Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алегу Гулаку дазволілі выяжджаць за межы Беларусі


Алег Гулак
Алег Гулак

Кіраўніку праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алегу Гулаку дазволілі выяжджаць з краіны.

«Грамадзянін А.Гулак выключаны са сьпісаў асоб, якім часова забаронены выезд з краіны», — паведаміў Інтэрфаксу начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Бягун кажа, што «прозьвішча А.Гулак у дадзены сьпіс трапіла ў выніку тэхнічнага збою... У базе невыязных каля 100 тыс. прозьвішчаў, у выніку тэхнічнага збою туды трапіла каля 50 прозьвішчаў, у ліку іх і было прозьвішча А.Гулак», — удакладніў супрацоўнік МУС.

1 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску адмовіў у задавальненьні скаргі старшыні БХК Гулака на дзеяньні Міністэрства юстыцыі і МУС, якія забаранілі яму выезд з краіны.

Алег Гулак: «Трэба бараніць свае правы, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі»

Камэнтар старшыні БХК:

«Права на выезд я атрымаў, атрымаў даведку, што ў базе невыязных мяне няма. І пасьля гэтага я выяжджаў і ўжо меў магчымасьць выкладаць у „Школе правоў чалавека“ ў Вільні. З гэтага ўсяго я магу зрабіць выснову, што ўсё ж такі трэба бараніць свае правы, трэба выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, і тады будзе спадзяваньне, што зрухі будуць».


Два дзясяткі невыязных

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў,
грамадзкіх дзеячаў і журналістаў.

Сярод іх:

  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык і сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч


Указам ад 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка даў КДБ права не пускаць за мяжу беларусаў, якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў ворганах дзяржбясьпекі. 19 ліпеня на прафіляктычны ўлік быў пастаўлены Андрэй Бандарэнка.


«Невыязныя» судзяцца


22 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску загадаў Міністэрству ўнутраных спраў выбачыцца перад праваабаронцам Гары Паганяйлам за «памылковае» ўключэньне яго ў сьпіс невыязных.

23 ліпеня Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Сямак не задволіла пазову лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі. Лябедзька патрабаваў прызнаць незаконнымі дзеяньні гэтых ведамстваў і выключыць яго са сьпісу невыязных асобаў.

20 ліпеня судзьдзя Сямак адмовілася задаволіць пазову намесьніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча і кіраўніка інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі да Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў. Яны патрабавалі прызнаць незаконнымі дзеяньні дзяржаўных ведамстваў, якія ўключылі праваабаронцаў у сьпіс невыяздных. Падставай для абмежаваньня на выезд Стэфановіча і Бандарэнкі сталі, нібыта, ухіленьні ад вайсковага прызыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG