Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Беларусь у ліку 5 найгоршых ворагаў свабоды прэсы


У адной траціне краінаў на зямлі СМІ вольныя і незалежныя. Гэтак сьцьвярджае сёлетні штогадовы даклад арганізацыі Freedom House.

У дакладзе «Свабода прэсы 2012: Глябальны агляд незалежнасьці СМІ» адзначаецца, што зь ліку 197 краінаў і тэрыторый, у якіх вывучалася свабода выказваньняў, 66 (33,5%) належыць да катэгорыі «свабодных», 72 (36,5%) да катэгорыі «часткова свабодных» і 59 (30%) да катэгорыі «несвабодных».

Беларусь у гэтым рэйтынгу традыцыйна фігуруе сярод краінаў, дзе стан свабоды СМІ найгоршы — яна клясыфікаваная на 193-м месцы з агульнага ліку 197 краінаў і тэрыторый. Горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, толькі ў Эрытрэі, Узбэкістане, Туркмэністане і Паўночнай Карэі.

Пра гэтыя краіны, названыя ў дакладзе «найгоршымі з найгоршых», аналітыкі Freedom House адзначылі:

«Восем найгоршых краін рэйтынгу, якія атрымалі балы ў прамежку ад 90 да 100, гэта Беларусь, Куба, Экватарыяльная Гвінэя, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Туркмэністан і Узбэкістан. У гэтых дзяржавах незалежныя СМІ альбо не існуюць альбо ледзь могуць дзейнічаць, прэса зьяўляецца рупарам рэжыму, доступ грамадзян да аб’ектыўнай інфармацыі строга абмежаваны, а іншадумства здушанае пры дапамозе турмаў, катаваньняў і іншых формаў рэпрэсій».

З постсавецкіх краінаў у склад «свабодных» патрапілі Эстонія (22-е месца), Літва і Латвія; у ліку «часткова свабодных» — Грузія, Малдова і Ўкраіна. Армэнія, Кіргізстан, Таджыкістан, Азэрбайджан, Расея, Казахстан — як і раней згаданыя Беларусь, Узбэкістан і Туркмэністан — у ліку «несвабодных».

Крыстафэр Ўокер, намесьнік дырэктара Freedom House у пытаньнях стратэгіі і аналізу, камэнтуючы сытуацыю са СМІ ў Беларусі, сказаў нашаму радыё:

«Калі больш за тры чвэрці ці нават 80% насельніцтва атрымлівае навіны і інфармацыю з тэлевізіі, дык гэта сапраўды цяжкая праблема для альтэрнатыўных СМІ ― перш за ўсё, для інтэрнэт-СМІ ― каб стварыць альтэрнатыву для мэдыяльнай гегемоніі ў такой краіне, як Беларусь».

Пра незалежную прэсу ў Беларусі Крыстафэр Ўокер адзначыў:

«Перад друкаванымі СМІ стаяць велізарныя выклікі, што тычыцца як магчымасьцяў друку газэтаў ― адзіных незалежных СМІ ў краіне ― так і спосабаў іх распаўсюджваньня. У значнай ступені ўладам у Беларусі ўдалося маргіналізаваць друкаваныя СМІ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG