Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашкевічу перадалі прывітаньне ад Бакіева


Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч 24 жніўня знаходзіўся ў рэстарацыі з сябрамі і атрымаў ад невядомага чалавека запіску з «прывітаньнем» ад Бакіева.


Міхаіл Пашкевіч: «У рэстарацыі падыходзяць да мяне і кажуць: „Вы Міхаіл? Вам запіска“. Адкрываю гэтую сурвэтку і чытаю: „Михаил, вам привет от господина Бакиева“. Я спачатку падумаў, што гэта проста жарт. Пытаюся: „А хто перадаў?“ Адказваюць, што чалавек сеў за столік на летняй тэрасе, падпісаў, папрасіў перадаць, і сышоў. Прычым у рэстарацыі гэтай мы зь сябрамі былі ўпершыню і на машыне ехалі туды. Не выключаю, што нас ужо там чакалі. А калі мы зь сябрамі зьяжджалі, ужо дзьве машыны за намі ўвесь час ехалі, ледзь адарваліся ад іх».

Радыё Свабода: «Як вы думаеце, навошта гэта зрабілі?»

Міхаіл Пашкевіч: «Я ня ведаю, што мне думаць. Дакладна зразумела, што гэта людзі падрыхтаваныя. Бо пільнавалі мяне па ўсім маім маршруце перасоўваньня па горадзе. Відаць, гэта адмыслоўцы, але якія — нашы ці кіргіскія — не магу дакладна сказаць.

Я разумею, што нехта можа падумаць, маўляў, гэтаму Мішу няма чым заняцца, а толькі друкаваць такія „сурвэткі“. Але калі аб адзінаццатай гадзіне вечара атрымліваеш такія „мэсыджы“, то пачынаеш думаць, што лепш перастрахавацца».

Радыё Свабода: «Вам пагражае небясьпека?»

Міхаіл Пашкевіч
Міхаіл Пашкевіч
Міхаіл Пашкевіч: «Калі мы кітайскім паркам займаліся ў Смалявічах, нам таксама ўвесь час перадавалі паведамленьні кшталту „асьцерагайцеся за сваё жыцьцё“. Мажліва, мяне ратуе тое, што я працяглы час займаюся грамадзкай дзейнасьцью і навідавоку і ў журналістаў, і ў праваабаронцаў. Бо калі б на маім месцы быў нейкі новы „Антон Сурапін“, які проста атрымаў фотаздымкі, то, магчыма, празь пяць хвілінаў пасьля таго як я апублікаваў гэтыя фотаздымкі, я ўжо апынуўся б добра калі ў „амэрыканцы“.

Адмыслова ў мяне не было ніякага замыслу супраць Джаныша Бакіева. Я паўтараю, што думаў, што гэта Курманбек Бакіеў, які ўжо мае беларускі пашпарт і яму больш нічога не пагражае. Я больш спужаўся, калі даведаўся, што тыя людзі, якіх я сфатаграфаваў, наўпрост абвінавачваюцца ў забойствах».

Радыё Свабода: «Што будзеце далей рабіць?»

Міхаіл Пашкевіч: «Раз ужо так атрымалася, то трэба мне захоўваць публічнасьць і не замоўчваць тое, што адбываецца. Некаторыя мне кажуць, што ўсё рабілася настолькі нахабна, што мне давалі проста зразумець: мы ведаем, дзе ты і што ты робіш. Ёсьць у мяне прапазыцыі зьбіраць валізкі і ехаць у Эўропу. Але гэта ня лепшы варыянт. Я не зьбіраюся глыбока залазіць у гэтыя справы. І так з гэтых фотаздымкаў атрымаўся такі вялікі міжнародны скандал. Думаю, што не ў інтарэсах ані нашых уладаў, ані кіргіскіх, цяпер вось так падліваць алею ў вагонь. Але „сурвэтка“ гэтая зусім ня жарт, а, на вялікі жаль, праўда».


Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхаіла Пашкевіча
Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхаіла Пашкевіча
Міхаіл Пашкевіч 17 жніўня на вуліцы Карла Маркса ў Менску зрабіў фотаздымкі Джаныбека Бакіева і людзей, якія яго суправаджалі. Выявілася, што брат былога прэзыдэнта Кіргізіі знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу па падазрэньні ў выкраданьні людзей, шкодзе для жыцьця і здароўя, нацыянальных і міжнародных злачынствах. Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду за рэальнае садзеяньне ў вышуку і лоўлі гэтых злачынцаў у суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША.

Фотаздымкі, апублікаваныя Міхаілам Пашкевічам у «Фэйсбуку», выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кіргіскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вэрбальную ноту «аб прыняцьці вычарпальных мераў па больш хуткім затрыманьні грамадзяніна Бакіева Джаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кіргіскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаваньні, Міністэрства замежных спраў Кіргізстана з 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзеньня кансультацый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG