Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прапануе ў выбарчыя камісіі «мужных людзей»


Каля трохсот кандыдатаў на ўключэньне ў акруговыя выбарчыя камісіі вылучаць апазыцыйныя партыі ў рамках супольнай кампаніі «За справядлівыя выбары».

Такім чынам ў сярэднім на кожную акругу будзе каля трох кандыдатаў ад апазыцыі. Тэрмін падачы дакумэнтаў завершыцца 6 ліпеня. Рашэньні будуць прымаць абласныя і менскі гарадзкі выканкамы на супольных пасяджэньнях з прэзыдыюмамі адпаведных саветаў.

Адной зь першых сваіх кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі вылучыла Партыя БНФ. На паседжаньні 23 чэрвеня Сойм прапанаваў 61 кандыдата ў акруговыя камісіі, бліжэйшымі днямі дакумэнты на іх вылучэньне будуць перададзеныя ў аблвыканкамы, — паведаміў лідэр партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«У акруговыя выбарчыя камісіі мы вылучылі людзей з досьведам, людзей цьвёрдых, якія не дадуць сябе падмануць, не дадуць усыпіць сваю пільнасьць, якія ў тым выпадку, калі будзе прынятае рашэньне ўладамі аб іх уключэньні ў камісіі, сапраўды будуць адстойваць там інтарэсы партыі і дамагацца таго, каб выбары прайшлі свабодна і празрыста».

Аб’яднаная грамадзянская партыя зьбіраецца вылучаць каля 30 сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі на паседжаньні Палітрады ў бліжэйшы панядзелак, паведаміў намесьнік старшыні АГП Леў Марголін. Ён кажа, што партыя зьбіраецца вылучаць у камісіі «мужных людзей»:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Калі адзін прадстаўнік апазыцыйных сіл сядзіць насупраць 10-12 прадстаўнікоў улады, дзеля таго, каб дакумэнтальна зафіксаваць нейкія парушэньні, неабходная грамадзянская мужнасьць. Мы сутыкаліся час ад часу з тым, што нашыя людзі, сябры нашай партыі такой мужнасьці ў сабе не знаходзілі. Хоць не скажу, што іх шмат было, але некаторыя былі. Таму гэтым разам мы паставілі задачу не гнацца за колькасьцю, але каб мы ведалі, што калі наш чалавек трапіў у акруговую ці ўчастковую камісію, то ён будзе паводзіць сябе прынцыпова, нягледзячы ні на якія ўгаворы ці пагрозы».

Партыя левых Справядлівы сьвет зьбіраецца вылучыць 86 кандыдатаў у акруговыя камісіі, паседжаньне ЦК з гэтай нагоды запаляванае на 1 ліпеня. Лідэр партыі Сяргей Калякін кажа, што гэтае вылучэньне адбываецца ўзгоднена зь іншымі апазыцыйнымі партыямі ў рамках агульнай кампаніі «За справядлівыя выбары»:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Сёньня, я думаю, у цэлым арганізацыі, якія ўваходзяць у кампанію „За справядлівыя выбары“ вылучаць каля 300 чалавек у склад акруговых выбарчых камісій. Хачу прызнаць, што не ва ўсе акругі мы будзем вылучаць, ёсьць шэраг акруг, дзе няма структур палітычных партыяў, там проста немэтазгодна вылучаць. Таму тое, што ў сярэднім на адну акруговую камісію будзе тры кандыдаты ад апазыцыі, гэта безумоўна».

Сяргей Калякін паведаміў, што многія з тых, каго апазыцыя вылучае ў склад акруговых і ўчастковых камісіяў, маюць досьвед такой парцы, а пасьля рашэньняў аб уключэньні ў склад камісіяў, для іх будзе арганізаваны дадатковы трэнінг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG