Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін спазьніўся амаль на тры гадзіны. Лукашэнка яго чакаў у аэрапорце

абноўлена

Замет 16 гадзін, як было заплянавана графікам, Уладзімер Пуцін прыбыў у Менск а 18:50.

Гэта ягоны першы афіцыйны візыт пасьля абраньня на трэці тэрмін прэзыдэнцтва. Перамовы Пуціна і Лукашэнкі пройдуць у дзяржаўнай рэзыдэнцыі «Заслаўе».

Апрача Лукашэнкі Ўладзімера Пуціна ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» сустракала рота ганаровай варты.

Праз спазьненьне расейскага кіраўніка першы, нефармальны, раунд перамоваў, які меркавалася правесьці ў аэрапорце, быў скасаваны. Пуцін і Лукашэнка селі ў адзін аўтамабіль і накіраваліся ў рэзыдэнцыю «Заслаўе», дзе іх чакаюць афіцыйныя дэлегацыі.

Аляксандар Лукашэнка асабіста прыехаў у Нацыянальны аэрапорт «Менск», каб сустрэць Уладзімера Пуціна.

Праспэкт Незалежнасьці ў Менску за некалькі дзён да прыезду Пуціна завешалі расейскімі сьцягамі, а насупраць парку Чалюскінцаў зьявіўся бігборд зь дзьвюхгаловым арлом і надпісам «Нашы народы адзіныя».

Але пэўнасьці, што Пуцін тут праедзе, няма. Увечары ў чацьвер адразу з аэрапорту ён накіроўваецца ў рэзыдэнцыю «Заслаўе», на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Афіцыйныя беларускія СМІ называюць візыт Пуціна двухдзённым, але фактычна ён не прабудзе тут і сутак — на пятніцу ў яго заплянавана толькі ўскладаньне вянка на плошчы Перамогі і адлёт у Бэрлін, а далей у Парыж.

Афіцыйную эўфарыю з нагоды візыту Пуціна ў Менск палітоляг Аляксей Кароль параўнаў з фэадальнымі парадкамі:

«Гэта нармальны фармат для васала. Ён мусіць пакланіцца сюзэрэну, каб атрымаць ад яго тое, чаго хоча. А чаканьне беларускага боку — гэта перш за ўсё чаканьне фінансавых прэфэрэнцыяў, якія б далі магчымасьць вярнуць пэўны сацыяльны пакет грамадзтву, супакоіць яго і дамагчыся абяцанай стабільнасьці».

Памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ўшакоў перад прыездам Пуціна ў Менск заявіў пра пляны абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам ня толькі фінансавую падтрымку Беларусі, але і прыватызацыю буйных беларускіх прадпрыемстваў расейскімі інвэстарамі, будоўлю Беларускай АЭС, стварэньне холдынгу «Расбелаўта» на базе МАЗа і КАМАЗа.

Пуцін працягне ціснуць на Беларусь з мэтай перадаць яе актывы ў рукі расейскага бізнэсу, перакананы Аляксей Кароль:
Лукашэнка будзе адбівацца як можа, хітрыць і лавіраваць, каб адбіцца ад прыватызацыі

«Прыватызацыя — гэта яшчэ адзін крок, і крок моцны, на прывязку Беларусі ў якасьці васала. Таму Расея цісьне і будзе ціснуць, гэта ўжо відавочна. Лукашэнка будзе адбівацца як можа, хітрыць і лавіраваць, каб адбіцца ад прыватызацыі альбо адцягнуць яе на пэўны тэрмін ці вытаргаваць нейкія ўмовы для сябе».

Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных стасункаў Кірыл Коктыш называе візыт Пуціна ў Менск «транзытным»:

«Гэта прыпынак на шляху ў Нямеччыну і далей. Так што гэта знак, але таксама і транзытны знак, бо Пуцін паедзе далей у Эўропу. Яму патрэбен нейкі прыпынак і нейкае акцэнтаваньне на Эўразійскім зьвязе, тым, што для Пуціна вельмі істотна, бо гэта праграма, на якой ён прыйшоў да ўлады гэтым разам».

Што да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам, то ў гэтым сапраўды зацікаўленыя расейскія бізнэсоўцы, прызнаў спадар Коктыш. Але ён прагназуе, што зрухаў тут будзе няшмат — будуць чаканьне і манэўры з абодвух бакоў.

На пытаньне, ці прывязе Пуцін грошы, дадатковую фінансавую падтрымку Менску, спадар Коктыш адказаў:

«Не. Усе грошы, якія Расея жадала даць Беларусі, яна заплаціла ў лістападзе мінулага году, калі быў выдзелены крэдыт на будоўлю АЭС, калі была выкупленая другая палова акцыяў „Белтрансгазу“, калі былі дадзеныя ільготныя цэны на газ. І новых падарункаў пакуль чакаць не выпадае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG