавек усё жыцьцё зьбіраў на гэты катэдж грошы, як зь яго браць гэты падатак?!“ Казімір у нечым меў рацыю…»

Карэспандэнт: «Рахатка больш ня рыпаўся ў другім туры, бо, відаць, лідзкая вэртыкаль, збаяўшыся яго перамогі, дамовілася зь ім, што стане сэнатарам?»

Бурачэўскі: «Яму кінулі гэтую костку, каб больш ня лез. А ён усе гэтыя кабінэты ведаў, і яго задавальняла для гаспадаркі сэнатарства…»

4 гады таму я быў у пасёлку Тарнова, што за 12 км, які таксама стаў цэнтрам аграгарадка і годам раней увайшоў у склад цяпер ужо мажэйкаўскай аграімпэрыі, што раскінулася на 44 км з канца ў канец. Тады настроі ў мясцовых былі яўна пэсымістычныя, і памянёны палац Маўрусаў быў яшчэ не заселены. Хата 63-гадовага Станіслава Мікянеца — менш за сотню мэтраў ад сядзібы.
Дзе я ў палацы курыцу пасаджу? А дзе сьвінчо?


Карэспандэнт: «А вы самі ўсяліліся б туды?»

Мікянец: «А навошта — дзе я курыцу пасаджу там? А дзе сьвінчо? Мо моладзь, што гаспадаркі ня мае. А так там няма дзе рыдлёўку паставіць…»

Карэспандэнт: «А як з аграгарадком — што зьмянілася?»

Мікянец: «Пішуць, што зьмянілася. А што? Былі бардзюры, тратуар. Усё разламалі, паклалі асфальт, нічога няма. Лазьню здалі, а яна так і ня робіць. Усе сродкі, што адпушчаныя для Тарнова, кажуць, „мільянэр“ Рахатка да сябе ў Мажэйкава перавёў, а тут філіял толькі…»

Дамовіўшыся, уваходжу, нарэшце, у досыць строгі кабінэт мажнога, ужо пэнсійнага веку, спадара Рахаткі. Праслухаўшы запіс з Тарнова, Казімір Уладзіслававіч тут жа кідаецца ў наступ:

Рахатка: «У 2005-м, калі было прыяднаньне, было вельмі складана — з Тарнова перадалі нам 500 чалавек і 20 адзінак тэхнікі. Калі я там галоўным інжынэрам быў у 85-м, было 105 трактароў — куды падзяваліся?! Але ніхто не хацеў разумець, як цяжка, калі гаспадарка „ляжачая“. Цяпер там ёсьць сад, гарод, фэрмы і цэх перапрацоўкі плянуем пабудаваць…»

Карэспандэнт: «Баяліся прыходу Рахаткі, бо будзе дысцыпліна…»

Рахатка: «Хтосьці пападаецца за парушэньне — мы кожны панядзелак разглядаем. Гэта не дзіцячы садок, калі штодзень мы мусілі б гаварыць — „ня пі“. Мо дзе ў паляводаў гарэлка „праскочыць“ — іх 70, асобная каста на палетках. А на фэрмах гэта выключана…»

Карэспандэнт: «Але гэта магчыма пры адной умове — людзі маюць рэальны заробак. Сярэдні па аграгарадку які лічыцца?»

Рахатка: «Тры мільёны рублёў. Камбайнэры на ўборцы некаторыя і па 16 млн зарабілі, трактарысты, што на „Джон Дзір“ — 6–7 мільёнаў у месяц, на лікёра-гарэлачным заробак каля 2 мільёнаў — сьпіртзавод рэканструяваўся, і замест 40 — 16 чалавек, усё кіруецца з кампутарам. Сьпірт выпускаем „люкс“ — 10 тон у суткі. І рэдкі факт — я на гэтай тэрыторыі нарадзіўся і прапрацаваў усё жыцьцё! Гаспадарка мае зараз 11 тысяч га сельгасплошчаў, 7 тысяч га пашы, пражывае больш за 3 тысячы чалавек, ёсьць дзьве сярэднія школы і два садкі, бальніца на 25 ложкаў і амбуляторыя з тэрапэўтам і лекарам-стаматолягам. Спэцыялізацыя — вытворчасьць малака. Ёсьць 120 га саду, сёлета закладаем 10 тысяч тон гародніны і пладоў на зімовае захоўваньне. Ёсьць лікёра-гарэлачны ды сьпіртзавод, фірмовая гарэлка „Мажэйкава“ — усё ёсьць…»




А зараз пра сёньняшнія настроі тых, хто жыве ў мэгааграгарадку. Ля цэнтральнай крамы Мажэйкава знаёмлюся з двума мужчынамі сярэдняга веку ў сьпяцоўках. Звышмільёнаў не атрымліваюць:

«Я на фэрме рабочым… Я ў дзіцячым садку вартаўніком больш за 20 год — больш за 2 мільёны, завуць Юра Зумарфельд, немец… Выхавальніцы — каля 4 мільёнаў, але дзяцей мала — на мяжы, што могуць закрыць. Было пад 40…»

Карэспандэнт: «Закрываюць паводле інструкцыі, калі менш за 23…»

Зумарфельд: «У нас менш за 20 — хочуць злучыць яго са школай. Андруха, колькі на фэрме зарабляеш?.. Два?.. Ён апаратчык мэханічнага даеньня — малавата, вядома. Два дні працуе, два дні ў хаце, але з паловы на пятую — да адзінаццатай вечара …»

На цэнтральнай плошчы пасёлка — амбуляторыя з сучасным фізіятэрапэўтычным абсталяваньнем. Урачы на выкліках, дзяжурыць участковая мэдсястра, спадарыня Алена Пілюйка.

Карэспандэнт: «А колькі ваша амбуляторыя абслугоўвае людзей?»

Пілюйка: «Усяго 1197, дзеці — 158. Аграгарадок зрабіў нам рамонт…»

Карэспандэнт: «Вось я глядзеў, да вас выклік паступіў — і як вы апэратыўна адрэагавалі…»

Пілюйка: «У нас свая „Ніва“ — радыюс абслугоўваньня 20 км, перадаём праз тэлефон, і менш як за 20 хвілін на месцы. Тры разы на тыдзень кіроўца возіць на гемадыяліз жанчын. Нават калі машыны няма, доктар дае рэкамэндацыі праз тэлефон — ён усіх хворых добра ведае, сам жа выклікае „хуткую“. У мяне 2 мільёны 200, ва ўрачоў за 3 мільёны — у іх і стаж большы…»

Знаходжу-ткі стары драўляны дом зь відавочна нядаўна ўмацаваным падмуркам ды гасьціннай гаспадыняй, 67-гадовай Сьвятланай Рудневай, якая дзеля мяне зганяе з крэсла пушыстага катка.

Руднева: «Сядайце, калі ласка — Вася, пасунься!»

Карэспандэнт: «У вас аграгарадок быў і саўгас — жыцьцё неяк зьмянілася?»

Руднева: «Пэўна, зьмянілася — лазьня збудаваная, людзі зь іншых вёсак прыяжджаюць, вуліцы чыстыя сталі. Самі тратуары падмятаем, рабочыя выкошваюць усё — о-о! Газ правяла, вада — калёнка недалёка, заказваем — прывозяць і брыкет, і дровы. Пэнсія 1,7 млн — працавала бухгальтарам-эканамістам. На гэта даступна купіць лекі, прапітаньне…»

Ля калёнкі, у бакавым завулку, ля дзяржаўнай двухпавярховай «хрушчоўкі» чую зусім іншыя меркаваньні — ад пажылой кабеты зь дзяўчынкай.

Карэспандэнт: «А вы дзе працуеце?»

Спадарыня: «У школе вартаўніком, сярэдне — мільён 100 з капейкамі. Выжываць на гэта немагчыма — прысядзібнага нічога не трымаю, бо здароўе падкачала. Во дзіцёнка ўзяла патрымаць за 700–800 рублёў — яна ў дэкрэтным адпачынку. Завуць Людміла Новікава, 51 год. На цяжэйшую працу не магу — даяркі робяць па-чорнаму, я ў школе бачу ў акенца, а 5-й раніцы едуць — і вецер, і сьнег. Сваімі сіламі рабілі коміны, а зайдзіце — калідоры закладзеныя анучамі, дах цячэ. Раней былі акенцы, цяпер — не, і да шыфэру ніяк не далезем — тупік! Тут ужо дзяржава вінаватая, што жывем па-сабачаму, без вады і каналізацыі…»

У часе далейшай размовы спадар Рахатка папярэджвае: узрост і заслугі даюць яму права ды абавязак гаварыць узважана, але праўдзіва.

Рахатка: «Між намі — сама сыстэма сабе зжыла. Я быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня і двойчы сэнатарам, са мной сядзеў віцэ-прэм’ер Раман Унучка, казаў — „Разагнаць калгасы і саўгасы!“ А мне тады было 40 год, я ўжо дырэктарам быў. Але як 4 гады прайшло, падумаў, што ён меў рацыю. І цяпер год 15 кажу — трэба толькі прыватнае! Бо ніхто адказнасьці не нясе, а ўсе даюць толькі каманды. Сыстэма „давай-давай“, а якая сытуацыя на месцах — ніхто зь іх ня ведае нічога!»
Год 15 кажу — трэба толькі прыватнае! Бо ніхто адказнасьці не нясе, а ўсе даюць толькі каманды

Карэспандэнт: «Зараз жа ў адмыслоўцаў дыскусія — альбо аграгарадкі вырадзяцца, альбо ператворацца ў прыватныя вялікія лятыфундыі, як у Лацінскай Амэрыцы кажуць. Лёс мажэйкаўскага аграгарадка як бачыце?»

Рахатка: «Аграгарадкі ўсё-ткі застануцца. Тры малочнатаварныя фэрмы ёсьць па 800 галоў, запускаем Більтаўцы на 700 — фабрыкі малака. Фэрма „Новы век“ ад аграгарадка знаходзіцца за 7 км, а „Чаплічы“ — за 10 км ад Тарнова. У нас два аўтобусы — возім і на абед, і на вечаровую дойку. Наш цэнтар на ўскраіне, і каб даехаць да другой 44 км — гэта вялікія затраты…»

Карэспандэнт: «А хіба там не такая ж „кіравальнасьць“, як паміж Гарадзенскай і Магілёўскай абласьцямі?»

Рахатка: «Ну так, я лічу, даярка павінна прыйсьці адразу пасьля працы і адпачываць. А так яна абедае на фэрме і прыходзіць аб 11-й ночы ў халодную кватэру…»

Карэспандэнт: «Галоўнае, што чуеш у няўдалых аграгарадках — гэта скаргі наваяўленых жыхароў. Ад 50 да 70 тысяч даляраў каштуе аградомік. Яны кажуць — дайце нам гэтыя грошы, мы сабе палацы пабудуем! Але будуюць 10 фірмаў зь вядомымі ўсім „адкатамі“ — людзі стогнуць, бо самі фарбуюць сьцены, перакрываюць дахі. Пры гэтым 10 год адпрацоўкі за іх…»
У горадзе кажуць: „У вас сваё малако і мяса“. Малако белае, але крывёй даецца


Рахатка: «За час свайго існаваньня мы пабудавалі 300 кватэр. У суседнім аграгарадку 20 кватэр забітыя дошкамі. У нас, на радасьць, аніводная кватэра не пустуе. У нас усё жыльлё будаваў трэст 19-ты лідзкі. І яны гарантыю даюць на 2 гады — калі цьвіль ці падцёкі, тут жа рамантуюць. У горадзе кажуць: „У вас сваё малако і мяса“. Малако белае, але крывёй даецца. У нас у кожны двор завозіцца сена — людзі самі ня косяць, прывозім і даем колькі трэба. А было — давалі дзялкі, Пеця запатрабуе 10 рублёў, Хведар — 15 і бутэльку!»

Карэспандэнт: «А дзялка за 7 км ад хаты…»

Рахатка: «Так!»

Усе пабудаваныя за 8 год «домікі» Рахатка прымаў асабіста — «пад ключ», у літаральным сэнсе перадаючы яго новым гаспадарам. 42-гадовая Натальля падмятала падворак.

Натальля: «Адно дрэнна — камуналка. Адна бочка закапаная на 8 кубоў, і трэба адкачваць тую каналізацыю. На адзін дом 2 кватэры, і чакай тую „цмокалку“! (Сьмяецца.) А калі ўсяляліся, усё пафарбаванае, плітка была на сьценах, адзінае — шпалеры няклееныя. А дах пачаў працякаць пасьля гэтых бураў. І гумно вялікае — карова месьціцца і сьвіньня с…й павернецца…» (Сьмяецца.)

Мы ж тым часам з Казімірам Уладзіслававічам Рахаткам зьмяняем тэму.

Карэспандэнт: «Мы ўшчыльную падышлі да праблемы збыту, якая прымушае заараць тую ж моркву, бульбу…»

Рахатка: «Не сакрэт, у мінулым годзе мы рэалізавалі толькі 30% ад зробленага. Адчуваю, што сёлета гэтага ня будзе. Мы, паводле самых сьціплых падлікаў, будзем мець увесну каля 10 млрд, бо ёсьць попыт на гародніну, на яблыкі. На Расею, думаю, 60–70% трэба, каб ішло, яблыкі — аж на Сыбір. А каб была перапрацоўка, можна было б мець 3 млрд за кошт капусты і морквы — на наступны год у нас і гэтая справа пойдзе. У 98 годзе на вучобе ў Ізраілі бачыў, што жанчыны паўсюль купляюць паўфабрыкаты: 15 хвілін — і гатовы абед! У будучым бачу, што і перапрацаваную бульбу, ачышчаную, будзем пастаўляць — у нас сёлета ўраджай 330 цэнтнэраў з га, або 2 тысячы тон…»

Карэспандэнт: «У вас ёсьць маркетынгавая служба?»

Рахатка: «Так, 4 чалавекі. Трэба тонка адчуваць рынак — адзін год расейцы запатрабавалі буйную моркву, бо наладзілі перапрацоўку ў сабе і мелі двайны-трайны пад’ём. Ёсьць ад нас шашы на Наваградак, на Менск. Я бачу будучыню ў аграгарадках, як склаліся яны ў Мажэйкаве…»

Карэспандэнт: «Не магу не спытаць — вам 60, і паўстае пытаньне пераемнікаў…»

Рахатка: «Ня мне рашаць — я кіраўнік паводле кантракту, узгадняецца пытаньне са старшынёй аблвыканкаму. Ёсьць кадры і ў мяне ў Мажэйкаве, здольныя працягваць пачатае і задуманае на наступныя гады…»

Карэспандэнт: «Вы б марылі пра гэта?»

Рахатка: «Так, чалавек з боку — трэба год, каб уехаў, а не пачаў красьці…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG