Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды эколягам: Сухій — 15 базавых, Мацкевіч — 3 сутак

абноўлена

Ірына Сухій
Ірына Сухій

Такі вынік судоў над старшынёй грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірынай Сухій і каардынатарам маніторынгавай групы Цэнтру прававой трансфармацыі Міхаілам Мацкевічам.

Абое абвінавачваліся паводле артыкула 17.1. Сьведкі — менскія амапаўцы — «сьведчылі», што абвінавачаныя лаяліся матам і размахвалі рукамі.

Разгляд справы адбыўся ў Цэнтральным судзе.

Сухій і Мацкевіча затрымалі невядомыя на выхадзе з офіса «Зялёная сетка». Раніцай Ірына Сухій паведаміла, што сёньня ў 11:33 ёй прыйшло СМС-паведамленьне пра тое, што іншыя актывісты беларускай антыядзернай кампаніі — каардынатар кампаніі Тацяна Новікава і расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі — знаходзяцца ў УУС Ленінскага раёну Менску.

А 12-й гадзіне Новікава, Ажароўскі і Сухій зьбіраліся перадаць у амбасаду Расеі ў Менску адкрыты зварот супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС. Падпісаньне генкантракту заплянаванае сёньня ў рамках візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Пазьней Сухій даслала журналістам СМС-паведамленьне, што яе таксама затрымалі.

У адкрытым звароце беларускіх эколягаў гаворыцца, што яны пасьлядоўна выступаюць за захаваньне Беларусьсю бязьядзернага статусу, супраць рашэньня аб будаўніцтве беларускай АЭС, прынятага аўтарытарна, без уліку думкі грамадзкасьці і экспэртаў.

Месцазнаходжаньне Тацяны Новікавай і Андрэя Ажароўскага дагэтуль невядомае.
Ірына Сухій: «Мы хацелі аднесьці ў расейскую амбасаду зварот ад „Экадому“, Партыі зялёных і камісіі па грамадзкай экалягічнай экспэртызе. У 11:30 я атрымала эсэмэску, што Ажароўскі і Новікава затрыманыя. Я адправіла факсам гэты зварот і вырашыла пад’ехаць да расейскай амбасады, каб пагаварыць там з журналістамі. Я зрабіла літаральна 10 крокаў у бок сваёй машыны, і мяне затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Яны паказалі нейкія „бэджы“, але былі ў цывільным. Абвінавацілі мяне ў тым, што я гучна крычала, размахвала рукамі і лаялася матам.
Яны нахабна хлусілі, зусім не саромеліся і не баяліся ніякай адказнасьці за дачу ілжывых сьведчаньняў.

У судзе мяне прызналі вінаватай. Паказаньні давалі супрацоўнікі міліцыі. У іх былі яўныя разыходжаньні, што было адзначана адвакатам. Яны нахабна хлусілі, зусім не саромеліся і не баяліся ніякай адказнасьці за дачу ілжывых сьведчаньняў. Судьдзя вынес прысуд па артыкуле 17.1.

А Міхаіл Мацкевіч ня мусіў нават гэты зварот адносіць разам з намі. Ён раней за мяне выйшаў з офісу, каб паехаць у Ленінскі РУУС. Мы думалі, што там Новікава і Ажароўскі. І яго таксама затрымалі, асудзілі да трох сутак арышту і проста з залі суду павезьлі ў турму.

Мы не зьбіраліся ніякага масавага мерапрыемства рабіць. Мы ўжо аднойчы падобны зварот ужо перадавалі і пачуваліся абсалютна спакойна. Няма ніякіх парушэньняў у тым, што зварот перадаецца ў амбасаду».

У звароце, які эколягі адправілі ў расейскую амбасаду, у прыватнасьці гаворыцца пра парушэньні, зь якімі ідзе будаўніцтва беларускай АЭС. Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што «будаўніцтва катлавану вядзецца ня толькі без праекту, прывязанага да мясцовасьці, але і без інфармацыйных стэндаў, іншымі словамі, нелегальна...»

«Пры будаўніцтве катлавану й інфраструктуры для Астравецкай АЭС мясцовыя ўлады ігнаруюць інтарэсы мясцовых жыхароў, ствараюць для іх невыносныя ўмовы», — адзначаецца ў звароце. «Гэтак вёска Шульнікі, якая знаходзіцца менш як за кілямэтар ад катлавану, які будуецца, не плянуецца да адсяленьня. Мясцовыя жыхары ўжо цяпер церпяць вялізныя нязручнасьці — іхныя прысядзібныя ўчасткі засыпаныя пылам і пяском, празь іх вёску вялікагрузныя самазвалы вывозяць грунт, вынуты з катлавану для АЭС. Аднак найбольш мы абураныя жахлівай практыкай мясцовых уладаў у раёне будаўніцтва АЭС — нежылыя хутары, якія маюць сваіх законных уладальнікаў, паляцца, а іх рэшткі закопваюць і засыпаюць грунтам, вынутым з катлавану».

Аўтары звароту патрабуюць «адмяніць падпісаньне генэральнага кантракту аб будаўніцтве беларускай АЭС. У выпадку невыкананаьня нашых патрабаваньняў мы пакідаем за сабою права інфармаваць міжнародныя структуры, такія як ААН і МАГАТЭ, пра вышэйзгаданыя парушэньні, а таксама права ініцыяваць судовыя разьбіральніцтвы, у тым ліку і ў наднацыяльных структурах».

Расея і Беларусь сёньня падпісалі генэральны кантракт на пабудову беларускай АЭС. На будаўніцтва атамнай станцыі Расея выдзяляе Беларусі крэдыт у памеры $10 млрд.

Першы блёк беларускай АЭС плянуюць увесьці ў эксплюатацыю ў 2017 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG