Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: «Хімікаў» павезьлі галасаваць прымусова-датэрмінова


Павал Севярынец распавёў пра тое, як «хімікаў» возяць на датэрміновае галасаваньне на аўтобусе. Зьміцер Дашкевіч мусіць быць ў Мазырскай калёніі, але пацьверджаньня гэтаму няма. На рахунку Сяргея Каваленкі — 11 парушэньняў. Зь Міколам Статкевічам сустрэўся адвакат. Навіны беларускіх палітвязьняў.

21 верасьня каля 10 асуджаных да абмежаваньня свабоды з камэндатуры Куплін Пружанскага раёну, дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец, пад наглядам аховы езьдзілі на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць датэрмінова. Пра гэта паведаміў Павал Севярынец, які працуе з гэтымі «хімікамі» ў адной гаспадарцы. Паводле Паўла Севярынца, «хімікаў» фактычна прымусілі галасаваць датэрмінова.

«Я задаваў пытаньне, мне сказалі, што ніхто нікога прымушаць галасаваць датэрмінова ня будзе. Гэта ў нашай камэндатуры. Але сёньня ў нас на працы „хімікаў“ проста пагрузілі і завезьлі на галасаваньне. Але некаторыя адмовіліся. На гэты час стала праца. Звычайна ў нас грукоча тэхніка, а тут — цішыня. Я гэтак разумею, што замова была менавіта на „хімікаў“. А тыя, хто прагаласаваў, казалі, прыехаўшы, што марна патрацілі грошы. Калі абіраюць аднаго з аднаго, то якія гэта выбары? Большасьць разумее, што гэта махлярства».

Павал Севярынец адбывае 3 гады «хіміі» за ўдзел ў пасьлявыбарчым пратэсьце 19 сьнежня 2010 году.

Знаходжаньне Зьмітра Дашкевіча ў Мазырскай калёніі ахоўнікі не пацьвярджаюць

Павал Севярынец паведаміў таксама, што мазырская суполка актывістаў БХД ужо абмеркавала, як будуць апекавацца Зьмітром Дашкевічам, якога накіравалі для адбыцьця пакараньня ў Мазырскую калёнію. Аднак дакладнага пацьверджаньня, што Зьміцер ужо патрапіў у гэту калёнію, пакуль няма. Пра гэта кажа нявеста палітвязьня Наста Палажанка.

«Па тэлефоне яны інфармацыі не даюць. У мяне ёсьць толькі дакумэнт, што ён там павінен быць. Але калі, невядома, бо невядома, калі яго туды павезьлі. Дасьведчаныя людзі кажуць, што этап з Віцебску да Мазыра ідзе адзін дзень. Таму ён з большага мусіць быць там, але ніякіх доказаў гэтаму ў мяне няма».

Паводле Насты Палажанкі на наступным тыдні ў Мазырскую калёнію на сустрэчу з Дашкевічам плянуе паехаць адвакат.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч атрымаў яшчэ год калёніі нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі Глыбоцкай калёніі. На волю актывіст мае выйсьці толькі ў кастрычніку будучага году.

У Сяргея Каваленкі — 11 парушэньняў


Вязень магілёўскай калёніі Сяргей Каваленка змог патэлефанаваць дамоў. Жонка Каваленкі Алена распавяла, што ёй стала вядома пра справы мужа ў калёніі.

«Увага да яго звышпільная. Вось мне стала вядома, колькі за ім лічыцца парушэньняў. Аказваецца, ўсяго за 4 месяцы зафіксавана ў яго 11 парушэньняў, за гэта на яго наклалі 4 спагнаньні. У тым ліку яго каралі карцэрам. Але зараз, дзякуй Богу, знаходзіцца не ў карцэры».

Паводле Алены Каваленкі, на здароўе яе муж не скардзіўся.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка адбывае год і месяц калёніі за парушэньне адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Ліставаньне Мікалая Статкевіча з жонкамі палітвязьняў забароненае


Былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ў Магілўскай турме наведаў адвакат. Жонка палітыка Марына Адамовіч распавяла.

«Адсутнасьць пераменаў у нашым выпадку — лепшая навіна. Ён нармальна выглядае, пачуваецца, як звычайна. Паведаміў, што ягоная перапіска з жонкамі палітвязьняў фактычна забароненая. Яны яго віншуюць, ён ім адказвае, але аказваецца, што ягоныя лісты да іх не даходзяць. Яшчэ выказаў сваю пазыцыю па выбарах, але я яе агучу крыху пазьней».

Галасаваць на выбарах, як асуджаны да зьняволеньня, Мікалай Статкевіч ня мае права. За Плошчу палітык быў пакараны на 6 гадоў калёніі, але ў пачатку году палітвязень быў пераведзены ў крытую турму як злосны парушальнік рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG