Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aлесю Бяляцкаму – 50


Belarus – the illustration for the book «The Case of Byalyatski».
Belarus – the illustration for the book «The Case of Byalyatski».
Адзін з кіраўнікоў таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", стваральнік Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча, аўтар шматлікіх каталіцкіх выдавецкіх праектаў, кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна", ляўрэат некалькіх міжнародных узнагародаў сустракае свой юбілей за турэмнымі кратамі. Але сябры ды паплечнікі вырашылі ўсё ж наладзіць вечарыну ў ягоны гонар.

Твой сябар у турме, а ты на волі ды сьвяткуеш ягоны дзень народзінаў. Ці ня будзе гэта амаральна? Такое пытаньне доўга ня мела адназначнага адказу сярод арганізатараў сёньняшняй імпрэзы ў гонар паўвекавога юбілею Алеся Бяляцкага. Урэшце сышліся на тым, што такая імпрэза будзе добрай падтрымкай зьняволенаму сябру, але сутыкнуліся зь іншай праблемай, - кажа паэт і праваабаронца Сяржук Сыс:

"Настолькі шматгранны чалавек Алесь, што тут ня проста паказаць розныя сфэры ягонай дзейнасьці. Гэта і літаратура ад "Тутэйшых" пачынаючы, гэта яго каталіцкія ініцыятывы, выданьне там першага часопіса, гэта і праваабарона, і музэйная праца. Мы пастараліся ў праграме ўмясьціць усе гэтыя рэчы. Выступаць будуць і літаратары, і гісторыкі, і філёзафы, і праваабаронцы. Будзе Ўладзімер Някляеў, Вінцук Вячорка, Гары Паганяйла, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў".

Прыедуць на вечарыну і сябры й паплечнікі юбіляра з рэгіёнаў. Музычнае аздабленьне зробіць квартэт ансамбля "Клясык-Авангард", якія зайграе любімыя мэлёдыі Алеся Бяляцкага з "Полацкага сшытка". Сяржук Сыс працягвае:

"Самае галоўнае, што мы хацелі, - сабраць сяброў, і каб гэта прыгожа выглядала".

Далучыцца да сяброўскае імпрэзы ў гонар пяцідзесяцігодзьдзя Алеся Бяляцкага можна 25 верасьня а 18-30 у сталічнай галярэі "Ў" (пр.Незалежнасьці, 37А).

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вяртсіля, Сартавальскіага раёну Карэліі ў беларускай сям'і. Хутка сям'я вярнулася ў Беларусь на сталае жыхарства ў горад Сьветлагорск Гомельскай вобласьці. Там Алесь скончыў сярэднюю школу, затым Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук. У 1986 годзе Алесь Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым — старшынёй гэтай арганізацыі. У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства "Мартыралёг Беларусі", быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1990-м стаў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады. У 1992—1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету.З 1989-га па 1998-ы працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.

З 1997-га кіруе праваабарончым цэнтрам "Вясна". У 2007 годзе быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH). Ганаровы грамадзянін г. Генуя (правінцыя Лігурыя, Італія).

Мужная і пасьлядоўная пазыцыя Алеся Бяляцкага па адстойваньні правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім сьвеце адзначалася многімі міжнароднымі ўзнагародамі. У 2006 годзе ён быў узнагароджаны Швэедзкай прэміяй імя Пера Ангера, Прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава (Нарвэскі Хэльсынскі камітэт), Прэміяй Homo Homini арганізацыі People in Need (“Чалавек у бядзе”, Прага, Чэхія). У 2011 праваабарончы цэнтар "Вясна" пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага быў уганараваны Прэміяй Свабоды Атлянтычнай Рады ЗША.
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году. Яму выставілі абвінавачаньне на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу РБ .Неўзабаве пасьля арышту Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Вызваленьня праваабаронцы патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых краінаў. Сёлета Бяляцкага вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG