Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей «даў бой» Захаду


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
Многія сучасныя геапалітычныя праблемы выкліканыя тым, што «некаторыя краіны ня бачаць ні межаў сваім зьнешнепалітычным амбіцыям, ні іншых формаў дзяржаўнага жыцьця, акрамя сваёй уласнай». Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, выступаючы 1 кастрычніка ў агульнай дыскусіі на 67-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Паводле міністра, «дзяржавы, якія адмаўляюцца жыць па навязаным звонку шаблёне і адстойваюць свой рэальны сувэрэнітэт, сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы, вымушаныя дорага расплачвацца за гэтае права». У якасьці прыкладу міністар прывёў Кубу.

«Цьвёрда перакананы, што ўсе спробы прымусіць іншых рабіць нешта не па іх уласнай волі асуджаныя на правал. Няўжо ж мы ня можам засвоіць ніякіх урокаў зь мінулага? Бо ня зброя і не багацьце зьяўляюцца самай вялікай сілай руху на плянэце. Гэтая сіла зыходзіць з духу самавызначэньня. Калі народ абраў свой шлях разьвіцьця – мірнага і прагрэсіўнага, ніякая вонкавая сіла яго ў гэтым ня спыніць», – заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што «час імпэрыялізму, у якія б прыгожыя лёзунгі яго ні апраналі – «дэмакратыя», «правы чалавека», «добрае кіраваньне», незваротна сышоў».

На думку міністра, галоўнай прычынай глябальных эканамічных праблем сучаснасьці зьяўляецца палітыка так званага рынкавага фундамэнталізму.

Таксама Макей заявіў, што «двайныя стандарты ў зьнешняй палітыцы «моцных гэтага сьвету» сталі нормай»: «Для «сяброў», якія гуляюць па іх правілах, гэтыя вядучыя сусьветныя гульцы гатовыя пайсьці на ўсё. Для апанэнтаў у іх прызначаны прымусовыя прышчэпкі дэмакратыі і правоў чалавека. Толькі ўласныя інтарэсы вызначаюць для гэтых дзеячоў тое, што яшчэ ўчора яны паціскалі табе руку, а сёньня адкрыта спрыяюць твайму падзеньню.

Разглядаючы правы чалавека ў іншых краінах праз павелічальнае шкло, у сваіх уласных яны адмаўляюцца заўважаць іх нават у тэлескоп. Іншымі словамі, мы назіраем узмацненьне беспрынцыповасьці і барбарскіх мэтадаў у зьнешняй палітыцы, годных настаўленьняў самога Макіявэлі».

Беларускі міністар лічыць, што для вырашэньня «шматлікіх праблем» сучаснасьці неабходна вярнуцца да закладзеных у 1945 годзе ў Сан-Францыска прынцыпаў і асноваў пабудовы сучаснага сьвету, сярод якіх шматбаковасьць, справядлівасьць і супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG