Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: ахвяры рэпрэсій усё роўна могуць на нас разьлічваць


Відэафакт: Офіс «Вясны» апячаталі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00
Наўпроставы лінк

Судовыя выканаўцы апячаталі офіс праваабарончага цэнтру «Вясна» і вывезьлі адтуль усю маёмасьць. Праваабаронцы знайшлі часовы прытулак у офісе руху «За свабоду» і заяўляюць, што хутка адновяць паўнавартасную працу.

Палову дня, пакуль цягнулася працэдура канфіскацыі маёмасьці цэнтру «Вясна», праваабаронцы і журналісты высьвятлялі, ці будзе разам са сталамі і крэсламі канфіскаваная і сама кватэра, дзе праваабаронцы адпрацавалі 12 год. Блытаніну ўнесла судовая выканаўца Ганна Рандзевіч. У той час, калі грузчыкі гандлёвага дому «Ўсходні» ўжо вынесьлі з офіса палову мэблі, спадарыня Рандзевіч паведаміла журналістам, якія сабраліся паглядзець менавіта на апячатваньне офісу «Вясны», што саму кватэру апячатваць ня будуць. «Рашэньнем суду кватэра пакінутая за Алесем Бяляцкім», — заявіла судовая выканаўца. Але ўжо праз гадзіну, пасьля некалькіх тэлефанаваньняў, інфармацыя ад судовых выканаўцаў зьмянілася. «Кватэру апячатаем, хоць яна застаецца ўласнасьцю Бяляцкага. Тлумачэньняў журналістам не дадзім», — сказала Ганна Рандзевіч журналісту «Свабоды». Жонцы Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук судовыя выканаўцы пазьней далі больш падрабязныя тлумачэньні: што пакуль Алесь Бяляцкі будзе заставацца ў няволі, ягоная кватэра будзе апячатаная, а калі вызваліцца, тады і будзе вырашацца пытаньне аб вяртаньні ягонай уласнасьці.



Натальля Пінчук, калі кватэру апячаталі, сказала: яна сумняваецца ў тым, што Алесь сюды калі-небудзь зможа вярнуцца.

«У мяне такой веры няма. Трэба будзе, вядома, пракансультавацца зь юрыстамі, але ўсё тое, што адбывалася раней, не дае такой веры. Тое, што кватэру ўсё ж апячаталі, падказвае, што і яе, як кажуць, «пусьцяць з малатка».

Апячатваюць кватэру «Вясны»
Апячатваюць кватэру «Вясны»
Як толькі былы офіс «Вясны» апячаталі, на сайце праваабарончага цэнтру зьявілася заява, якую «вясноўцы» былі агучылі раніцай, але потым прытрымалі да высьвятленьня лёсу кватэры. У заяве сказана, што «Вясна» працягне працу , а «ўсе ахвяры парушэньня правоў чалавека» могуць і надалей разьлічваць на дапамогу праваабаронцаў. Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч запэўніў журналістаў:

«Мы працягнем адстойваць каштоўнасьці правоў чалавека, змагацца за іх выкананьне беларускімі ўладамі, інфармаваць беларускае грамадзтва і міжнародную супольнасьць пра рэальны стан з правамі чалавека ў Беларусі».

Грамадзкая прыёмная «Вясны» часова разьмесьціцца ў суседнім будынку — у офісе руху «За свабоду». Кіраўнік руху Аляксандар Мілінкевіч адмыслова прыйшоў у праваабарончы цэнтар «Вясна», каб выказаць падтрымку суседзям. Ці не баіцеся, што і вас апячатаюць? — спыталіся журналісты:

«Без салідарнасьці немагчыма, якое тут геройства? Калі мы ня будзем салідарнымі паміж сабой, то як нам людзей заклікаць да салідарнасьці? Тым больш, мы жылі побач і здружыліся».

У «Вясны» канфіскавалі маёмасьць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00
Наўпроставы лінк


12 гадоў па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 78а, кватэра 48, месьціўся офіс «Вясны». За гэтыя гады ў ім пабывала, як кажуць праваабаронцы, некалькі тысяч людзей, якія шукалі і атрымалі тут дапамогу ў справе абароны сваіх правоў. Сёньня некаторыя з гэтых людзей прышлі падтрымаць «вясноўцаў». Сярод іх былі і вядомыя асобы: палітыкі Аляксандар Фядута і Андрэй Дзьмітрыеў, праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Раіса Міхайлоўская, Алег Воўчак, маладафронтавец Зьміцер Хведарук. На ватмане, расьцягнутым на сьцяне офісу, шмат хто з наведнікаў пакідаў разьвітальныя надпісы. «Дзякуй „Вясьне“ за доўгія гады цяжкай працы», — напісалі наведнікі зь Віцебску. «Вясна прыйдзе!», «Вясну не спыніць!», «Свабоду Алесю Бяляцкаму!» — таксама з пакінутых на сьцяне надпісаў.

Калі ад былога офісу «Вясны» ад’ехала фура з канфіскаванай маёмасьцю, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч ад імя арганізацыі пракамэнтаваў падзеі дня:

«Сёньня адбылася канчатковая канфіскацыя офіса, і мы аказаліся пазбаўленыя нашага офіса, дзе працавалі 12 гадоў. Але галоўнае ўсё ж ня сьцены. Галоўнае — гэта дух нашага калектыву, нашай каманды, якую Алесь Бяляцкі зьбіраў і нават рыхтаваў да такіх выпрабаваньняў, якія мы зараз маем. Таму, безумоўна, мы ня згорнем ніводнай нашай праграмы. І спадзяюся, што ў хуткім часе новыя сьцены працягнуць тую „Вясну“, якую Алесь ствараў са сваімі аднадумцамі яшчэ ў канцы 1990-х гадоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG