Сьветавіт Сокалаў
Абама выглядаў лепш, чым мінулым разам
Чатыры гады таму слоганам перадвыбарчай кампаніі Абамы былі: «Надзея й зьмены». Відаць цяпер ад яго засталася толькі некранутая яшчэ надзея, паколькі са зьменамі ўсё адно нічога не атрымалася. Гэта было відаць у часе апошніх дэбатаў паміж Абамам і Ромні.
Нагадаю, што перад тым прайшлі дэбаты кандыдатаў на пасаду чарговага віцэ-прэзыдэнта, у якіх старэйшы й больш спракрыкаваны ў такіх справах віцэ-прэзыдэнт Абамы Джо Байдан ня змог перамагчы маладога апанэнта з каманды Ромні Пола Раяна.
Вядома, у такой сытуацыі Абама ня меў іншага выбару, як напоўніцу рыхтавацца да сваіх дэбатаў, і трэба адначыць, што гэтым разам выглядаў ён значна лепш, чым мінулым.
Але колькі ні рыхтуйся, абараніць тое, што не абараняецца, усё адно ня можна. Як можна называць дасягненьнем узровень беспрацоўя ў 7,8%, зьвязваючы гэта з заканчэньнем крызісу, калі паказьнік прадукцыйнай эканомікі 3,5 — 4% беспрацоўных? Пра гэта й сказаў Ромні, бо з улікам тых, хто не працуюць, але ў лік беспрацоўных не трапляюць, рэальна ня маюць працы каля 11%. Мушу растлумачыць, што чалавек, які страціў працу й не знайшоў новую цягам наступных шасьці месяцаў, беспрацоўным ужо ня лічыцца, а значыць не ўваходзіць у пададзеныя Абамам адсоткі.
Закранулі кандыдаты ў прэзыдэнты й тэму коштаў на бэнзын. Рэч у тым што пад час прэзыдэнцтва Абамы кошт бэнзыну вырас амаль удвая. Міністар жа энэргэтыкі ЗША сказаў што «кошт бэнзыну — гэта ня нашая праблема».
«Ці вы з гэтым згодны?» — задаў пытаньне Абаму адзін з прысутных на дэбатах. Абама адказаў, што трэба павялічыць ужываньне экалягічна чыстай энэргіі й падняць здабычу нафты. Тады Ромні запытаўся ў Абамы, чаму той адабраў у нафтавых кампаніяў ліцэнзіі на здабычу нафты на дзяржаўных землях і ня даў новых ліцэнзіяў, як гэта рабілася раней. Выразнага адказу ў Абамы не знайшлося, як не знайшлося яго й на наступную рэпліку Ромні адносна заявы кіраўніка ўправы аховы навакольнага асяродзьдзя з каманды Абамы, які заявіў, калі ты хочаш адчыніць бізнэс здабычы вугля — пры наяўных законах гэтага зрабіць немагчыма.
Прысутны на дэбатах афраамэрыканец, які на мінулых выбарах з энтузіязмам галасаваў за Абаму, запытаўся ў яго: «Што вы такое зрабілі за апошнія чатыры гады, каб атрымаць мой голас ізноў, пры тым што многія жыцьцёва неабходныя рэчы ў апошнія гады падаражэлі».
Абама пералічыў дасягненьні, зробленыя пры ягоным кіраўніцтве, але, па-мойму, мала ў чым пераканаў таго, хто задаваў пытаньне…
Я ўжо сказаў, што да гэтых дэбатаў Абама падрыхтаваўся лепш, чым да першых. У выніку пазначыліся некаторыя, можа, недастаткова моцныя, бакі Ромні… Але пра гэта, я думаю, напішуць прыхільнікі дэмакратаў.
І яшчэ. Апошнім разам маім перадвыбарчым віз-а-ві быў Валер Кавалеўскі, якому я хацеў бы шчыра падзякаваць за тое, што, падаючы сваю пазыцыю й сваё бачаньне перадвыбарчай кампаніі ў ЗША, падаў мне пару карысных прыкладаў, як казаў мой дзед па кудзелі Франціш, «і праўду сказаць, і пана не абразіць».
Паглядзець поўнае відэа з дэбатаў:
Мікола Салавей
Абама-Ромні 46:39
Чыстай перамогай з боку Абамы скончыўся ўчора другі тур перадвыбарчых дэбатаў, што адбыліся ва ўнівэрсытэце на высьпе Лонг Айлэнд, што ў штаце Нью-Ёрк.
Тэлекампанія CNN правяла апытаньне сярод выбарнікаў, якія да гэтае пары ня вызначыліся, за каго будуць галасаваць з пытаньнем: Хто на вашую думку перамог у сёньняшіх спрэчках. 46% сказалі Барак Абама, 39% сказалі Міт Ромні.
Сёньня барацьба ідзе за шэраг штатаў, якія згуляюць ключавую ролю падчас гэтых выбараў: Агаё, Аёва, Нэвада, Флёрыда, дзе сёньня Абамава перавага толькі пару працэнтаў, у памерах статыстычнай памылкі. У бальшыні астатніх штатаў усё больш-менш выначана.
Штаты, дзе пераважае адукаванае і заможнае насельніцтва — паўночны ўсход і заходняе ўзьбярэжжа традыцыйна галасуюць за дэмакратаў, правінцыйныя паўднёвыя штаты — за рэспубліканцаў, і вынікі дэбатаў тут моцна не паўплываюць на палітычную раскладку падчас выбараў, якія адбудуцца праз 3 тыдні.
Ачуняўшы пасьля паразы ў першым туры дэбатаў, гэтым разам дзейны прэзыдэнт зрабіў усё, што ад яго чакалі аднапартыйцы. Ён шмат атакаваў, калі трэба было быць злосным — ён вельмі эмацыйна гэта паказваў. Адкінуўшы занадта карэктнае выхаваньне, калі трэба было абазваць ілгуна ілгуном, ён, не саромеючыся, гэта рабіў. 4 разы за паўтары гадзіны ён цьвёрда казаў: Губэрнатар Ромні, вы кажаце няпраўду (як вядома, Ромні, падчас кампаніі мяняе свае выказваньні на дыямэтральна супрацьлеглыя, залежачы ад таго, перад кім выступае). А таксама Абама цудоўна згуляў карту 47%, чаго не зрабіў у першы раз. Прыгадаў у наўпроставым эфіры выказваньне Ромні, зробленае ім раней, на прыватнай вечарыне ў Флёрыдзе, дзе той абазваў 47 адсоткаў амэрыканцаў дармаедамі, якія ні ў якім разе за яго ня будуць галасаваць.
Нельга сказаць, што Ромні выглядаў хлопчыкам для біцьця. Добры і ветлівы аратар і майстар дэбатаў (Навуку дэбатаў выкладаюць у добрых амэрыканскіх унівэрсытэтах). Акуратны, у блакітным гальштуку (Абама меў чырвоны) ён пачаў спрэчкі з атакі, дзе казаў, што будзе абараняць інтарэсы ўсіх амерыканцаў, але быў хутка спынены Абамам, каторы грунтоўна даказаў, што той, хутчэй будзе абараняць інтарэсы 1% насельніцтва — найбагцейшы 1%. Таксама някепска Міт Ромні абыграў істотную для многіх амэрыканцаў тэму падвышэньня ў два разы коштаў на бэнзын за апошнія чатыры гады, але і тут ён быў абыграны прэзыдэнтам, які патлумачыў, што 4 гады таму эканоміка, якая дасталася ў спадчыну ад Дж. Буша, была на краі суцэльнага краху, таму і кошты на нафту былі мінімальныя, і што калі рэспубліканец стане прэзыдэнтам і бэнзын зноў будзе каштаваць у два разы таньней, то дасягнута гэта можа быць толькі чарговым эканамічным каляпсам.
Вельмі цікавае пытаньне атрымаў Ромні ад прысутных: «Якая розьніца паміж вамі і Джорджам Бушам-малодшым, які ледзь ня цалкам зруйнаваў эканоміку і фінансы гэтай краіны?»
Мне асабіста было цікава, як пачуваўся Дж. Буш, пачуўшы гэтае пытаньне. Блізкія да Буша людзі пішуць, што той зусім не ў захапленьні ад Ромніевай перадвыбарчай кампаніі і лічыць, што ў таго вельмі мала шанцаў. Ромні сказаў, што ў адрозьненьні ад Буша, першы крок, які ён зробіць — абрынецца на Кітай, назваўшы паднябесную валютным маніпулятарам, і прымусіць Кітай адпусьціць штучны курс юаня, што дапаможа стварыць больш працоўных месцаў у Злучаных Штатах. Абама парыраваў: «Губэрнатар Ромні, вы апошні чалавек у гэтай краіне, які абрынецца на Кітай. Вы зацікаўлены ў тым, каб нашыя працы ўцякалі праз акіян. Так, вядома, існуе розьніца паміж Мітам Ромні і Джорджам Бушам, але не ў эканамічных пытаньнях».
Як заўважылі многія камэнтатары, Міту Ромні вельмі не хапала канкрэтыкі. Ён прыводзіў агульныя факты, але ня меў пад імі ніякай статыстычнай базы. Ён казаў, што выратуе эканоміку, але не казаў, якім чынам. Ён казаў, што разьбярэцца з крывавым рэжымам у Сырыі ці праблемамі з Іранам, але не казаў, як. Зь іншага боку, Абама начыста разьбіваў усе разважаньні праціўніка канкрэтыкай, лічбамі і фактамі.
Па вялікім рахунку другі тур дэбатаў, як і ў бальшыні выпадкаў, атрымаўся вельмі цікавым, пазнавальным і напружаным. Трэці і апошні тур адбудзецца ў чатыры гадзіны раніцы менскага часу ў аўторак, 23 кастрычніка. Сачыць за ім ў наўпроставым эфіры можна будзе на ўэб-сайтах кампаніяў CNN, New York Times ці на Youtube.