Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Сацыял-дэмакрат прайграў суд пра звальненьне


Мікалай Залозны
Мікалай Залозны
30 кастрычніка Ленінскі суд Магілёва пакінуў без задавальненьня пазоў аб аднаўленьні на працы актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікалая Залознага. Ён рабіў сьлесарам-сантэхнікам у інтэрнатах аб’яднаньня «Магілёўаблсельбуд». Звольнілі актывіста за тое, што ён адмовіўся выконваць працу ва ўмовах яе пагаршэньня, то бок, скасаваньня даплат за сумяшчэньне прафэсіі ў сувязі з вытворчай неабходнасьцю.

Сам жа Залозны заяўляе, што прычынай звальненьня сталася ягонае сяброўства ў ініцыятыўнай групе кандыдата на дэпутацтва Палаты прадстаўнікоў, аднапартыйца Леаніда Падбярэцкага. Актывіст заяўляе, што кіраўніцтва жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства, якое абслугоўвае інтэрнаты, пасьля канфліктаў падчас збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў на дэпутацтва стала прадузята ставіцца да ягонай працы. Патрабавала тлумачэньні пра яго палітычныя погляды і сяброўства ў партыі.

Прадстаўнік інтарэсаў Залознага праваабаронца Барыс Бухель: «На судзе Мікалай Залозны пра палітычна матываваныя ўмовы звальненьня і казаў, але на гэта не зьвярталася асаблівай увагі. Казаў і пра тое, што ў інтэрнатах вялікая цякучка абслуговых кадраў, што там працуюць не высока кваліфікаваныя работнікі, і яго часта кідалі на найбольш праблемныя ўчасткі працы. Прадстаўнік адказчыка ў сваю чаргу сьцьвярджаў, што зьмены ўмоваў працы Залознага адбыліся законна, а ягоны пазоў зьяўляецца неабгрунтаваным. „Калі адбыўся перавод Залознага ў іншы інтэрнат, то аб’ёмы яго працы зьменшыліся“, даводзіў прадстаўнік адказчыка. Ужо пасьля агучваньня выраку прадстаўнік адказчыка дастаў журнал уліку заявак на рамонт сантэхнікі Залозным. І калі мы яго пачалі праглядаць, то выявіліся, што аб’ём працы якраз вырас на некалькі дзясяткаў працэнтаў».

Довады Залознага пра тое, што яго звальненьне палітычна матываванае, не пераканалі і судзьдзю Валянціну Лапаціну. Яна не знайшла парушэньняў працоўнага заканадаўства і пастанавіла не задавальняць прэтэнзіяў актывіста.

Акрамя аднаўленьня на працы Мікалай Залозны дамагаўся праз суд выплаты сярэдняга заробку за час, пакуль ён не працаваў. Акрамя таго актывіст спрабаваў спагнаць з адказчыка за незаконнае звальненьне пяць мільёнаў рублёў маральнай шкоды.

Мікалай Залозны вырашыць, ці падаваць апэляцыю на рашэньне судзьдзі Лапацінай у абласны суд, пасьля кансультацыяў з праваабаронцамі.

Стала вядома, што Мікалая Залознага зьбіраюцца высяляць з інтэрнату аб’яднаньня «Магілёўаблсельбуд» на той падставе, што ён звольнены. Пакуль ён судзіцца, пастанова пра высяленьне прыпынена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG