Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое пытаньне галоўнае ў гэтай выбарчай кампаніі?


Якое пытаньне зьяўляецца галоўным у гэтай выбарчай кампаніі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00

Працягваецца агітацыйная кампанія на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Якая галоўная тэма гэтых выбараў? Ці ўдалося апазыцыі навязаць свой парадак дня? Што на першы плян вылучаюць праўладныя кандыдаты?

Удзельнікі: палітоляг, кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Падгол і паліттэхноляг Сяргей Марцалеў.

Якая галоўная тэма гэтых выбараў?


Валер Карбалевіч: «Агітацыйная кампанія ў самым разгары. Кандыдаты выступаюць па радыё і тэлевізіі, удзельнічаюць у дэбатах, сустракаюцца з выбарцамі. Тэма выбараў пакрысе павялічвае сваю вагу на інфармацыйным экране.

Звычайна ў любой выбарчай кампаніі, нават калі яна праходзіць у недэмакратычных умовах, вымалёўваецца нейкая галоўная тэма, на якой сфакусаваная ўвага і вакол якой адбываецца калі не палеміка, то агітацыйная актыўнасьць палітычных суб’ектаў. Гэтае асноўнае пытаньне выбараў або вызначаецца самой лёгікай палітычнага працэсу, альбо навязваецца грамадзтву дамінуючай палітычнай сілай, якая валодае найбольшымі інфармацыйнымі магчымасьцямі.

А якая галоўная тэма, галоўнае пытаньне цяперашняй выбарчай кампаніі? Як кажа Юры Дракахруст, пра што выбары?»

Уладзімер Падгол: «Першае. Нашы дысыдэнты паспрабавалі стаць апазыцыянэрамі, і гэта ім у нейкай ступені ўдалося. Тэма байкоту зрабілася адной з стрыжнявых на гэтых выбарах. На яе „павёўся“ нават Лукашэнка. Ён накінуўся на ўдзельнікаў байкоту, заявіў, што яны імкнуцца „перавярнуць краіну“, зладзіць выбухі і страляніну. То бок для ўлады гэтая тэма стала балючай. Супраць яе агітуюць і Ярмошына, і Лазавік. „Белая Русь“ нават правяла мітынг супраць байкоту.
Фармальна гэта парлямэнцкія выбары, а фактычна — прэзыдэнцкія

Другое. Фармальна гэта парлямэнцкія выбары, а фактычна — прэзыдэнцкія. Я пра гэта заяўляў некалькі месяцаў запар. І вось на гэта адрэагавала Ярмошына. У нядзелю на тэлеканале „Беларусь-1“ яна заявіла, што некаторыя кандыдаты вядуць гэтую кампанію як прэзыдэнцкую, гавораць пра глябальныя праблемы. І яна імкнулася зьвесьці гэтыя выбары да выбараў у райсавет. Ярмошына казала, што насельніцтва цікавяць мясцовыя праблемы, таму кандыдатам пра іх і трэба гаварыць. Закамуфлявана праводзіцца думка, што ў Беларусі адзін палітык — Лукашэнка. А дэпутаты мусяць закопваць лужыны і цыраваць дахі».

Карбалевіч: «З высноваў сп. Падгола вынікае, што апазыцыя імкнецца навязаць грамадзтву ў якасьці галоўнай тэмы кампаніі ідэю байкоту, а ўлады імкнуцца зьвесьці кампанію да мясцовых побытавых праблем. Спадар Марцалеў, ці вы згодны з гэтым?»

Сяргей Марцалеў: «Такая канцэпцыя — гэта лёгкая гіпэрбала. Электаральная кампанія 2012 году — гэта фарс. Фактычна гэта прызнаюць улады. Вось нават Ярмошына незадаволеная дынамікай агітацыі і актыўнасьці кандыдатаў.

Кандыдаты апазыцыі ставяць падчас гэтай кампаніі прыкладныя мэты. Бо ні ў кога няма ілюзіяў пра магчымасьць быць выбраным у Палату прадстаўнікоў. Вось, напрыклад, кандыдаты АГП выкарыстоўваюць кампанію дзеля агітацыі за байкот. Галоўная тэма кампаніі — пытаньне ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах. Гэта трохі шырэй, чым пытаньне байкоту. Бо ў розных частак апазыцыі розная тактыка».

Як апазыцыі ўдалося навязаць сваю тэму?


Карбалевіч: «Такім чынам, мае суразмоўцы прыйшлі да высновы, што галоўнай тэмай кампаніі стала пытаньне байкоту (Падгол) ці ўдзелу (Марцалеў). Калі яшчэ больш абагуліць, то гэта пытаньне сэнсу выбараў як такіх, іх функцыі. Бо толькі тады, калі выбары ня маюць сэнсу, то бок ня служаць інструмэнтам выбару ўлады, выплывае тэма байкоту ці ўдзелу/няўдзелу.

І тут здарылася дзіўная рэч. Стала агульным месцам грамадзкіх дыскусій, што апазыцыя ў Беларусі слабая, маргінальная, ня мае ўплыву, ператварылася ў кучку дысыдэнтаў. І вось цяпер высьвятляецца, што менавіта апазыцыя навязала свой парадак дня выбарчай кампаніі. Як гэта ўдалося такой нібыта слабой апазыцыі?»

Падгол: «Нават калі б не было апазыцыі, усё роўна існавала б праблема яўкі на выбары. Бо бальшыні народу яны абыякавыя. Апазыцыя толькі кінула каменьчык, і лявіна пакацілася з гары. Апазыцыя толькі сфармулявала тое, што думала грамадзтва».

Карбалевіч: «У дэмакратычных краінах, дзе праводзяцца сапраўдныя выбары, яўка выбарцаў невысокая, у некаторых дзяржавах яна ледзь перасягае 50%. Таму, можа, настроі беларусаў тут зусім не эксклюзіўныя?»

Падгол: «Эксклюзіў у тым, што беларускае насельніцтва ня бачыць у выбарах мэханізму зьмены ўлады, пераменаў. Улады цяпер спужаліся, што заклік апазыцыі да байкоту можа прывесьці да таго, што выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня апынуцца пустымі».
Улады зрабілі так, каб агітацыя апазыцыі не дасягнула ейнай мэтавай групы

Марцалеў: «Парадак дня вызначае той, хто падае мяч. У нас гэта робіць не апазыцыя, а ўлада».

Карбалевіч: «Так. Але ўлада магла зрабіць выгляд, што ўвогуле не заўважае апазыцыі, яе кампаніі байкоту. Але яна пачала спрачацца з апазыцыяй, нават Лукашэнка ўвязаўся ў дыскусію на тэму байкоту. І выглядае, што менавіта апазыцыя навязала парадак дня выбарчай кампаніі».

Марцалеў: «У Беларусі ўлады не заўсёды прымаюць прагматычныя рашэньні, а часта эмацыйныя».

Карбалевіч: «Ня мае значэньня, рашэньні рацыянальныя ці ірацыянальныя. Важны рэальны вынік».

Марцалеў: «Улады адмыслова прызначылі выбарчую кампанію на пэрыяд лета, калі ў Беларусі надыходзіць агурковы сэзон, людзі капаюць градкі на лецішчы. Альбо едуць адпачываць на мора».

Падгол: «А ў другой частцы кампаніі пачынаецца бульбяна-грыбны сэзон».

Марцалеў: «То бок улады зрабілі так, каб агітацыя апазыцыі не дасягнула ейнай мэтавай групы. Адсюль і вялая дынаміка выбарчай кампаніі.

Некалькі слоў пра саму ідэю байкоту. Лічу ідэю байкоту ці, яшчэ горш, тактыку ігнараваньня выбарчай кампаніі контрапрадуктыўнай. Палітычны працэс пазбаўлены сантымэнтаў. Ідэя байкоту эмацыйна насычаная. Але гэта ідэя замкнутай субкультурнай прасторы дысыдэнтаў. Палітык павінен зыходзіць з рэальных умоваў, у якіх ён апынуўся. Ён павінен найбольш эфэктыўна выкарыстаць нявыгадныя пачатковыя ўмовы дзеля дасягненьня сваіх мэтаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG