Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыкі спрабуюць абараніць гарадзенскага калегу


Андрэй Чарнікевіч
Андрэй Чарнікевіч

Да гарадзенскіх гісторыкаў, якія дамагаюцца аднаўленьня на працы суаўтара кнігі «Гродназнаўства» Андрэя Чарнякевіча, далучыліся навукоўцы з Польшчы, Чэхіі і Ізраілю. Подпісы пад зваротам да міністра адукацыі Беларусі паставілі больш за 30 гісторыкаў і гуманітарыяў з Горадні і Менску, а таксама іхнія калегі з-за мяжы.

Ініцыятыва напісаць ліст міністру адукацыі з патрабаваньнем аднавіць Андрэя Чарнякевіча на працы ўзьнікла ў коле гарадзенскіх гісторыкаў.

Адзін з аўтараў ліста, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, які працуе цяпер у адным з польскіх унівэрсытэтаў, кажа, што ўсе ягоныя гарадзенскія калегі ўспрымаюць дзеяньні адміністрацыі гарадзенскага ўнівэрсытэту ў адносінах да Чарнякевіча як забарону на прафэсію.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч: «Трэба папросту не спускаць такія рэчы, і сутнасьць нашага ліста можна выказаць адным словам — салідарнасьць з калегам, якога перасьледуюць за прафэсійнае выкананьне сваёй працы. Тут галоўнае — не маўчаць і прыцягнуць да гэтага пратэсту ўвагу мас-мэдыяў і грамадзкасьці».

Нягледзячы на тое, што подпісы пад зваротам ставяць гісторыкі з Польшчы — Алег Латышонак, Яўген Мірановіч, з Ізраілю — Захар Шыбека, некаторыя беларускія калегі Чарнякевіча ня важацца на такі крок. Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук рабіў паштовую рассылку гісторыкам па Беларусі і распавядае, як тыя ацэньваюць ініцыятыву.

Паводле Смалянчука, некаторых напалохаў апошні абзац звароту, у якім гаворка ідзе пра тых, хто звольніў Чарнякевіча. У звароце гісторыкі нагадваюць ім, што ацэнку іхнім дзеяньням будуць даваць усё роўна яны — гісторыкі.

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук
Смалянчук: «У кожнага, вядома, свая пазыцыя. Некаторым падаецца, што тут пагроза гучыць, а яе не павінна быць. Адзін з калегаў напісаў: „Трэба напісаць, што мы будзем чакаць вашага мудрага рашэньня“. Я на гэта адказаў, што прасіць „мудрага рашэньня“ мне папросту перашкаджае чалавечы і прафэсійны гонар. Дый якое тут можа быць „мудрае рашэньне“, каго „мудрае рашэньне“?»

Пад зваротам да міністра паставіла свой подпіс доктар тэалёгіі зь Менску Ірына Дубянецкая.

Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая
Дубянецкая: «Калі звальняюць прафэсійнага гісторыка, які прафэсійна займаецца гісторыяй, то каго тады яшчэ не звальняць? І каго тады наймаць на працу? Ідэолягаў, якія ня ведаюць гісторыі? Гэта цалкам немагчымая нідзе ў цывілізаваным грамадзтве рэч, каб з унівэрсытэту звальнялі чалавека за прафэсійную дзейнасьць».

Алесь Краўцэвіч нагадаў, што ў 2008 годзе, калі ў Гарадзенскім унівэрсытэце адбывалася гістарычная канфэрэнцыя, адміністрацыя ўнівэрсытэту выкрасьліла з праграмы ягоны даклад і даклад доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука. Тады на знак салідарнасьці 40 гісторыкаў адмовіліся браць удзел у канфэрэнцыі. Сярод іх быў і Андрэй Чарнякевіч.

Андрэя Чарнякевіча, дацэнта Гарадзенскага ўнівэрсытэту, аднаго з аўтараў нашумелай кнігі «Гродназнаўства» звольнілі з працы з афіцыйнай фармулёўкай — за сыстэматычнае парушэньне працоўнай дысцыпліны. Сам Чарнякевіч і ягоныя калегі ня маюць сумневу, што сапраўдная прычына — удзел у напісаньні кнігі «Гродназнаўства».

Падручнік «Гродназнаўства» напісаны вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі. У яго 38 параграфах аб’ектыўна апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю гораду. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.

Першапачаткова інфармацыя пра кнігу шырока падавалася ў мясцовых СМІ, ладзіліся прэзэнтацыі. Але празь некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG