Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Вясны» канфіскавалі маёмасьць

абноўлена

Судовыя выканаўцы паведамілі, што кватэру, у якой знаходзіўся офіс «Вясны» апячатаюць і карыстацца ёй будзе немагчыма.

14.15 Офіс «Вясны» апячаталі.

12.40
Судовыя выканаўцы паведамілі жонцы Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук, што кватэру адназначна апячатаюць, але яна застаецца ва ўласнасьці Алеся Бяляцкага, які зараз адбывае пакараньне ў Бабруйскай турме. «Калі ён вернецца, то тады і будзе вырашацца пытаньне пра вяртаньне кватэры», — адзначылі судовыя выканаўцы.

12.15 Судовыя выканаўцы сказалі, што офіс апячатваць ня будуць і параілі глядзець судовую пастанову.

У «Вясны» канфіскавалі маёмасьць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00
Наўпроставы лінк


10.35 Да офісу пад’ехаў грузавік, прыйшлі панятыя. Але згодна сьпісу судовых выканаўцаў у офісе няма двух пачкаў паперы «Сьняжынка», кампутарнай клавіятуры з мышкай і мадэму. Мадэм належыць Белтэлекаму і быў у мінулую пятніцу вернуты. Судовыя выканаўцы патрабуюць дакументаў, якія гэта пацьвярджаюць.

10.15 У офіс прыйшлі судовыя выканаўцы, міліцыя і прадстаўнікі гаргазу. Цяпер ідзе працэдура канфіскацыі офісу і маёмасьці. Судовыя выканаўцы зьвяраюць тое, што ёсьць у кватэры са сьпісам маёмасьці, на які быў накладзены арышт.

10.00 Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заявіў, што канфіскацыя офісу не спыніць дзейнасьць цэнтру.

«Рэпрэсіі супраць кіраўніка і сяброў праваабарончага цэнтра „Вясна“, а таксама канфіскацыя маёмасьці ня спыняць нашу працу, мы не згорнем ніводнага з напрамкаў легітымнай дзейнасьці арганізацыі па абароне правоў чалавека. Усе ахвяры парушэньня правоў чалавека па-ранейшаму могуць разьлічваць на нашу дапамогу і падтрымку», — гаворыцца ў заяве «Вясны».

У офісе на сьцяне вісіць аркуш паперы, дзе распісваюцца з пажаданьнямі ўсе, хто прыйшлі падтрымаць вясноўцаў.

9.45 Падтрымаць «Вясну» прыйшлі праваабаронцы, сярод якіх Алег Воўчак і Раіса Міхайлоўская. Праваабаронца Тацяна Равяка заявіла Свабодзе, што Рух «За свабоду» дае «Вясьне» у сваім офісе пакой для грамадзкай прыёмнай, дзе будзе весьціся прыём грамадзянаў. Астатнія супрацоўнікі будуць працаваць пакуль па кватэрах.

«Гэта, зразумела, будзе замінаць актыўнай працы, але паступова, мы спадзяемся, пытаньне з офісам будзе вырашана і «Вясна» запрацуе ў поўную моц»,- сказала Равяка.

«Такім чынам улады „адзначаюць“ гадавіну прысуду старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна“ Алесю Бяляцкаму, які 24 лістапада 2011 года быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі нібыта за нявыплату падаткаў», — паведамляе сайт «Вясны».

26 лістапада будуць канфіскаваныя офіс і маёмасьць праваабарончага цэнтра «Вясна». Чакаецца, што судовыя выканаўцы апячатаюць памяшканьне (пр. Незалежнасьці, 78а), у якім «Вясна» працавала цягам 12 гадоў.



17 лістапад жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук атрымала ліст з суду Першамайскага раёну Менска за подпісам судовай выканаўцы А.Рандзевіч пра тое, што 26 лістапада адбудзецца канфіскацыя маёмасьці і офісу праваабарончага цэнтру «Вясна».
.
11 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна» месьціўся ў кватэры на праспэкце Незалежнасьці 78а-48. Гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе і па рашэньні рады «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Згодна з прысудам гэты офіс павінен быць канфіскаваны.

18 студзеня 2012 году жонка праваабаронцы Натальля Пінчук перавяла на рахунак упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму для суду Першамайскага раёну сабраныя грамадзянамі больш як 757 мільёнаў рублёў (90 тысяч даляраў ЗША). «Гэта ўся сума, якую паводле пастановы суду павінен заплаціць Бяляцкі», — заявіла яна.

24 студзеня 2012 году Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага.

Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG