Ужо падчас самой выбарчай кампаніі ўлады сваімі дзеяньнямі толькі ўмацавалі тэндэнцыю да байкоту сярод апазыцыйных структур. Яны не зарэгістравалі шэраг кандыдатаў ад апазыцыі, якія мелі намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца (А. Мілінкевіча, сяброў арганізацыі «Гавары праўду»). І цяпер тым кандыдатам нічога не застаецца, як далучыцца да байкоту.
Контрапрапаганда ўладаў, у якой прыняў удзел сам Лукашэнка, толькі ўзмацніла ўвагу да гэтага пытаньня. У выніку пра ініцыятыву апазыцыі даведаліся людзі, далёкія ад палітыкі.
Чаму ўлады ўбачылі ў тактыцы байкоту небясьпеку для сябе і пачалі ёй процідзейнічаць? Вось не дазваляюць пікеты з заклікамі байкатаваць выбары. У эфір не прапускаюць тэлевыступы апазыцыйных кандыдатаў, у якіх ёсьць заклікі да байкоту. Сам факт няўдзелу большасьці насельніцтва ў галасаваньні непасрэднай пагрозы ўладам не нясе. Выбарчыя камісіі даўно навучыліся рабіць патрэбны працэнт яўкі незалежна ад таго, колькі сапраўды грамадзян прыйшло на ўчасткі прагаласаваць. Лідзія Ярмошына ўжо назвала прыкладную лічбу выбарцаў, якія прыйдуць на выбары.
Але яшчэ з савецкіх часоў удзел у выбарах — прыкмета ляяльнасьці насельніцтва існуючай уладзе. І калі большасьць грамадзян не прыйшлі б на выбарчыя ўчасткі, прычым на фоне абвешчанага апазыцыяй байкоту, то гэта стала б маральна-псыхалягічным ударам для кіраўніцтва дзяржавы.
Таму барацьба за высокую яўку ў гэтай кампаніі стане галоўнай задачай усёй выканаўчай вэртыкалі. Менавіта па гэтым паказчыку, а не па ўзроўні ўраджайнасьці, будуць ацэньваць эфэктыўнасьць дзейнасьці мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Можна выказаць здагадку, што на гэтых выбарах адміністрацыйны рэсурс з мэтай прымусу грамадзян да ўдзелу ў выбарах будзе ўключаны на поўную магутнасьць.
Іншае пытаньне, што гэтая актуальная для любой краіны тэма не разбудзіла беларускае грамадзтва. Дыскусіі пра сэнс выбараў вядуцца толькі ў СМІ і інтэрнэце. Яны не перайшлі на кухні, у курылкі, грамадзкі транспарт.
Праблема тут ня толькі ў тым, што грамадзтва застыла ў стане апатыі, абыякавасьці і нейкай фатальнай безвыходнасьці. Ёсьць віна і апазыцыі.
Перакананьне насельніцтва, што ў нас няма выбараў, таму трэба байкатаваць гэтую выбарчую кампанію, не дае адказу на пытаньне, як зьмяніць цяперашнюю сытуацыю. То бок выбарцаў заклікаюць да пасіўнага пратэсту, да таго, каб паказаць уладзе кукіш у кішэні. (Хоць для шмат каго ў Беларусі і адмова галасаваць — амаль подзьвіг.) Насельніцтву тлумачаць, чаго ня трэба рабіць, але ня кажуць, што ж рабіць трэба. Няма пазытыўнай праграмы, няма нейкага пляну, праекту, сцэнару, з дапамогай якога можна дасягнуць пераменаў.
Ніхто зь лідэраў апазыцыі не імкнецца растлумачыць электарату сэнс пратэсту ў выглядзе байкоту. І абывацель задае лягічнае пытаньне: ну добра, ня пойдзем мы на выбары — і што далей? Якая ад гэтага шкода рэжыму, карысьць дэмакратыі? Няма стратэгіі выкарыстаньня пасіўнага пратэсту дзеля перамогі.
Тактыка дэмабілізацыі свайго электарату мае пэўныя мінусы. Паводле сацыялягічных апытаньняў, якраз прыхільнікі апазыцыі найменш ходзяць на выбары. І наадварот, заўзятары Лукашэнкі падчас выбарчых кампаніяў вельмі актыўныя. Калі цяпер кампанія дэмабілізацыі дасьць вынік (хоць сацыёлягі гэта не пацьвярджаюць), то ў момант, калі апазыцыі спатрэбіцца мабілізаваць свой электарат, напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, з гэтага можа нічога не атрымацца.
То бок апазыцыя прапануе цяпер зладзіць хутчэй маральны пратэст, чым палітычны. І гэта галоўная хіба тактыкі байкоту.