Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажароўскаму далі 10 сутак, Новікавай спрабуюць перадаць лекі


Андрэй Ажароўскі
Андрэй Ажароўскі
Расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі быў асуджаны 18 ліпеня на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Гэта адбылося позна ўвечары, калі працоўны дзень судоў ужо скончыўся і праваабаронцы пакінулі будынак суду.

«Толькі ў 22:30 яго прывезьлі ў турму на Акрэсьціна, далі магчымасьць пазваніць і паведаміць сябрам пра свой лёс. Мы нават дакладна ня ведаем, які раённы суд яго асудзіў. Я думаю, Маскоўскі. Бо расейскае пасольства паведамляла, што Ажароўскі знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС», — паведаміла старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій.

У 2009 годзе Ажароўскага ўжо затрымлівалі і арыштоўвалі ў Беларусі. Але потым ўлады афіцыйна прызналі, што гэта было зроблена незаконна.

Тацяна Новікава
Тацяна Новікава
Таксама ўчора была арыштаваная на 5 сутак эколяг Тацяна Новікава — каардынатар беларускай антыядзернай кампаніі. Пакаранне яна будзе адбываць у ізалятары на Акрэсціна.

Тацяна хранічна хворая, у яе выдалена шчытападобная залоза. Яна фактычна ня можа жыць без пастаяннага прыёму спэцыяльных прэпаратаў.

Сухій: «Я спадзяюся, што ў нас ня будзе перашкодаў для перадачы лекаў Тацяне. Мы сабралі ўсе рэцэпты, выпіскі зь яе гісторыі хваробы. Сёньня раніцай я сустракаюся з адвакатам, каб празь яго перадаць лекі — мяркую, гэтак надзейней. Я нават ня ведаю, ці гаварыла яна ў судзе пра сваю хваробу — яна ня вельмі любіць казаць пра гэта, і магла прамаўчаць».

Актывісты антыядзернай кампаніі зьбіраліся перадаць у амбасаду Расеі ў Менску адкрыты зварот супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС і былі затрыманыя 18 ліпеня адразу па выхадзе са свайго офісу. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Сьведкі — менскія амапаўцы — «сьведчылі», што абвінавачаныя лаяліся матам і размахвалі рукамі.

Учора былі таксама асуджаныя старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій і каардынатар маніторынгавай групы Цэнтру прававой трансфармацыі Міхаіл Мацкевіч. Сухій атрымала штраф у паўтара мільёны рублёў, Мацкевіч — трое сутак арышту.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG