Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуджаны Нобэль па хіміі


Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымалі амэрыканскія навукоўцы Робэрт Лефкавіц і Браян Кобілка.

Прэмія прысуджана ім за дасьледаваньні рэцэптараў жывых клетак. Досьледы навукоўцаў, у прыватнасьці, важныя для разуменьня працэсаў, якія прыводзяць да разьвіцьця ракавых пухлін.

Робэрт Лефкавіц нарадзіўся ў 1943-м годзе ў Нью-Ёрку. Атрымаў ступень доктара мэдыцыны ў Калюмбійскім унівэрсытэце. Працаваў у розных мэдычных навукова-дасьледчых інстытутах ЗША, цяпер у Паўночнай Караліне.

Браян Кобілка нарадзіўся ў 1955-м годзе ў Мінэсоце, дзе скончыў унівэрсытэт. Займаўся навуковай працай у Мэдычных школах пры Ельскім і Вашынгтонскім унівэрсытэтах, пісаў доктарскую працу пад кіраўніцтвам Лефкавіца, цяпер працуе ў Стэнфардзкім унівэрсытэце.

Як і іншыя ўзнагароды ў галіне навукі, прэмія за хімічныя адкрыцьці прысуджаецца за дасьледаваньні, праведзеныя больш як дзесяць гадоў таму, так што судзьдзі маюць, з чаго выбіраць.

Летась ляўрэатам па хіміі стаў Даніэль Шэхтман, прафэсар Ізраільскага інстытуту, за адкрыцьцё квазікрышталяў. Гэтае адкрыцьцё замяніла традыцыйнае ўяўленьне аб крышталях.

Сёлетні Нобэлеўскі тыдзень пачаўся ў панядзелак з прысуджэньня прыза ў галіне мэдыцыны — за дасьледаваньне ствалавых клетак, у аўторак была прысуджаная ўзнагарода ў галіне фізыкі — за працы аб квантавых часьцінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG