Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як апазыцыя ў Азэрбайджане выкарыстала Эўрабачаньне


Затрыманьне актывістаў апазыцыі падчас конкурсу Эўрабачаньня ў Баку
Затрыманьне актывістаў апазыцыі падчас конкурсу Эўрабачаньня ў Баку

Пераможца чарговага конкурсу Эўрабачаньня, швэдзкая сьпявачка Лярэн зрабіла на прэс-канфэрэнцыі ў Баку заяву, якая ўладамі гэтай краіны інтэрпрэтавалася як палітычная. Пра сытуацыю ў краіне і яе рэха на Эўрабачаньні — гутарка зь Зіем Маджыдзі, супрацоўнікам азэрбайджанскай службы радыё «Свабода».

Абламейка: Што менавіта сказала Лярэн, і як гэта было ўспрынята афіцыйнымі коламі і азэрбайджанскім грамадзтвам?

Маджыдзі: Яе заява была інтэрпрэтаваная як палітычная, хаця яна нічога палітычнага не выказвала. Перад пачаткам другога паўфіналу яе запрасілі на вечар, арганізаваны амбасадай Швэцыі ў Азэрбайджане, дзе, як паведамляе праўрадавая прэса, пасол Швэцыі нібыта змушаў яе зрабіць палітычныя заявы ў часе другога паўфіналу, а таксама фіналу, калі яна туды патрапіць. На што праўрадавая прэса рэагавала, як на ўмяшаньне ва ўнутраныя справы. На той сустрэчы прысутнічалі і лідэры апазыцыі. Яны размаўлялі зь Лярэн, выказвалі свой погляд на сытуацыю з правамі чалавека, са свабодамі ў краіне. Але нічога такога Лярэн потым ня выказала. Ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што пасол быў выкліканы ў МЗС Азэрбайджану, дзе яму была зробленая заўвага.

Пасьля другога паўфіналу Лярэн прысутнічала на агульнай прэс-канфэрэнцыі, дзе прадстаўніца агенцтва Ройтэрз запыталася пра яе ўражаньні ад сустрэчы з апазыцыяй. Гэтае пытаньне ў жывым эфіры грамадзкага тэлеканалу было перакладзена цалкам неадпаведна: «Лярэн, вы выйшлі ў фінал, якія вашы ўражаньні ад выступу на гэтым конкурсе?» Зразумела, што многія ў Азэрбайджане ведаюць ангельскую мову. Лярэн адказала па-філязофску. Яна сказала: «Ува мне дзьве Лярэн: гэта прафэсійны бок і мае асабістыя перажываньні. Цяпер мы на конкурсе, і тут я выступаю як прафэсіянал. А асабістыя ўражаньні я выкажу ў іншым месцы.» Гэта было расцэнена так: Лярэн зразумела, пра што ідзецца, яна хоча данесьці сваю думку, але тут ня месца для гэтага.

Пасьля фіналу на прэс-канфэрэнцыі Лярэн задалі такое ж пытаньне, але не пра апазыцыю, а пра прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Лярэн сустракалася з прадстаўнікамі кампаніі «Сьпявай дзеля дэмакратыі», гэтую кампанію праводзілі паралельна з падрыхтоўкай да Эўрабачаньня ў Баку, і мэтай яе было прыцягнуць увагу ўсясьветнай супольнасьці да іншых праблем краіны. І Лярэн была запрошаная на фотавыставу, якая адлюстроўвала парушэньне правоў чалавека. Пасьля гэтай фотавыставы яна дала інтэрвію швэдзкаму грамадзкаму тэлеканалу, яно выстаўленае ў інтэрнэце, дзе яна кажа: так, тое, што я бачыла, ідзе ўразрэз з тым, што мне паказваюць: гэта павінен быць ня толькі стары горад, дзе ўсё цудоўна зроблена да пачатку конкурсу. Так, я бачу, што ёсьць парушэньні, і гэта вельмі сумна.

Зь ёй таксама зьвязаны невялічкі скандал да пачатку конкурсу, калі яе разам з дэлегацыяй не выпускалі з аўтобусу тры гадзіны, каб яны прайшлі ў Эўраклюб, арганізаваны для конкурсу, потым гвалтоўна з гэтага клюбу вывелі, каб яны глядзелі салют у гонар гэтага конкурсу.

Абламейка: Швэцыя стала адзін парушальнікам спакою на конкурсе Эўрабачаньня ў Баку? Ці яшчэ нехта з выканаўцаў ці краінаў неяк абазначыў сваю пазыцыю адносна таго, што дзеецца ў вашай краіне?

Маджыдзі: Здарыўся яшчэ адзін канфуз, які таксама быў інтэрпрэтаваны. У часе абвяшчэньня вынікаў, калі надышла чарга нямецкага грамадзкага тэлеканалу, яе прадстаўнікі сказалі ў эфіры прыкладна наступнае: краіны ня могуць галасаваць за сваіх удзельнікаў, і гэта добра, бо перад вамі ўжо паўстае сапраўдная свабода выбару, і гэтым трэба карыстацца. І вы, Азэрбайджан, гэтымі крокамі пачынаеце сваю эўраінтэграцыю: Эўропа сочыць за вамі. Гэта таксама было ўспрынята як палітычная заява.

Лярэн
Лярэн
Абламейка: Як азэрбайджанская апазыцыя плянавала выкарыстаць конкурс Эўрабачаньня, і як ёй ўдалося ажыцьцявіць свае пляны?

Маджыдзі: Апрэч кампаніі «Сьпявай дзеля дэмакратыі», былі спробы пікетаў апазыцыі, якая «пагражала» выкарыстаць конкурс, каб прыцягнуць увагу замежных журналістаў да праблем правоў чалавека. Гэта атрымалася, бо многія СМІ ўсясьветнага значэньня асьвяцілі праблемы, і ўлады ня здолелі перакрыць гэтыя каналы. Але здолелі пры дапамозе паліцыі спыніць спробы масавых акцыяў: нават спынілі спробу звычайнага шпацыру па Прыморскім бульвары, і нават пры разгоне запіхнулі ў паліцэйскую машыну журналіста, на якім была камізэлька з надпісам Прэса.

Абламейка: На заканчэньне нашай гутаркі, Зія, раскажыце, калі ласка, коратка пра актуальную сытуацыю з правамі чалавека ў вашай краіне. Колькі ў Азэрбайджане палітвязьняў, у якім стане знаходзіцца апазыцыя?

Маджыдзі: Многія міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што ў Азэрбайджане цяпер 12 вязьняў сумленьня. Сярод іх і журналісты, і апазыцыянэры, якіх абвінавачваюць нібыта па крымінальных артыкулах. У якасьці доказу ўлады прыводзяць нейкія відэаматэрыялы, якім большасьць насельніцтва схільная верыць, хаця там можа ня быць бачна твараў. Зь іншага боку, апазыцыя заяўляе пра адсутнасьць свабод, парушэньне правоў на нерухомасьць, калі дзеля Эўрабачаньня высяляліся людзі з тэрыторый, якія былі потым выкарыстаныя ўладамі. А ўлады апэруюць лічбамі эканамічных посьпехаў Азэрбайджану.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG