Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Актывіста БХД паставілі на прафіляктычны ўлік у КДБ


Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў

22 кастрычніка актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» з Магілёва Алега Аксёнава паставілі на прафіляктычны ўлік у абласной управе Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» сам актывіст.

Паводле Алега Аксёнава, яму патэлефанавалі з КДБ і папрасілі зайсьці.

«Мне паказалі папку, на якой было пазначана маё прозьвішчы. У ёй было тры аркушы паперы. На адным напісана, што ў папцы ўкладзена. На другім — пастанова старшыні абласнога КДБ, што мяне паставілі на ўлік за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Я паспрабаваў ім патлумачыць, што ёсьць аргкамітэт па стварэньні партыі. На гэта яны адказалі, што няма такой арганізацыі — „Камітэт“. Карацей, я ім адно казаў, яны сваё. Відаць, пасьля выбараў яны падсумоўваюць сваю працу», — робіць выснову Алег Аксёнаў.

Актывіст заяўляе, што пастаноўку на прафіляктычны ўлік у КДБ будзе абскарджваць праз суд.

Апошні раз у Магілёве актывістаў апазыцыі ставілі на ўлік у КДБ пасьля падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў і актывістка БХД Тацяна Шамбалава спрабавалі праз суд абскардзіць пастанову КДБ, але марна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG