Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здароўе Пуціна — дзяржаўная таямніца, як у часы СССР


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Абвяржэньні Крамля ў справе здароўя Ўладзіміра Пуціна выглядаюць усё менш пераканаўча — днямі прэм’ер-міністар Японіі абвясьціў аб пераносе свайго візыту ў Маскву з-за хваробы расейскага прэзыдэнта.

Швэйцарскае выданьне «Le Temps» у артыкуле, прысьвечаным стану здароўя расейскага кіраўніка, адзначае, што грамадзяне Расеі атрымліваюць навіны пра свайго прэзыдэнта з-за мяжы. Усё як у савецкія часы, калі ў 70-гадовых генсекаў не было ніякіх праблем са здароўем да самой раптоўнай сьмерці, прычыны якой ніколі ясна не выкладаліся. Навіны пра пагаршэньне стану здароўя Леаніда Брэжнева даходзілі да грамадзян СССР з паведамленьняў амэрыканскіх галасоў, якія трансьляваліся на кароткіх хвалях.

У нашыя дні Крэмль, падобна, зноў кажа праўду гэтак жа неахвотна, як у тыя часы, нават калі гаворка ідзе пра нязначную хваробу лідэра. Іншая інфармацыя паступае па дыпляматычных каналах: дзякуючы ім, чуткі, якія Крэмль спрабуе абысьці маўчаньнем, знаходзяць афіцыйны статус. Першым, хто выдаў таямніцу, стаў у аўторак беларускі дыктатар — вельмі непрадказальны саюзьнік Масквы. Шкадуючы аб немагчымасьці згуляць у хакей са сваім расійскім калегам, Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся, заявіўшы ў інтэрвію агенцтву Reuters, што Пуцін «любіць дзюдо. Ён падняў хлопца, зрабіў кідок і скруціў пазваночнік». Крэмль адмовіўся камэнтаваць гэтую заяву.

Затым, у пятніцу раніцай, алею ў агонь падліў прэм’ер-міністар Японіі Есіхіка Нода, які назваў «дрэннае самаадчуваньне Уладзіміра Пуціна» прычынай пераносу свайго візыту ў Маскву, першапачаткова заплянаванага на сьнежань. У Расеі, якая так і не падпісала пасьля Другой усясьветнай вайны мірную дамову зь Японіяй, — ня самыя цёплыя дыпляматычныя адносіны з гэтай краінай. Адсюль рэзкі адказ Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта: «Калі ён (Нода) рабіў гэтую заяву, ён, мабыць, ня меў дакладнай інфармацыі». Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта заявіў, што цяпер візыт Есіхіка Ноды ў Маскву заплянаваны на студзень. «Ён (Пуцін) як працаваў, так і працуе і мае намер далей працаваць у тым самым тэмпе», — дадаў Дзьмітры Пяскоў.

Пачынаючы з 5 кастрычніка, 60-гадовы кіраўнік дзяржавы стаў адмяняць усе свае паездкі, што выглядала вельмі незвычайна, улічваючы яго ранейшыя звычкі. Імкнучыся разьвеяць чуткі, Крэмль пацьвердзіў першы за два месяцы візыт Уладзіміра Пуціна. У панядзелак расейскі прэзыдэнт накіраваўся ў Стамбул для сустрэчы са сваім турэцкім калегам, адносіны зь якім сапсаваліся з-за таго, што Расея і Турэччына занялі дыямэтральна супрацьлеглыя пазыцыі па сырыйскім пытаньні.

Чуткі пра здароўе Ўладзіміра Пуціна, ключавым складнікам іміджу якога зьяўляецца дэманстрацыя фізычнай сілы, сталі цыркуляваць у пачатку верасьня, — пасьля таго, як яго заўважылі кульгавым на саміце АТЭС ва Уладзівастоку. СМІ ўгледзелі сувязь са знакамітым палётам на дэльтапляне, які расейскі прэзыдэнт зьдзейсьніў перад самітам, каб «накіраваць стэрхаў на поўдзень». СМІ западозрылі, што пры прызямленьні адбыўся інцыдэнт, які прывёў да праблем са сьпінай.

Крамлёўскія ананімныя крыніцы казалі пра «праблемы са сьпінай» і аб тым, што лекары не рэкамэндуюць прэзыдэнту лётаць на самалёце. Але прэсавая служба Крамля на працягу некалькіх тыдняў абвяргала наяўнасьць у Пуціна праблем са здароўем. Толькі ў пачатку лістападу заўважылася невялікае адхіленьне ад гэтай лініі: было прызнана, што ў прэзыдэнта «бясьпечная спартовая траўма» — гэта значыць, ва ўсім вінаваты ня ўзрост, а спорт.

«У тым, што ў 60-гадовага чалавека нелады са здароўем, няма нічога дзіўнага, — лічыць адзін эўрапейскі дыплямат, які працуе ў Маскве. — Але тупое імкненьне схаваць праблему кажа пра тое, што з часоў Брэжнева мала што зьмянілася. Вось гэта ўжо і дзіўна, і трывожна».

Здароўе прэзыдэнта зрабілася ўпадабанай тэмай для размоваў у асяродзьдзі расейскай эліты, а таксама крыніцай незьлічоных сатырычных выпадаў у Інтэрнэце.

Менш сьмешна тое, што ў інвэстараў зьніжаецца давер да ўсё больш непразрыстага Крамля. Адток капіталу дасягнуў 80 мільярдаў даляраў у год, і кіраўнік ураду Дзьмітрый Мядзьведзеў прызнаў у мінулую сераду, што «нам пакуль не ўдалося палепшыць інвэстыцыйны клімат». Адзін францускі прадпрымальнік, які звычайна добразычліва настроены да Крамля, сфармуляваў занепакоенасьць бізнэс-супольнасьці наступным чынам: «Пуцін выстаўляе сябе адзіным гарантам стабільнасьці ў Расеі, але ён не жадае пазбаўляцца ад кагэбэшнай звычкі нізашто не раскрываць сваіх плянаў. Ніхто паняцьця ня мае, што адбудзецца, калі стан здароўя не дазволіць яму больш кіраваць краінай».

***

Ці зьменіцца імідж Пуціна з «мачо» на «патрыярха палітыкі»? Уладзімір Кара-Мурза гутарыць з загадчыцай аддзелу палітыкі «Независимой газеты» Аляксандрай Самарынай на сайце расейскай службы Радыё Свабода:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG