Выпадкова паглядзеў па БТ урывак перадачы пра Вялікае Мажэйкава, што на Шчучыншчыне. Маўляў, тамтэйшае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства сёлета стане аграгарадком. А значыць, “гарантавана заможна” зажывуць вяскоўцы, “буйней” заквітнеюць лекавыя травы, вырошчваньнем якіх традыцыйна займаецца гаспадарка. Колькі год таму па шляху ў старажытную вёску Ішчална я спыніўся ля палетка з “мажэйкаўскай” валяр’янай. Ніколі не забуду пакрытыя струпамі, нягнуткія рукі пажылой кабеты, якая ўручную гадамі палола калючую траву. І гэтак — тройчы на год. А яшчэ трэба яе хадзіць “маладзіць”, восеньню вытрасьці і ўручную ж загрузіць. І ўсё — за мізэрны заробак ды пару-тройку мяхоў з крупамі ды цукрам. Так атрымалася, што першым, з кім пазнаёміўся ў Вялікім Мажэйкаве, быў спадар Анатоль Мінцэвіч, які на тых самых палетках працаваў.
Мінцэвіч: “Зьбіралі камяні, ачышчалі лекі за 140 рублёў. А камяні цяжкія...” (Сьмяецца.)
Спадару Анатолю два гады да пэнсіі. Праца зь лекамі сэзонная, таму ўзімку ён беспрацоўны.
Карэспандэнт: “А можа гэта паўплываць на памер пэнсіі?”
Мінцэвіч: “Ну канечне, але зараз працы няма. Пайду працаваць па вясьне на тыя 140 — куды ж падзецца...”
Суразмоўца жыве ля ўваходу ў сядзібна-паркавы комплекс паноў Хадкевічаў, у які, калі верыць даведнікам, уваходзяць парк, гаспадарчыя пабудовы, флігель ды агароджа. Усё канца 18 — пачатку 19 стагодзьдзя. З 2002 году комплекс увайшоў у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Гутару са спадарыняй Тэрэсай Савон, краязнаўцай, настаўніцай тутэйшай школы. Ёй баліць — бо 24 гады, што тут жыве, адбываецца, яна лічыць, разбурэньне парку ды сядзібы.
Савон: “У 1787 заснаваны быў парк і запрошаны Напалеон Орда, вядомы беларускі жывапісец і музыкант, які рабіў замалёўкі паркавых ансамбляў, маёнткаў вядомых магнатаў, выявы якіх і дайшлі дзякуючы гэтаму да нашага часу. Наша сядзіба была разбураная ў часе першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе. І засталася вядомая зь ягоных замалёвак. Старажылы-мажэйкаўцы расказваюць легенду. Грабавыя, кляновыя дрэвы, акацыі былі пасаджаны ў такім парадку, што з вышыні птушынага палёту можна было прачытаць імя дачкі пана Хадкевіча — хто гаварыў, што Марыля, хто Хрысьціна, але на сёньняшні дзень дрэвы зарасьлі і прачытаць нельга. Таксама пані Верашчага, якая пакідала Вялікае Мажэйкава ў 1939, перад сабой кідала залатыя манэты. І ўвечары людзі бачылі, як яны блішчаць, і гаварылі, што гэта сьлёзы пані Стэфаніі Верашчагі, якая не прымала ўладу, што ўсталёўвалася. За час існаваньня савецкай улады сядзіба не была адноўлена, толькі парк афіцыйна ахоўваўся як прыродны комплекс. Засталася толькі гаспадарчая пабудова — лямус, у ёй разьмешчаны склад. Сьцены сядзібы разбураныя, і азёры ня чысьцяцца. Можна было складаць праекты на аднаўленьне, але грошы так і не былі выдзелены…”
Я ў старажытным парку. Каля будынка з масіўных камянёў сустракаю жвавую цётку Гэню. 78-гадовая спадарыня Строжава жыве тут, як кажа, “паўвека зь пяцьцю хвосьцікамі”.
Строжава: “У парку была каплічка. Разабралі яе вяскоўцы — хто на прыбудову, хто на хату. А ў гэтай хаце, што я жыву, казалі, мяса вешалі. У нас падвал вялікі! На маю пэнсію гурок пакладу, бульбы засыпалі. Была вяндлярня, капцілі і сюды пераносілі кумпякі. Басэйн на маім гародзе — вады няма. Панства жыло ў флігелю, там дзіцячы дом быў, потым жылы зрабілі. А фэрму, канюшню з тоўстай цэглы раскідалі…”
У былым флігелі жыве толькі “нейкая прыблудная і я”. Азначэньне гаспадара — 54-гадовага Івана Сарокі, манцёра чыгуначных шляхоў. Седзячы ў крэсьле ў трохмэтровай вышыні пакоі, ён падаецца нерэальна маленькім.
Сарока: “Столь яшчэ панская, пакрытая баксытам. 20 год без рамонту…”
Карэспандэнт: “Дык тады два вякі…”
Сарока: “Ой, у гэтай хаце і склады, і зернясховішчы былі. І два стагодзьдзі ні дажджу, ні сьцюжы не прапускае — усё роўна, як было…”
Карэспандэнт: “Іван, а вы ведаеце, што флігель лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі?”
Сарока: “А… (Сьмяецца.) Колькі керамікі старой выкапалі ломам… Усё разваліцца — я ня вечны, нічога вечнага няма…”
Пытаюся, ці чуў суразмоўца пра аграградок.
Сарока: “Ой, ня ведаю — старшыня наш Шчэрба ўжо яго два гады робіць. Гэта мары. Наеўся, а людзям — во, ані зарплаты, а ў самога сем машын. Сын Андрэй харошы, ня ў бацьку пайшоў…”
Кіраўніка будучага аграгарадку ў той дзень у вёсцы не аказалася. Крама ж (ці, хутчэй, шапік паводле памеру) індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Шчэрбы — побач з праўленьнем былога саўгаса. Мае назоў “Валерыя” — у гонар дачкі гаспадара. Існуе 5 год. А вось і ён сам за прылаўкам. Паўнавата- дабрадушны, ветлівы. 33 гады, будаўнік паводле адукацыі. Чаму ён не пайшоў у кіраўнікі, як бацька, дыпляматычна не адказвае. Хоць у іх з жонкай — яны працуюць у краме ўдваіх — абарот невялікі: 20 мільёнаў у месяц.
Андрэй: “Зараз у ЧУП трэба пераходзіць, але гандлюем, канкурыруем. Закупляем невялікія партыі, усё найсьвяжэйшае — людзі не абураюцца. Маленькая крама — каб больш за 50 квадратных мэтраў, можна было б гандляваць алькаголем. Але шмат падаткаў — ЧУП не пацягнем. А калі пашырыць краму ў крэдыт — на вёсцы не акупіцца...”
Карэспандэнт: “А пагаршэньне фінансавай сытуацыі на сабе адчуў?”
Андрэй: “Не, на прадукты не ўплывае — апошнія грошы на хлеб, кілбасу людзі аддаюць...”
Карэспандэнт: “Кідаць прадпрымальніцкую справу не зьбіраесься?”
Андрэй: “Калі будзе горш, кіну, а так будзем змагацца…” (Сьмяецца.)
* * *
Каб адшукаць сельсавет Вялікага Мажэйкава, давялося пабегаць. Аказалася, ён арандуе некалькі пакойчыкаў у дзіцячым садку. Знайшоўшы момант, гутару з загадчыцай Ганнай Пенталь. Яе твар аптымізмам ня сьвеціцца.
Пенталь: “25 дзяцей яшчэ будзе, а там пабачым — з фінансаваньнем цяжкасьці. Хочацца, каб дзеткам было цікава, але ня можам сабе дазволіць. Сілкуемся, як усе — і малако, і мяска. А пялюшкі — у нас праблема. З бацькоў на іх не бярэм грошыкі, бо зарабляюць няшмат. А сем’і шматдзетныя больш напалову — па 3—4 дзіцяці ў тых, хто выпівае. У мяне 500 тысяч заробак, а за ўсё адказваеш. У тэхпэрсаналу да 300 не даходзіць, але што маем…”
Ганна Баляславаўна празь лябірынты садку ўводзіць мяне ў кабінэт сакратаркі сельсавету — акуратна апранутай, уважлівай спадарыні Хоміч. Натальля Чаславаўна працуе на пасадзе 10 год. Звыкла выдае статыстыку — жыве 734 чалавекі, зь іх 200 — пэнсіянэры, 376 — працаздольныя. І тут жа з адміністрацыйным аптымізмам — пра аграгарадок.
Хоміч: “Першае, на што разьлічваем — адрамантуюць дарогі. Калі слота, да сяла не пад’ехаць. Платы паставяць на вуліцах Леніна, Камсамольскай. Будаўніцтва 8 дамоў добраўпарадкаваных саўгас будзе весьці. Плянуецца капітальны рамонт у базавай школе. Вулічнае асьвятленьне паправіцца да 150 мэтраў паміж слупамі, а цяпер у сяле гарыць 5 лямпачак усяго, а працяг вёскі 5 км будзе. Лазьня працуе раз на два тыдні — хочам стаць на балянс ЖКХ. Газыфікаваная вёска на 6 прэзыдэнцкіх домікаў, у прыватным сэктары кватэр 12, а ўсіх двароў у нас 312…”
Каб атрымаць уяўленьне пра рэальнае жыцьцё шараговых вялікамажэйкаўцаў, падыходжу да саўгасных фэрмаў на ўскраіне вёскі. Бачу, што ўлетку без гумовых ботаў сюды не падыйсьці. Даглядчыца Марыя Квач тэму выбірае сама.
Квач: “Тут 124 каровы, на той фэрме 126 — мы ўдвох даглядаем. У мінулым месяцы было 260, найвышэй было за 500, калі валяр’янку прыплюсуюць. Ня возьмем дзялкі валяр’яны 25 сотак, адсоткаў не атрымаеш. Напрыклад, мы 100 тысяч зарабілі, за “лекі” яшчэ 30 тысяч. Гэта калі 260, бязь іх на 70 меней было б. Во, налічана мільён з капейкамі. Вылічылі падаходныя, прафсаюзныя, муку, фураж, цукар давалі...”
За нашай размовай пільна сачыў 38-гадовы сьлесар Андрэй — прозьвішча называць адмовіўся. Для таго ж, каб загаварыў сам — паставіў пэўную ўмову.
Андрэй: “Як раскажу, што тут — мне тут ня жыць! Калі Лукашэнку перадасьце, дык добра... Чаму саўгас ніякага крэдыту не бярэ — на тэхніку, каб заробкі?! Вы думаеце, чаго? А ў старшыні свая тут улада! У мяне трое дзяцей. І ён дае хату за 10 км ад дзіцячага садку. Ідзі, там будзеш мець паўмільёна. Тут я маю 200—300 рублёў, але дзяцей сам спакойна адвёў у садок. А там пяць прычэпаў дроў трэба — яшчэ даражэй будзе за зімоўку. Газам, школай не забясьпечваецца. Былі бацькі, яны б дзетак сустрэлі з аўтобуса, але памерлі. Дык мне ляцець і везьці іх на санках?! А надвор’е рознае, і ваўкі ходзяць…”
І яшчэ сустрэча. Спадарыню Людмілу Храпко адшукаў у нетрах хлява. Абслугоўвае 37 цялушак і 5 кароў.
Храпко: “У нас трохразовае даеньне — цёлкі. Дзіцёнка не адправіш у школу — у мяне тры дзіцёнкі. З мужам разьведзеная. У гэтым месяцы атрымала 595 тысяч — мала! Праца з раньня да ночы. Тры разы прагулка — адчапляем зранку, потым на 12 ідзем, увечары на сем і ў дзевяць у хаце — што зробіш?!”
У часе вандроўкі ў адказ на пытаньне пра спадзевы ў сувязі з узьнікненьнем аграгарадку пажылы Міхась хітра ўсьміхнуўся ды распавёў байку.
Міхась: “У лесе пайшла чутка, што ўзялі мядзьведзя і лісіцу пад белыя лапы і павялі куды трэба — кралі. Колькі баравічкоў вавёрка ім перацягнула, ніхто ня ведае. Усе задаволены — будзе парадак. Заяц скача — воўк ідзе, адвакат мядзьведзя і лісіцы. І пытаецца — ну што там, шэры, чуваць пра іх? Кажа, тое і чуваць: хто бараноў драў, будзе драць, а хто шчэц хлябаў, будзе хлябаць. Апусьціў бедалага вушы і пайшоў па лесе...”