Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скалечаная эстэтыка


Амяркоўваем са знаёмым паралімпійскія гульні. «Чаму не вядуцца тэлетрансьляцыі?» — разважаю я. Аргумэнт у адказ: «Неэстэтычнае відовішча».

Ацэнку адказу пакінем у баку. Для каго як, а для мяне, калі змагаюцца за перамогу над лёсам людзі, фізычна тым лёсам скалечаныя — гэта высокая эстэтыка сілы і волі. Зацяты твар спатоўца-інваліда ўражвае мяне больш, чым шчасьце здаровага пераможцы, які ад нараджэньня жыве культам атлетычнага цела.

Чаму многім няёмка і трывожна глядзець на інвалідаў?

Таму што кожны падсьвядома адчувае, што ў самога не хапіла б духу жыць так, як яны?

Таму што гэта частка нашага мэнталітэту: калі ты не такі, як усе — табе ня месца ў грамадзтве? Паводле гэтага прынцыпу недалюбліваюць геяў, іншаскурых, заікаў, апазыцыянэраў, праўдалюбаў, таўстуноў, дыстрофікаў, беларускамоўных, альбіносаў, інтэрнатаўскіх, хворых (сьпіс можна працягнуць).

Памятаю, як уразіў выпадак: зварот мацярок да гарадзкіх уладаў з патрабаваньнем перанесьці інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, арганізаваны ў былым дзіцячым садку. Матыў звароту: дзеці-інваліды кепска ўплываюць на псыхіку здаровых дзяцей.

Альбо тут проста працуе формула Талстога: «Мы любім людзей за тое дабро, якое ім зрабілі, і ненавідзім за зло, якое ім прычыняем»?

Тады ў Беларусі інваліды не дачакаюцца нашай любові яшчэ доўга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG