Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне справы пра забойства журналісткі Чаркасавай прыпынена


Вераніка Чаркасава
Вераніка Чаркасава

Расьсьледаваньне справы пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпынена. А ў кватэру, дзе жывуць маці і айчым забітай журналісткі, спрабавалі трапіць невядомыя.

Расьсьледаваньне справы пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпынена, аднак апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы праводзяцца.

«З моманту ўтварэньня Сьледчага камітэту Беларусі гэтая крымінальная справа была перададзена нам і прынята да вытворчасьці, — заявіў БелаПАН прадстаўнік Сьлведчага камітэту Ягор Лівай. — На дадзены момант справа прыпынена ў сувязі зь невысьвятленьнем асобы, якая ўчынiла злачынства. У той жа час гэта не азначае, што не праводзіцца ніякіх дзеяньняў, накіраваных на вышук злачынцы. Задзейнічаны пэўныя апэратыўныя падразьдзяленьні, якія праводзяць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяваньне асоб, якія маюць дачыненьне да забойства, і высьвятленьне ўсіх абставінаў справы».

Раней расьсьледаваньне прыпынялі ў 2007 годзе на падставе артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу «невыяўленьне асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 году. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 удараў нажом.

Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак сьледзтва першапачаткова разглядала ў якасьці асноўнай версію забойства на побытавай глебе.

Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 году падазрэньне зь іх зьнялі.

Калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства зь вялікай доляй верагоднасьці магло быць зьвязанае з прафесійнай дзейнасьцю. У прыватнасьці, прадстаўнікі творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расьсьледаваньняў» пры БАЖ выказалі вэрсію, што Чаркасава магла апынуцца ўцягнутай у вайну між дзьвюма клянавымі групоўкамі за ўсталяваньне кантролю над гомельскім заводам па вытворчасьці вінаў. Журналістка, на іх думку, магла валодаць інфармацыяй, апублікаваньне якой пагражала аднаму з бакоў канфлікту стратай буйной сумы грошай.

Калегі Чаркасавай вылучалі й іншую вэрсію забойства — у ёй фігуравалі былы «Інфабанк» (цяпер «Трастбанк») і тэма продажу зброі Іраку.

Люді ў цывільным ламіліся да сваякоў Чаркасавай


Два невядомыя ў цывільным а 6:20 раніцы 18 кастрычніка спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жывуць маці і айчым забітай журналісткі.

Айчым Веранікі Ўладзімер Мялешка апавёў прэсавай службе Беларускай асацыяцыі журналістаў: невядомыя спачатку настойліва званілі, а потым стукалі і торгалі ручку дзьвярэй кватэры. Так працягвалася каля гадзіны.

Адчыняць дзьверы ці размаўляць зь візіцёрамі сваякі Веранікі не наважыліся. Але яны мяркуюць, што гэта зьвязана з набліжэньнем гадавіны забойства:

«Калі б такіх выпадкаў не было раней, можна было б казаць пра нейкі зьбег абставін. Але мы добра знаёмыя зь візытамі міліцыі і пасьля 23 гадзін, і на досьвітку… Мы двое старых, хворых людзей. Я не разумею, які сэнс на нас ціснууць і запалохваць?» — заявіла маці журналісткі Дзіяна Чаркасава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG