Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюшавы дэсант-2: кожнаму неўязному чыноўніку па мішку

абноўлена

10 лістапада ў Стакгольме адбылася акцыя «Плюшавы дэсант-2». З ініцыятывы праваабарончай арганізацыі Östgruppen на адну з плошчаў Стакгольма ўсе ахвотныя прыносілі плюшавых мішак. Іх адправяць па адрасах беларускіх чыноўнікаў, што знаходзяцца ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз.

Кожны мішка панясе з сабою адмысловае пасланьне.

Марцін Угла, кіраўнік арганізацыі, лічыць, што гэта вельмі добрая праява салідарнасьці зь Беларусьсю, з тымі людзьмі, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду:

«Мы сабралі 175 мішак. Цяпер мы ўжо ўпакавалі іх у капэрты і нясем на пошту». Па ягоных словах, акцыя прайшла вельмі ўдала, падыходзіла шмат людзей, якія цікавіліся тым, што адбываецца на плошчы.

Угла кажа, што ў Швэцыі шмат пісалі пра акцыю рэклямнай агенцыі Total, таму для швэдаў зразумелая сувязь паміж плюшавым мядзьведзікам і барацьбой за дэмакратыю ў Беларусі. «Беларуская ўлада наракала, што швэдзкія пілёты нелегальна перасяклі беларускую мяжу. Мы вырышылі, што гэтым разам усё будзе легальна. Абралі людзей, якія асабіста адказныя за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі».

Сёлета 4 ліпеня два швэдзкія пілёты Тумас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй перасяклі беларускую мяжу на малым самалёце. Яны скінулі над Івянцом і Менскам плюшавых мядзьведзікаў, да якіх былі прымацаваныя слоганы ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

Тумас Мазэці апавёў, што на такую акцыю іх натхніў моладзевы актывіст Павал Вінаградаў, лідэр арганізацыі «Źмена». Сёлета ўзімку зьменаўцы правялі на плошчы Незалежнасьці ў Менску акцыю «Цацкі мітынгуюць». Яны пасадзілі спасярод плошчы плюшавых цацак са слоганамі «Дзе свабода прэсы?», «Алехандра, адпусьці людзей» і іншымі.

Павал Вінаградаў: «Любая праява салідарнасьці, як у Беларусі, так і за мяжой, — гэта карысна. Вельмі добра, што гэтыя мішкі накіроўваюцца па канкрэтных адрасах. Я сумняваюся, што яны ўсе пройдуць, але, можа, парачка „праскочыць“. Адрасны зварот да тых людзей, якія адказныя за тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне, — гэта вельмі карысна. Я лічу, што варта было б пасылаць ня толькі тым, хто ў сьпісе неўязных, а ўвогуле ўсім чыноўнікам, усім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, усім важным людзям у краіне. Я лічу, што ёсьць шанец дагрукацца да сумленьня гэтых людзей».

Марцін Угла цудоўна разумее, што мішкі могуць не дайсьці да адрасатаў, але і гэта добра, кажа ён: «Калі ўжо нават мішкі неўязныя ў Беларусь, то гэта шмат чаго кажа пра сытуацыю ў вашай краіне».

Акцыя студыі Total выклікала надзвычайную рэакцыю беларускіх уладаў. Былі пазбаўленыя пасадаў кіраўнік памежнага ведамства Ігар Рачкоўскі і камандуючы вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзьмітры Пахмелкін.
Фатаздымкі Яны Фраловай
Фатаздымкі Яны Фраловай

Фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім рэсурсе фотаздымкі плюшавых мішак, паўтара месяца правёў у СІЗА КДБ. Тамсама апынуўся і рыэлтар Сяргей Башарымаў, з дапамогай якога адзін з кіраўнікоў рэклямнай агенцыі Total Пэр Кромвэль здымаў кватэру ў Менску.

Антон Сурапін лічыць, што падобныя акцыі нічога ў Беларусі ня зьменяць:

«Акцыя сапраўды цікавая. Але ня думаю, што гэта прынясе нейкую карысьць. Чыноўнікі, якія гэта атрымаюць, раззлуюцца. Могуць быць праблемы, адкуль гэтыя мішкі. Але ўвогуле акцыя цікавая, прышпільная. Добра, што хаця б нешта робіцца».

Сьпіс прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай улады, якім забаронены ўезд ў ЭЗ, быў зацьверджаны Радай ЭЗ 31 студзеня 2011 году. Пазьней сьпіс пашыраўся. Цяпер у ім каля 200 прозьвішчаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG