Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куляшоў звольнены. Новы кіраўнік МУС дапытваў палітвязьняў у турме КДБ


Анатоль Куляшоў. Ігар Шункевіч
Анатоль Куляшоў. Ігар Шункевіч

Аляксандар Лукашэнка 11 траўня сваім указам вызваліў генэрал-лейтэнанта міліцыі Анатоля Куляшова ад пасады міністра ўнутраных спраў Беларусі з залічэньнем яго ў распараджэньне МУС, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.

Там таксама паінфармавалі, што ў пятніцу А.Лукашэнка прызначыў палкоўніка міліцыі Ігара Шуневіча міністрам унутраных спраў, вызваліўшы яго ад пасады першага намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальніка крымінальнай міліцыі.

Шуневіч нарадзіўся ў 1967 годзе ва Ўкраіне (Луганская вобласьць). У 1992 годзе скончыў Акадэмію міліцыі МУС Беларусі, служыў на розных пасадах у сыстэме органаў унутраных спраў рэспублікі. У 2007–2012 гадах працаваў у КДБ Беларусі, дзе ўзначальваў сьледчае ўпраўленьне, а затым — галоўнае ўпраўленьне па контравыведным забесьпячэньні праваахоўных і кантрольных органаў, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю. У студзені 2012 году Шуневіч быў прызначаны першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнікам крымінальнай міліцыі.

Ігар Шуневіч дапытваў палітвязьняў у турме КДБ пасьля арышту 19 сьнежня 2010 году.

Варта нагадаць, што Куляшоў уваходзіць у сьпіс невыязных у краіны Эўразьвязу. Аднак сёлета ў студзені Анатоль Куляшоў наведаў Францыю. Віза была выдадзена на просьбу Інтэрполу. Тады адвакат Вільям Бурдон падаў у францускі суд пазоў да міністра Куляшова, каб француская паліцыя неадкладна яго арыштавала. Міністра ўратавалі дыппашпарт і тая акалічнасьць, што ў Францыі ён быў на запрашэньне міжнароднай структуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG