Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іркуцкіх беларусаў абвінавачваюць у экстрэмізме


Алег Рудакоў
Алег Рудакоў

Расейскія праваахоўныя органы ў Іркуцку распачалі супраць 26-гадовага тамтэйшага беларуса Аляксея Кухты справу аб экстрэмізме. Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу «Узбуджэньне нянавісьці альбо варожасьці, а таксама зьнявага чалавечай годнасьці».

Аляксей Кухта — актывіст маладзёвага клюбу «Крывічы», які дзейнічае пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Паводле інфармацыі расейскіх праваахоўных органаў, ён выкладваў «экстрэмісцкія фатаграфіі і відэа» на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Падчас ператрусу ў ягонай кватэры былі знойдзеныя «нашыўкі з нацысцкай сымболікай і літаратура экстрэмісцкага зьместу».

У сувязі з справай аб «беларускім экстрэмізме» сёньня — ужо другі раз на працягу тыдня — быў праведзены ператрус у офісе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і на кватэры яго старшыні Алега Рудакова. У кватэры Рудакова былі канфіскаваныя асабістыя кампутары яго і яго прыёмнай дачкі.

Старэйшы памочнік кіраўніка Сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Іркуцкай вобласьці Ўладзімір Салавараў паведаміў, што падчас ператрусу ў таварыстве «былі канфіскаваныя матэрыялы экстрэмісцкага зьместу, выявы лідэраў беларускіх нацыяналістаў, якія ваявалі на баку Нямеччыны супраць савецкіх войскаў».

Алег Рудакоў патлумачыў Радыё Свабода, што зь беларускіх матэрыялаў былі канфіскаваныя каляндарыкі з выявамі заснавальнікаў БНР і незалежніцкіх дзеячоў, у тым ліку Васіля Быкава.

Паводле Салаварова, Аляксей Кухта цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ягоная старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» заблякаваная за парушэньні правілаў сайту. Заблякаваны таксама блог «Крывічоў» у Жывым Журнале.

Камэнтуючы сытуацыю для Радыё Свабода, Алег Рудакоў зазначыў:

«Наша Іркуцкае таварыства беларускай культуры і маладзёвы клюб „Крывічы“ вядуць культурна-асьветніцкую працу. Мы не займаемся палітыкай, тым больш экстрэмізмам. У нас толькі навуковая, асьветніцкая, грамадзкая дзейнасьць. У нас ёсьць фальклёрныя гурты, сэкцыі па рамёствах, сэкцыі бытавога танцу і г. д. Тое, што сярод нас знайшоўся хлопец, які там штосьці разьмясьціў на сваіх старонках — гэта ягоная ініцыятыва і асабістая справа. Але сьледчаму камітэту аднаго чалавека мала — ім патрэбная цэлая арганізацыя, каб разьдзьмуць з мухі слана і зарабіць нейкі капітал».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG