Прыхільнікі і праціўнікі пагадненьня з Эўразьвязам аб фінансавай дапамозе маюць, паводле апытаньняў, прыкладна роўныя шанцы на перамогу.
Леварадыкальны блёк ΣΥΡΙΖΑ (СЫРЫЗА) ў выпадку сваёй перамогі абяцае скасаваць пагадненьне з Эўразьвязам, якое прадугледжвае жорсткія меры эканоміі ў Грэцыі і паспрабаваць дамовіцца аб новых умовах фінансавай дапамогі для пераадоленьня пазыковага крызісу.
Лідэр правацэнтрысцкай партыі «Новая дэмакратыя», якая выступае за пагадненьне з Эўразьвязам, Антоніс Самарас папярэджвае, што ў гэтым выпадку партнэры па ЭЗ вымусяць Грэцыю пакінуць эўразону і вярнуцца да нацыянальнай валюты — драхмы, што можа прывесьці да катастрафічных наступстваў.
Папярэднія выбары ўсяго 2 месяцы таму завяршыліся патам: ні адна з палітычных сілаў не змагла сфармаваць урад.
Эўрапейскія лідэры перад выбарамі неаднаразова выказваліся за тое, каб Грэцыя заставалася ў эўразоне. Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель у суботу наўпрост заявіла пра важнасьць фармаваньн» ў Грэцыі кабінэту, які будзе строга выконваць умовы пагадненьня з ЭЗ.