Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маладафронтаўцаў затрымліваюць, бо яны нешта робяць»


Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Актывісты «Маладога фронту» апошнім часам масава церпяць ад перасьледу ўлады, толькі сёлета яны адбылі больш за 350 дзён арышту. Чаму ўлады канцэнтруюць сваю рэпрэсіўную актыўнасьць менавіта на «Маладым фронце»? Чаму яны абралі тактыку адміністратыўных зьняволеньняў нібыта за дробнае хуліганства? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец.

— Дзеяньні праваахоўных органаў апошнімі тыднямі выглядаюць вельмі мэтадычнымі: моладзевых актывістаў хапаюць і бяз дай прычыны (то бок часта бяз сувязі зь нейкімі канкрэтнымі апазыцыйнымі акцыямі) саджаюць на 15 сутак. Здаецца, гэта стала вызначанай тактыкай — не заводзіць крымінальных спраў, але пэрыядычна саджаць на суткі. Чаго дабіваюцца ўлады?

— Я маю дзьве вэрсіі. Першая — больш лякальная. Магчыма, гэтыя дзеяньні — проста помста за яркую, эмацыйную акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка, калі маладафронтаўцы выйшлі зь вельмі сьмелымі, дзёрзкімі плякатамі. Тады іх ніхто не арыштоўваў — магчыма, была ня тая каньюнктура. А зараз успомнілі, прыйшоў час.

Другая вэрсія — магчыма, новаму міністру ўнутраных спраў проста была дадзеная каманда нарэшце разабрацца з «Маладым фронтам». Магчыма, прымусіць да таго, каб МФ увогуле распусьціўся, сышоў з палітычнай арэны, бо гэтыя хлопцы і дзяўчаты шмат ужо праблемаў прынесьлі ўладам сваімі акцыямі.

— Апазыцыйных структураў у Беларусі шмат, але рэпрэсіўная машына апошнімі тыднямі дзейнічае пераважна супраць моладзевых актывістаў. Чаму так адбываецца? Ці ўлады лічаць, што за моладзь няма каму заступіцца, у адрозьненьні ад статусных палітыкаў?

— Проста моладзь — гэта адны зь нямногіх, хто сёньня хоць штосьці робяць. Хаця б нейкія дробныя, лякальныя акцыі. Але партыйная апазыцыя ўвогуле знаходзіцца пакуль у стане «летаргічнага сну».

Што да МФ, то нават на Плошчы іх найбольш затрымалі, і крымінальных спраў было заведзена 3 ці 4 супраць актывістаў «Маладога фронту», якія нават не ўваходзілі ў штабы кандыдатаў. Таму цяпер іх затрымліваюць не таму менавіта, што гэта «Малады фронт», а таму, што яны нешта робяць. Калі б нешта рабілі актывісты АГП ці БНФ, то затрымлівалі б актывістаў гэтых партыяў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG