Творчае аб’яднаньне «KAVA groups» разам з апэратарам Аляксандрам Крупінаю са студыі «КапканFilm» і стваральнікам культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Паўлам Белавусам прэзэнтуюць на сайце Радыё Свабода свой дакумэнтальны фільм «Мова. Музыка. Маладосьць».
Пра ідэю і мэты фільму распавядае адзін з аўтараў Павал Белавус:
«Ідэя фільму ўзьнікла мінулай восеньню, калі я арганізаваў невялікі канцэртны тур Vinsent’a па Беларусі. Мы тады вялікім музычным складам аб’ехалі з канцэртамі Івацэвічы, Берасьце, Горадню і скончылі вялікім канцэртам у Менску. Усе канцэрты і нашыя прыгоды ў туры здымаў Аляксандар Крупіна. Таму назьбіралася шмат відэа, зь якім мы спачатку ня ведалі што рабіць, а пасьля нарадзілася ідэя зрабіць дакумэнтальны фільм пра творчае жыцьцё беларускамоўных музыкаў.
Але паступова, калі мы ўжо пачалі прапісваць сцэнар, то ідэя трансфармавалася ў больш шырокую — зрабіць фільм, які паказвае гісторыю беларускамоўнай альтэрнатыўнай музычнай плыні ад яе зараджэньня да сёньня. Таму ў выніку фільм „Мова. Музыка. Маладосьць“ стаў такой дакумэнтальнай гісторыяй фармаваньня, разьвіцьця і жыцьця беларускамоўнай музычнай творчасьці зь цікавымі фактамі і незабыўнымі падзеямі».
Відэаапэратар Аляксандар Крупіна дадае: «Для мяне гэты дакумэнтальны фільм — першая спроба працы ў такім жанры. Раней я здымаў збольшага толькі кліпы, таму і працаваць над фільмам было складана, бо мы не прафэсіяналы, а хутчэй аматары, якія ў гэтай стужцы імкнуліся паказаць разьвіцьцё беларускамоўнай музыкі, і шматлікія дакумэнтальныя рарытэтныя кадры і фатаздымкі 80-х і 90-х нам у гэтым дапамаглі.
І галоўнае, што, паказаўшы ўсю складанасьць жыцьця беларускамоўных гуртоў у Беларусі, мы скончылі фільм аптымістычным выказваньнем Вінцука Вячоркі пра тое, што мы ёсьць беларусы, мы нармальная творчая нацыя, мы ня толькі ня горшыя, але, напэўна, і лепшыя за іншых, і тысячы гадоў будзем жыць на гэтай зямлі».
Дакумэнтальны фільм «Мова. Музыка. Маладосьць». Трэйлер: