Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нараджэньне сымбалю


Плюшавыя мішкі як сымбаль супраціву
Плюшавыя мішкі як сымбаль супраціву

Гісторыя з палётам швэдаў над Беларусьсю і іх «бамбардзіроўкай» краіны плюшавымі мядзьведзікамі можа мець адно нечаканае, але значнае наступства. Значныя наступствы, як правіла, якраз тыя, якія нечаканыя.

Але сьпярша — крыху гісторыі.

У 1902 годзе прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэльт пашкадаваў на паляваньні мядзьведзя, загнанага паляўнічай камандай з сабакамі і прывязанага да дрэва. Рузвэльта запрасілі адстрэліць здабычу. Ён адмовіўся зрабіць гэта сам, матывуючы тым, што гэта «неспартова», але распарадзіўся мядзьведзя прыстрэліць, каб спыніць яго пакуты. Гісторыя трапіла ў газэтныя карыкатуры, але з часам была адаптаваная па кан’юнктурных меркаваньнях, і мядзьведзь пераўтварыўся ў маленькае сымпатычнае медзьведзяня.

Мядзьведзік, якога не хацеў забіваць Рузвэльт. Карыкатура з 1902 году.
Мядзьведзік, якога не хацеў забіваць Рузвэльт. Карыкатура з 1902 году.

(як у «Вашынгтон пост» ад 16 лістапада 1902 г. вышэй)

Дэталі гісторыі з часам забыліся, засталося галоўнае — Тэдзі (прастамоўная вэрсія імя Рузвэльта) адмовіўся страляць у медзьведзяня. Адна з карыкатураў трапілася на вочы жонцы Морыса Мітчама, уладальніка крамы цацак. Яна і пашыла мядзьведзяня, падобнага на мядзьведзя з карыкатуры. Ён быў усталяваны на вітрыне крамы і названы «Медзведзяня Тэдзі», у гонар прэзыдэнта.

Посьпех цацкі быў аглушальны. Ён стаў своеасаблівым брэндам Теадора Рузвэльта — памяцьцю пра ягоны годны ўчынак, часткова — адлюстраваньнем ягонай мажнай постаці. Хаця і годнасьць была ў пэўным сэнсе спрэчная, ды і характар у Рузвэльта, аўтара выказваньня пра вялікую дубінку, быў далёка ня плюшавы, але склеілася, засацыявалася, сымбалі жывуць сваім жыцьцём.

Ну, а распаўсюд навінкі быў такім, што ў ангельскай мове і няма іншага паняцьця для пазначэньня цацачнага мядзьведзя, акрамя teddybear — тэдзімядзьведзь, у адно слова.

Менавіта так пазначаныя мішкі, якіх швэды скідалі на Беларусь, у іх відэастужцы.

Лягатып дзёрзкай акцыі, якую правялі швэды
Лягатып дзёрзкай акцыі, якую правялі швэды



Сымбалі жывуць сваім жыцьцём. Ужо зьявілася маса жартаў, карыкатур, падколак, анэкдотаў, зьвязаных з мядзьведжым дэсантам. Але ў аснове — ўчынак, які выклікае сымпатыю, эмацыйную атракцыю.

Да таго ж вобраз выдатна ўпісаны ў беларускую культуру. Медзьведзь — зьвер зразумела ня свойскі, але свой, не бегемот нейкі. І хаця ў прыродзе гэтая істота даволі бязьлітасная, ў фальклёры, ў казках — хутчэй станоўчая, добрая і бясхітрасная.

А асацыятыўны шэраг, на якім ўжо пачалі гуляць шматлікія блогеры, фэйсбукеры, твітаране і ўкантактнікі — савецкі алімпійскі Міша, Віні-Пух, папярэдні расейскі прэзыдэнт і безьліч іншых.

І што? Ну ўсяго тое, што швэды скінулі беларусам зь нябёсаў сымбаль іх пратэсту.

На што не пацягнуў прыдуманы ў свой час джынс, усе спробы наконт бульбы, васілька і іншага. Не цягнула, асацыяцыяў малавата, ўчынку за сымбалем не было. Што якому народу патрапіць — гэта таямніца. Але крытэр таго, што патрапіла — менавіта тое, што мы назіраем зараз: вірусны рэклямны распаўсюд сымбалю, кожны спажывец — ён жа і рэкляміст, які нясе пасланьне далей.

У вас, напрыклад, ёсьць сумневы, што ўжо на бліжэйшых маніфэстацыях апазыцыі мядзьведзь зойме больш чым пачэснае месца?

Гэтага мала? Ну як сказаць. Як нехта казаў, паловай посьпеху польскі супраціў 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя быў абавязаны ўдалай назьве — «Салідарнасьць». Дарэчы, італьянскі фашысцкі сымбаль быў таксама дакладным патрапленьнем з букетам асацыятыўных нюансаў — зьвязка прутоў, у адзінстве — сіла, пагроза для ворагаў і адначасна старажытнарымская ліктарская сякера — сымбаль законнасьці. Сымбаль — не гарантыя посьпеху, але амаль усе пасьпяховыя рэвалюцыі такі сымбаль мелі — ружа ў грузінаў, аранж ва ўкраінцаў.

Так што, гаворачы словамі аднаго з самых папулярных інтэрнэт-мэмаў постсавецкай прасторы, «Превед, медвед!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG