Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заняткі адмяняюцца! Усе — у калгас!


Студэнты — зноў на бульбу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00
Наўпроставы лінк

Студэнты — зноў на бульбу

Сотні студэнтаў гомельскіх вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў сёньня былі зьнятыя з заняткаў і прымусова накіраваныя на працу ў прыгарадны агракамбінат «Усход». Яны мусяць прыбіраць моркву й капусту. Аднаўляецца савецкая практыка масавых выездаў студэнтаў на сельгаспрацу.

Раніцай а 8-й гадзіне на плошчы Паўстаньня сабралася сама меней сотні дзьве студэнтаў — з мэдычных унівэрсытэту й каледжу, унівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дарожна-будаўнічага, аграрнага, мастацкага каледжаў.

Каля сарака хвілін студэнты чакалі аўтобусаў, замоўленых у аўтапарку, каб ехаць выбіраць моркву на палеткі агракамбінату «Ўсход».

Гаворыць студэнтка каледжу мастацтваў Анастасія: «Нам сказалі сабрацца й ехаць. А куды — не сказалі. Я ня ведаю, як зьбіраць бульбу».

Студэнты на затуманенай плошчы гуртуюцца групамі: «Мэдкаледж. На моркву! Лепей вучыцца. У нас вельмі шмат пасьля адпрацоўкі».

Навучэнка Тацяна тлумачыць, якой менавіта адпрацоўкі:

«Калі ў гэты дзень пісалі кантрольную, то давядзецца перапісваць. І лекцыі давядзецца перапісваць. Па падручніках бывае, што й не пытаюць, у кніжках — стары матэрыял. А нам даюць новы».

Яшчэ большай адпрацоўкі вучэбнага матэрыялу патрабуюць ад студэнтаў мэдычнага ўнівэрсытэту. Тым ня менш на сайце мэдунівэрсытэту зьмешчаны графік «гароднінных выездаў». Ад куратараў групаў патрабуюць падаваць у дэканат сьпісы. Пункт 3 папярэджвае: «Студэнтаў, якія не зьявіліся на мерапрыемства, лічыць адсутнымі на занятках».

Выезды на працу ў вёску — ініцыятыва не саміх гомельскіх навучальных установаў. Прадстаўнік рэктарату мэдунівэрсытэту апавёў:

«Гэта быў загад ці ліст міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь наконт дапамогі падшэфным гаспадаркам. Гэта ж ня тое, што іх на месяц здымаюць, на два, на тры — па адным дні. У нас студэнты з задавальненьнем выяжджаюць разам з куратарамі, камунікуюць, знаёмяцца. Па чатыры групы выяжджаюць: сёньня — адны, заўтра — іншыя. Гэта ніяк не адаб’ецца на навучальным працэсе».

Студэнтка-шасьцікурсьніца мэдунівэрсытэту, якая зараз ня езьдзіць ні на бульбу, ні на моркву, так ставіцца да прымусовых паездак на збор гародніны:
Гэта — не мэдычны занятак. Мэдыкам трэба вучыцца, а ня езьдзіць на бульбу

«Гэта — не мэдычны занятак. Мэдыкам трэба вучыцца, а ня езьдзіць на бульбу. Кожныя заняткі — на вагу золата, і я супраць бульбы. У нас так: калі ты, напрыклад, захварэў — трэба прапушчаныя заняткі адпрацаваць. На бульбу — адпускаюць, а захварэць — нельга. Вучыцца на лекара цяжка, і калі прапусьціць заняткі, то потым цяжка даганяць».

Выкладчык унівэрсытэту імя Францішка Скарыны, які не хацеў афішаваць сваё імя, выказаўся наконт прымусовай працы студэнтаў наступным чынам:

«Складанае пытаньне. І тое, і тое патрэбна. А як спалучаць гэта, ня ведаю».

У аграрнікаў, якія карыстаюцца дапамогай студэнтаў, свой погляд на аднаўленьне савецкай практыкі выездаў раней «на бульбу, цяпер «на гародніну»:

«У нас, у прынцыпе, горад кожны год дапамагаў. Гэта залежала ад кіраўніцтва гораду, каго пасылалі. У мінулым годзе па тысячы чалавек пасылалі ад арганізацый. Кожны год мы прыцягваем горад, каб закласьці стабілізацыйныя фонды морквы й капусты — тыя культуры, якія займаюць вялікія плошчы і ня маюць мэханізацыі».

Грамадзкі актывіст Васіль Палякоў, які ў свой час скончыў унівэрсытэт імя Францішка Скарыны, лічыць, што ў Гомелі ці ня першымі пачалі рэфармаваць сыстэму вышэйшай адукацыі, як нядаўна запатрабаваў кіраўнік дзяржавы: два гады — у аўдыторыі, два — у полі, на фэрме:

«Відаць, чыноўнікі літаральна ўспрымаюць тое, што кажа чалавек, які зьяўляецца афіцыйным кіраўніком дзяржавы. Замест таго каб укласьці нейкі лягічны сэнс у практычнае навучаньне, яны накіроўваюць „у поле“. Як было сказана, так трэба й зрабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG