Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту з Рагачова пагражае 20-мільённы штраф


Дзяніс Дашкевіч
Дзяніс Дашкевіч

У Рагачове раённая падатковая інспэкцыя склала два пратаколы на актывіста кампаніі «Гавары праўду», рэдактара незалежнага сайту vrogacheve.ru Дзяніса Дашкевіча.

Дашкевіч: «Пратаколы складзеныя на падставе апытаньня, якое было зроблена 23 жніўня мясцовым аддзелам УКДБ. Мяне вінавацяць у незаконным прыняцьці замежнай валюты ў якасьці плацёжнага сродку, а таксама ў занятку забароненым відам дзейнасьці. Мінімальны штраф паводле двух артыкулаў — 9 мільёнаў, максымальны — 20 мільёнаў рублёў. У падатковай інспэкцыі мне сказалі, што пратаколы перашлюць для разгляду ў гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці».

У жніўні мясцовыя супрацоўнікі УКДБ апытвалі спадара Дашкевіча, ягоную жонку й яшчэ двух чалавек, якія дапамагаюць актывісту рабіць незалежны сайт vrogacheve.ru, наконт арганізацыі ў Рагачове вясельля. Тады й закраналася пытаньне пра плату за вясельле валютай.

Будучы ў свой час індывідуальным прадпрымальнікам, Дзяніс арганізоўваў такія сьвяты, але з траўня ён спыніў сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Напярэдадні выкліку ў КДБ Рагачоўская акруговая камісія № 45 не зарэгістравала Дзяніса Дашкевіча кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на той падставе, што ў яго большасьць подпісаў несапраўдныя. Актывіст палічыў бессэнсоўным аспрэчваць рашэньне камісіі пра нерэгістрацыю. Заявіў толькі, што не зьбіраецца спыняць сваю грамадзкую дзейнасьць.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG