Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеяньні міліцыі адносна моладзевых актывістаў — чысты крымінал»


Актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Моўчан зьбіты супрацоўнікамі менскай міліцыі за бел-чырвона-белы сьцяг і са шматлікімі траўмамі зьмешчаны ў шпіталь. За вулічныя акцыі і ва ўласных кватэрах неаднаразова былі зьбітыя шэраг актывістаў «Маладога фронту». У Калінкавічах міліцыя зьбіла юнака ў гарадзкім парку падчас сьвята 1 траўня.

17-гадовы Аляксандар Рудзеня з Калінкавічаў быў зьбіты ўдзень на вачах у многіх людзей, калі прагульваўся ў сьвяточны дзень у гарадзкім парку разам са сваімі сябрамі. Пра інцыдэнт шырока вядома стала толькі таму, што ягоныя сябры зьмясьцілі ў інтэрнэце відэазапіс, як хлопца зьбіваюць супрацоўнікі міліцыі. Як гэта адбывалася, распавядае маці юнака Аксана Рудзеня:
Дзеці разгубленыя, бо нічога супрацьпраўнага не рабілі, а да іх такое стаўленьне.

«Мой сын пайшоў на сьвята, сустрэўся зь сябрамі і дзяўчынай і ішоў па парку. Там здарыўся інцыдэнт зь іншым хлопцам, якога скруціла міліцыя, а затым і майго сына таксама. Яны гэтак яго затрымлівалі, што ён страціў прытомнасьць і ледзь не захлынуўся ўласнай крывёю. Міліцыя не давала нікому да яго наблізіцца, выбівалі з рук бутэлькі з вадой, і толькі з чацьвёртай спробы людзі выклікалі хуткую. Хуткая прыехала, выцерлі яго нашатырным сьпіртам, і толькі тады ён прыйшоў у прытомнасьць. Крычаў ад болю, казаў, што ў яго ўсё баліць. Гэта здымалі вельмі многія людзі, амаль увесь горад. І зараз міліцыя шукае, хто выставіў гэтае відэа ў інтэрнэт. Выклікаюць дзяцей, кажуць, што іх могуць аштрафаваць ці на ўлік паставіць. Дзеці разгубленыя, бо нічога супрацьпраўнага не рабілі, а да іх такое стаўленьне».

Зьбіцьцё супрацоўнікамі міліцыі палітычных моладзевых актывістаў — амаль абавязковы складнік іх затрыманьня падчас вулічных акцыяў і нават ва ўласных кватэрах. Так былі зьбітыя сябры «Маладога фронту» Зьміцер Крамянецкі і Міхась Мускі, калі спрабавалі разьмясьціць улёткі ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў вагоне мэтро. Пра іншыя выпадкі кажа актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая:

«Калі забралі нашых хлопцаў — Паўла Сяргея, Уладзімера Яроменка, Міколу Дземідзенку, Зьмітра Крамянецкага і Рамана Васільева — з кватэры, то іх пры гэтым зьбівалі. Міліцыянты адамкнулі сваімі ключамі дзьверы ў кватэру, уварваліся, усіх паклалі тварам да падлогі і пасьля гэтага забралі на суткі. Таксама вядомая сытуацыя зь непаўналетнім Раманам Пратасевічам, якога зьбілі пры спробе вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг. І мы бачым, што апошнім часам такая практыка выкарыстоўваецца надзвычай часта. Думаю, што гэткім чынам грамадзтва тэстуецца на салідарнасьць. Да прыкладу, ці бясьпечна заводзіць нейкую крымінальную справу, скажам, на той жа «Малады фронт».

Юрыст і праваабаронца Алег Воўчак заяўляе, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі адносна моладзевых актывістаў утрымліваюць у сабе складнік крымінальнага злачынства, і рэагаваць на гэтыя факты павінны ня толькі вышэйшыя ўлады, але і аб’яднаная апазыцыя:
Мы ня можам браць зброю ці камяні і ісьці праломліваць галовы гэтым міліцыянтам. Таму мы можам дзейнічаць законнымі сродкамі: здымаць пабоі і пісаць у пракуратуру.

«Я проста шакаваны, бо такіх нахабных і цынічных паводзінаў з боку АМАПу, міліцыі і іншых сілавых структураў раней усё ж не было. Гэта сьведчыць пра тое, што нэрвы ва ўлады ўсё ж здаюць. Магчыма, будзе пагаршацца сацыяльнае становішча людзей, а таму ў іх задача: любы рух моладзі — а перасьлед ідзе перадусім актыўнай моладзі, — любыя пратэсты здушыць. Натуральна, гэтаму неабходна супрацьстаяць. Мы ня можам браць зброю ці камяні і ісьці праломліваць галовы гэтым міліцыянтам. Таму мы можам дзейнічаць законнымі сродкамі: здымаць пабоі і пісаць у пракуратуру. Бо гэта чыстай вады крымінал — нават ня дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, а крымінал. І гэта яскравы паказчык да чэмпіянату сьвету па хакеі пра тое, у якой краіне ён будзе праходзіць. Магчыма, цяперашнія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі зьвязаныя з пазыцыяй новага міністра МУС. Таксама было б важна і слушна, каб прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў таксама выказалі сваю пазыцыю і зьвярнуліся з адпаведным лістом у пракуратуру».

У апошнія гады гвалт сілавых структураў над грамадзянамі — ня рэдкасьць. Масавае зьбіцьцё і затрыманьне людзей адбылося ў горадзе Крупкі, калі супрацоўнікі спэцслужбаў захапілі гарадзкую дыскатэку з моладзьдзю. Штурмам быў узяты дом сьвятара ў загарадным завулку ў Менску, калі там маліліся група вернікаў-пратэстантаў. Шырока вядомым стаўся факт калецтва студэнткі адной зь менскіх ВНУ Маі Абромчык, якой спэцназавец раструшчыў нагу на плошчы Незалежнасьці ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Раней рукамі АМАПаўца была зьбітая Сьвятлана Завадзкая — жонка зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага. Ніводнага разу супрацоўнікаў спэцслужбаў не прыцягнулі да адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG