Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастар Бокун: «Беларуская турма — спадкаемніца савецкіх лягераў»

абноўлена

Антоній Бокун
Антоній Бокун

Пастар Антоній Бокун з Царквы хрысьціянаў веры эвангельскай «Ян Прадвесьнік» напісаў зварот з нагоды інфармацыі пра ціск на палітзьняволенага Зьмітра Дашкевіча ў Мазырскай калёніі № 20.

У звароце пастар Бокун патрабуе расьсьледаваць факты дзеяньняў адміністрацыі калёніі, спыніць ціск на Дашкевіча і пакараць вінаватых у ім службовых асобаў.

«Выклікае неразуменьне і трывогу, што прадстаўнікі адміністрацыі Мазырскай папраўчай калёніі № 20 дазваляюць сабе зьняважліва выказвацца адносна хрысьціянскай канфэсіі, якая прадстаўлена ў Беларусі амаль 1000-й зарэгістраваных абшчын і аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах дзясяткі тысяч вернікаў», — піша ў сваім звароце пастар Бокун.

Пастар Антоній Бокун ведае Зьмітра з 2002 году. У 2005-м той прыйшоў у царкву «Ян Прадвесьнік», а ў 2006-м ахрысьціўся ў ёй. Праўда, — кажа пастар Бокун, — большую частку гэтага часу ён правёў у вязьніцы.

Антоній Бокун: «Я лічу сваім пастырскім абавязкам рэагаваць на такую сытуацыю.

Дашкевіч вельмі часта вымушаны быў пачынаць галадоўку з-за таго, што яму не давалі магчымасьці чытаць Біблію, мець Біблію. Такія праблемы на працягу ягонага зьняволеньня ўзьнікалі пастаянна. А тут яшчэ дадалося дзіўнае, неадэкватнае, абразьлівае стаўленьне кіраўніцтва калёніі менавіта з-за таго, што ён чалавек веруючы. І я не разумею, чаму ў адміністрацыі такое стаўленьне да веруючых. Бо менавіта дзякуючы працы эвангельскай царквы са зьняволенымі шмат хто зь іх пасьля робіцца нармальнымі людзьмі, чальцамі грамадзтва. Я думаю, што адміністрацыя з гэтым сутыкаецца».

Пастар Антоній упэўнены, што верніку лягчэй пераносіць зьняволеньне:

«Але беларуская турма бесчалавечная. Нашая пэнітэнцыярная сыстэма — спадкаемніца сыстэмы савецкіх лягераў. І ўсё, што ў ёй ёсьць, засталося ад яе. Гэтая сыстэма накіраваная на зьнішчэньне, зьневажэньне чалавека. А не на тое, каб ён усьвядоміў тое, што ён зрабіў. Але веруючаму чалавеку ўсё адно лягчэй гэта перажыць. Ён ведае, што зь ім ёсьць Бог».

Антоній Бокун упэўнены, што трэба падтрымліваць Зьмітра лістамі, а таксама патрабаваць ад кіраўніцтва калёніі прытрымлівацца законнасьці і гуманнасьці.

Зварот пастара Антонія Бокуна накіраваны ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Рэспублікі Беларусь, Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Юрыст Дзіна Шаўцова, экспэрт па пытаньнях свабоды веравызнаньня, кажа, што ў выпадку Зьмітра Дашкевіча хутчэй трэба казаць пра недапушчальнасьць прымяненьня катаваньняў. Што тычыцца абмежаваньня ягонай рэлігійнай свабоды, яна мяркуе так: «Я ведаю з паведамленьняў прэсы, што яму, напрыклад, абмяжоўваюць перапіску, абмяжоўваюць спатканьні. А ў гэтым таксама ёсьць парушэньне свабоды веравызнаньня, бо верніку неабходная камунікацыя з адзінаверцамі, з пастарам. Тут цалкам магчыма гаварыць пра гэта».

Справа Дашкевіча

28 жніўня на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава да чатырох гадоў.

Пацярпелых Алега Малышава і Канстанціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў. Суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, таму што яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прыадчыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

У глыбоцкай калоніі Дашкевіч адбываў пакараньне па крымінальнай справе, узбуджанай у канцы 2010 года. Напярэдадні апошніх выбараў прэзыдэнта Беларусі, 18 сьнежня 2010 года, Дашкевіча і яго таварыша па «Маладому фронту» Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачваньні ў зьбіцьці двух мужчын. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы расцанілі арышт Дашкевіча і Лобава, асуджанага да чатырох гадоў пазбаўленьня волі, як прэвэнтыўную меру па зачыстцы актывістаў апазыцыі напярэдадні выбараў.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязьнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG