Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астапчук: Мяне проста паставілі перад фактам


Надзея Астапчук
Надзея Астапчук
Беларускія алімпійцы вяртаюцца зь Лёндану з 12 мэдалямі, хоць улады разьлічвалі на значна большую колькасьць. Пры гэтым паўтараецца сытуацыя чатырохгадовай даўніны, калі пачынаюць забіраць і ўжо заробленыя мэдалі. Калі па выніках пэкінскай Алімпіяды за ўжываньне допінгу былі пазбаўленыя ўзнагародаў малатабойцы Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, то сёлета такі ж лёс напаткаў штурхальніцу ядра Надзею Астапчук. Каб даказаць сваю невінаватасьць, Ціхану і Дзевятоўскаму запатрабаваліся больш за два гады і паўмільёна даляраў судовых выдаткаў. Ці зьбіраецца Астапчук аспрэчваць рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту?

У інтэрвію Свабодзе Надзея Астапчук сказала, што ніякай падрабязнай інфармацыі пра пазбаўленьне яе залатога алімпійскага мэдалю пакуль ня мае. Але кажа, што для яе гэта ў літаральным сэнсе гром пасярод яснага неба:

«Канечне, будзем змагацца, але пакуль не зразумела, за што і супраць каго. Бо самі толькі што даведаліся пра такое рашэньне, больш ніякіх падрабязнасьцяў. Думаю, запатрабуецца некалькі дзён, каб атрымаць хоць нейкую больш зразумелую інфармацыю. Навіна, канечне, шокавая, цяпер сяджу на заспакаяльных. Спачатку трэба даведацца, што там і як, бо, яшчэ раз кажу, сама я проста ня ў курсе, адкуль гэта ўсё пайшло. Мяне пакуль што папросту паставілі перад фактам, але ніякіх падрабязнасьцяў ніхто не прадставіў. Таму з нашага боку нейкае рашэньне будзе прымацца, калі ўжо зьявіцца больш поўная інфармацыя. Вам дзякуй за падтрымку, мяркую, яна нам надалей вельмі спатрэбіцца...».

Аляксандр Лукашэнка ўжо пасьпеў узнагародзіць Надзею Астапчук ордэнам Айчыны III ступені.

Спартовы лекар зборнай Беларусі Валеры Бялан, на кантролі ў якога кожны як патэнцыйны, так і абвешчаны пераможца Алімпіяды, кажа, што ў адсутнасьць дакумэнтальна пацьверджаных допінг-пробаў нешта камэнтаваць дачасна:
У мяне былі беларускія і міжнародныя пробы. 28 ліпеня яны былі адмоўнымі
Надзея Астапчук у інтэрвію каналу АНТ

«Ня тое, што я не хачу нешта сказаць, але любы чалавек у здаровым розуме, які зьяўляецца афіцыйнай асобай дэлегацыі, ня будзе камэнтаваць саму гэтую сытуацыю. Чаму? Таму што такая ж падобная сытуацыя была пасьля мінулых Гульняў у Пэкіне зь Ціханам і Дзевятоўскім, зь Несьцярэнкай у Атэнах. Тады да мяне японцы пяць разоў падыходзілі, асабіста запытвалі: вось як вы пракамэнтуеце сытуацыю вакол Несьцярэнкі, бо нібыта ў самых высокіх колах нібыта знойдзены допінг? Добра, кажу, можа і так, але да нас ніякія афіцыйныя асобы з адпаведнымі працэдурамі не прыходзілі. Таму я не магу камэнтаваць сытуацыю, у якой няма нейкіх пускавых момантаў. Гэта зразумела, сыходзячы нават з пазыцыі рэпартэра, пазыцыі лекара, пазыцыі афіцыйнай асобы. І гэта сапраўды так, а ня тое, што я ўхіляюся ад пытаньня».

Такім чынам, з улікам надзвычайных абставінаў цяпер у актыве нацыянальнай зборнай Беларусі не 13, а 12 мэдалёў. Прычым, зьменшылася якраз колькасьць золата, па якім чыноўнікі даводзілі асобны плян — як мінімум пяць алімпійскіх узнагародаў найвышэйшай вартасьці. Але за мінусам мэдаля Астапчук атрымліваецца толькі два золаты. Дарэчы, 25 мэдалёў, што патрабавалі ад беларусаў функцыянэры перад пачаткам Гульняў, здабылі толькі 9 краінаў з 204, якія ў іх удзельнічалі.

Пра выдаткі мэдялёвага плянаваньня для псыхікі спартоўцаў — псыхоляг, кіраўнік менскага «Коўчынг-цэнтра» Міхаіл Дзернакоўскі:
Ведаючы нашых спартоўцаў, хутчэй за ўсё, яны паказалі ўсё, што змаглі

«З аднаго боку, ва ўсім сьвеце ставяць мэты перад спартоўцамі, патрабуюць ад іх вельмі многага, стараюцца, каб яны паказалі максымум магчымага. І гэта абсалютна натуральна. З другога боку, некаторы балянс, акцэнт разуменьня патрэбаў, пэўная структура камунікацыяў, узаемадзеяньня — усё гэта ў нас вельмі часта робіцца, безумоўна, празьмерна жорстка. Часам асоба спартоўца ўвогуле не бярэцца пад увагу. І калі для адных магутны прэсінг — моцны стымулюючы фактар, у іншых выпадках ён, наадварот, пачынае выклікаць падвышаны страх, трывожнасьць, перадстартавую ліхаманку больш высокага ўзроўню, якая можа зьнізіць эфэктыўнасьць выступу спартоўца. То бок, пэўны эмацыйны стан, які зьяўляецца не самым рэсурсным. Але, ведаючы нашых спартоўцаў, хутчэй за ўсё, яны паказалі ўсё, што змаглі. Магчыма, нейкую празьмерную плянку не ўзялі, аднак, думаю, нашы людзі дзесьці разумеюць, што плянка была ўсё ж празьмерна высокай».

Шмат нараканьняў з боку беларускай дэлегацыі было на судзейства, якое нібыта не на карысьць беларусаў. У шэрагу дысцыплінаў — цяжкая атлетыка, бокс, барцоўскія віды — беларусы падавалі пратэсты на судзейскія рашэньні, ніводнае зь якіх, зрэшты, задаволенае не было. Тым часам змагар грэка-рымскага стылю, колішні чалец алімпійскай зборнай Беларусі Націк Багіраў лічыць, што трэба не наракаць на судзейства, а выступаць так, каб не было сумневу ў перавазе над супернікам:
Калі выходзіш змагацца, трэба быць ужо загадзя падрыхтаваным да таго, што ты ня толькі з супернікам змагаесься, але і з судзьдзёй

«Я не магу так адназначна сказаць пра беларускіх спартоўцаў, што іх нібыта засуджвалі, бо ў любым выпадку тэма судзейства была, ёсьць і будзе. Колькі людзей — столькі і меркаваньняў, гэта ж зразумела. Ідэальнага судзейства не бывае. І ўсё роўна будуць незадаволеныя — перадусім я маю на ўвазе тых, хто прайграў. Трэба быць гатовымі да ўсяго. І калі выходзіш змагацца, трэба быць ужо загадзя падрыхтаваным да таго, што ты ня толькі з супернікам змагаесься, але і з судзьдзёй. Гэта, на маю думку, трэнэры павінны проста ўбіваць у галаву выхаванцам. І калі атлет будзе такім чынам настройвацца, то ён адназначна будзе пераможцам, будзе на паўгалавы вышэй за іншых, і ніякі судзьдзя цябе проста ня здолее засудзіць. То бок, ад пачатку трэба быць у такой форме, каб да цябе не было ніякіх прэтэнзіяў. І гэта ж ня толькі барацьбы тычыцца. Прыкладам, у той жа мастацкай гімнастыцы — руку падняла, зрабіла нейкае „па“ адна спартоўка, і ёй за гэта паставілі 9,5 балаў. А другой далі 9,51, але літаральна гэтага было дастаткова, каб яна выйграла. Так што трэба не на судзьдзяў наракаць, а адпаведна рыхтавацца».

Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка ўжо назваў Гульні для беларусаў правальнымі, паабяцаўшы адпаведныя аргвысновы, а кіраўнікі алімпійскай місіі ўсклалі адказнасьць за вынікі, якія лічаць нездавальняючымі, на бязвольнасьць асобных спартоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG