Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыкам ААН па Беларусі прызначаны Міклаш Харашці


Міклаш Харашці
Міклаш Харашці
Такое рашэньне было прынята 28 верасьня ў Жэнэве на 21-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, паведамляе БелаПАН.

Супраць прызначэньня выступілі некалькі краінаў, у прыватнасьці Расея і Куба. Прадстаўнік Расеі нагадаў, што расейская дэлегацыя яшчэ на 20-й сэсіі сёлета ў чэрвені галасавала супраць прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі, якая прадугледжвала ўвядзеньне мандата спэцдакладчыка.

Прадстаўнік Кубы раскрытыкаваў старшыню Рады па правах чалавека Лору Дзюпюі Ласэр за тое, што адной з прычынаў выбару кандыдатуры Харашці стала яго веданьне расейскай мовы. Ён таксама падкрэсліў, што Куба з самага пачатку не падтрымлівала ідэю прызначэньня спэцдакладчыка па Беларусі.

Ласэр у адказ нагадала прадстаўніку Кубы, што выбар кандыдатуры зьяўляецца прэрагатывай старшыні рады, і яна да гэтага выбару падышла з усёй аб’ектыўнасьцю.

Раней акрамя Харашці, які займаў пасаду прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ, кансультацыйная група рэкамэндавала ў якасьці кандыдатаў на пасаду спэцдакладчыка па Беларусі былога судзьдзю Страсбурскага суду Ханэ-Сові Грэвэ (Нарвэгія) і юрыста Джарэда Генсэра (ЗША).

Міклаш Харашці паходзіць з Вугоршчыны, раней ачольваў місіі АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў розных краінах, займаў пасаду прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ.

Мандаты спэцдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя Радай ААН па правах чалавека летам 2007 году.

У ліпені 2012 году Рада ААН па правах чалавека вырашыла зноў увесьці мандат спэцдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэньня правоў чалавека. У адказ афіцыйны Менск заявіў, што не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім узаемадзейнічаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG