Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перадаць лекі ў турму на Акрэсьціна?


Чарга пад дзьвярыма вязьніцы на Акрэсьціна.
Чарга пад дзьвярыма вязьніцы на Акрэсьціна.
Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС мае адпрацаваны мэханізм перадачы лекаў для зьняволеных. Пра гэта «Свабодзе» заявіў намесьнік кіраўніка дэпартамэнту Сяргей Працэнка.

Працэнка: «Ёсьць правілы ўнутранага распарадку, што ўсе мэдыкамэнты даюцца паводле прызначэньня лекара. Іх прызначае турэмны лекар, а калі такога няма, то яго запрашаюць з волі, альбо хворага вывозяць у цывільны шпіталь. І тады, калі ў нас няма такіх лекаў, то іх набываюць і прыносяць сваякі. Калі, да прыкладу, чалавек знаходзіцца ў СІЗА-1, то калі ласка, можаце падыйсьці да дзьвярэй, там напісана, калі і ў колькі прымаюць лекі. Калі ўсе паперы падпісаныя, то сваякі прыходзяць і спакойна перадаюць патрэбныя лекі. Што тычыцца калёніі, то неабходна паслаць іх мэдычнай бандэрольлю альбо перадаць падчас спатканьня. Адміністрацыйна зьняволеныя ў падпарадкаваньне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў не ўваходзяць».

У міліцыі грамадзкай бясьпекі пра парадак перадачы лекаў адміністрацыйна зьняволеным ня кажуць. Прэсавы сакратар Управы ўнутраных спраў Менску Аляксандар Ластоўскі сказаў, што гэтай інфармацыяй не валодае.

Як гэта адбываецца на практыцы, «Свабодзе» распавяла прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка:
Для перадачы лекаў ёсьць шмат умоваў, а якія дакумэнты неабходныя і хто іх вызначае — такой працэдуры няма.

«Існуе толькі пералік рэчаў, якія можна перадаваць, і ў гэтым пераліку, калі не памыляюся, пазначаныя таксама і лекі — пры неабходнасьці, па адмысловым прызначэньні лекара. Гэта значыць, што для перадачы лекаў ёсьць шмат умоваў, а якія дакумэнты неабходныя і хто іх вызначае — такой працэдуры няма. Гэта вырашаецца на практыцы, і праз гэта ўзьнікае шмат праблем. Праблема таксама ў тым, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна вельмі дрэнная мэдычная дапамога ў прынцыпе. Гэта шматразова адзначалі зьняволеныя, і гэта зьвязана з тым, што супрацоўнікі ізалятара не адразу рэагуюць на патрабаваньні і просьбы аб мэдычнай дапамозе. І звычайна там ёсьць толькі мэдсястра, якая не валодае вышэйшай мэдычнай адукацыяй, дакладна ня можа выставіць дыягназ і ня ведае, як людзей лячыць. Акрамя таго, там вельмі малы набор лекаў — асьпірын ці абязбольвальныя, якія праблемы профільных захворваньняў не вырашаюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG