Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ: Не было роўнай канкурэнцыі ад пачатку


Міжнародныя назіральнікі ад Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ АБСЭ) ды Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (ПА АБСЭ), прыйшлі да высновы, што шматлікія абавязаньні АБСЭ ў дачыненьні да дэмакратычных правоў грамадзян на аб’яднаньне, вылучэньня кандыдатаў і свабоды выказваць сваё меркаваньне не былі выкананыя ў часе парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве назіральнікаў АБСЭ.

«Назіральнікі вызначылі, што выбары ў Беларусі не былі праведзеныя бесстароньнім чынам, і што працэс разгляду скаргаў і апэляцый не гарантуе эфэктыўнай прававой абароны», — адзначаецца ў заяве.

«На гэтых выбарах не было роўнай канкурэнцыі ад самага пачатку», — сказаў Матэа Mэкачы, спэцыяльны каардынатар, які ўзначальваў кароткатэрміновую місію назіральнікаў АБСЭ. «Свабодныя выбары адбываюцца тады, калі людзі могуць свабодна выказваць сваё меркаваньне, арганізавацца і змагацца за дэпутацкі мандат, а гэтага мы не пабачылі ў гэтай кампаніі. Мы гатовыя працаваць зь Беларусьсю, каб пачаць рабіць крокі наперад у нашых агульных інтарэсах».

«Адсутнасьць нэўтральнасьці і бесстароннасьці з боку выбарчых камісій сур’ёзна падарвала грамадзкі давер да працэсу, — зазначыў старшыня доўгатэрміновай місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за выбарамі Антоніё Мілашоскі. — Грамадзяне павінны быць упэўненыя, што іх галасы будуць улічвацца, але адсутнасьць належнай працэдуры падліку галасоў і адсутнасьць магчымасьці праверкі вынікаў для назіральнікаў выклікае сур’ёзныя засьцярогі».

«У той час, як было адзначана павелічэньне колькасьці кандыдатаў, вылучаных партыямі, вядомыя палітычныя дзеячы, якія маглі б адыграць сваю ролю ў выбарчым працэсе, заставаліся ў турме альбо ня мелі права балятавацца з-за сваёй судзімасьці. Адвольныя адміністрацыйныя рашэньні таксама абмяжоўвалі поле канкурэнцыі і магчымасьці выбару. Нягледзячы на ўдасканаленьні, унесеныя ў закон аб выбарах у 2010 і 2011 гадах, праўная база ня ў поўнай меры гарантуе правядзеньне выбараў у адпаведнасьці з абавязацельствамі Беларусі перад АБСЭ і міжнароднымі стандартамі», — мяркуюць назіральнікі.

«Сярод пазытыўных чыньнікаў трэба адзначыць тое, што палітычныя партыі ўпершыню маглі вылучаць кандыдатаў у акругах, дзе яны ня маюць рэгіянальных аддзелаў, што прывяло да павелічэньня колькасьці кандыдатаў ад партый. Тым ня менш, празьмерна жорсткае ўжываньне закону прывяло да адсеву чвэрці кандыдатаў. Выбарчая кампанія была ледзь бачная на працягу чатырох тыдняў выбарчага працэсу. Хоць Канстытуцыя гарантуе свабоду слова, і ёсьць вялікая колькасьць сродкаў масавай інфармацыі, асьвятленьне кампаніі не дало шырокага спэктру меркаваньняў. Кандыдатам, якія заклікалі да байкоту выбараў, было адмоўлена ў доступе да СМІ, альбо іх выступы цэнзураваліся. Асьвятленьне ў СМІ было засяроджанае на прэзыдэнце і ўрадзе зь мінімальным увагай да кандыдатаў. У той час як датэрміновае галасаваньне і галасаваньне ў дзень выбараў былі ацэненыя станоўча, працэс адчувальна пагоршыўся падчас падліку галасоў. Значнай колькасьці назіральнікаў не далі рэальнай магчымасьці назіраць за падлікам галасоў на вялікай колькасьці ўчасткаў. Тое, што, як і раней, адсутнічала належным чынам акрэсьленая працэдура падліку галасоў, азначала, што сумленны падлік ня можа быць гарантаваны», — заключаюць назіральнікі АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG